Расію абурыла заява Васілевіча аб затрыманых расійцах

2011 2011-01-28T13:36:22+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Расія са здзіўленнем і неразуменнем успрыняла заяву генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з нагоды арыштаваных у Мінску расійскіх грамадзян Арцёма Брэўса і Ігара Гапонава. Пра гэта 28 студзеня паведаміў дарадца пасольства Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў. 

Расійскі бок здзівіла заява генпракурора аб тым, што факт удзелу расійцаў у масавых беспарадках следству яшчэ трэба высветліць. Здзіўленне выклікала таксама заява аб тым, што паўза ў расследаванні справы расійскіх грамадзян выклікана вялікай колькасцю затрыманых.

"Расійскія грамадзяне ўтрымліваюцца ў беларускай турме ўжо месяц, прычым, без прад'яўлення ім якіх-небудзь доказаў іх віны. А тое, што такіх доказаў у беларускіх праваахоўных органаў на дадзены момант няма, пацвердзіла чарговая сустрэча супрацоўнікаў расійскай консульскай службы з арыштаванымі суайчыннікамі, якая адбылася напярэдадні", - паведаміў дыпламат.

Паводле яго слоў, аднаго з затрыманых расійцаў Арцёма Брэўса днямі наведваў прадстаўнік беларускай следчай групы. "У ходзе гэтай размовы ў віну расійскаму грамадзяніну спрабавалі паставіць тое, што затрыманыя па справе аб масавых беспарадках некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі ў сваіх паказаннях нібыта заяўляюць, што ведаюць Брэўса, які, у сваю чаргу, цалкам адмаўляе якія-небудзь асабістыя сувязі з імі", - распавёў Вадзім Гусеў.

Амбасада Расіі просіць змяніць меру стрымання ў дачыненні да затрыманых расійцаў

Расійскі бок таксама здзіўляе пазіцыя некаторых беларускіх дзяржаўных органаў у дачыненні да справы арыштаваных расійцаў. Так, па словах Вадзіма Гусева, амбасада так і не атрымала ад Генпракуратуры Беларусі афіцыйнага адказу на свой запыт ад 14 студзеня адносна падстаў і матываў адміністрацыйнага арышту расійцаў. "Пры гэтым незразумела, чаму расійскія грамадзяне да гэтага часу бяздоказна пакутуюць ў турме, у той час як некаторым экс-кандыдатам у прэзідэнты мера стрымання зменена на падпіску аб нявыездзе", - падкрэсліў дарадца пасольства.

Дыпламат таксама адзначыў, што ў якасці першага кроку да поўнага вызвалення расійцаў праваахоўныя органы Беларусі маглі б змяніць меру стрымання. У прыватнасці, адвакат Арцёма Брэўса ўжо падаў у следчыя органы хадайніцтва аб змене свайму падабароннаму меры стрымання з утрымання пад вартай на хатні арышт.

Акрамя таго, насуперак дзейнай расійска-беларускай консульскай Канвенцыі, пасольства Расіі з вялікай затрымкай атрымала з Мінгарвыканкама апавяшчэнне аб прымяненні да расійцаў меры стрымання ў выглядзе зняволення пад варту. Між тым абвінавачванне расійцам прад'явілі яшчэ 5 студзеня, перадаюць "Весці".

Амбасада Расіі разлічвае на хуткае вызваленне расійцаў

"Амбасада разлічвае на больш хуткае вызваленне расійскіх грамадзян у сувязі з адсутнасцю ў следства якіх-небудзь доказаў па прад'яўленых ім абвінавачваннях у здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў", - заявіў Вадзім Гусеў.

Як раней паведамляў Тэлеграф, грамадзяне Расіі Арцём Брэўс і Іван Гапон былі затрыманыя падчас масавых дэманстрацыяў 19 снежня ў Мінску. 5 студзеня ім прад'явілі абвінавачванне ў рамках крымінальнай справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў. Акрамя таго, беларускія ўлады пачалі працэдуру анулявання віду на жыхарства ў Беларусі ў дачыненні да аднаго з двух расійцаў.

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч 24 студзеня заявіў, што перш, чым накіраваць у суд матэрыялы крымінальнай справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, пракуратура праверыць захаванне законнасці на стадыі расследавання.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international