Менскіх адвакатаў «трасе» Мін’юст

2011 2011-01-24T08:05:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міністэрства юстыцыі праводзіць праверку кансультацый Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Назіральнікі не выключаюць, што праверка зьвязана з паводзінамі адвакатаў, якія абараняюць арыштаваных у справе 19 сьнежня.

У некаторых раённых кансультацыях адвакатаў праверку называюць тэхнічнай. Так гэта ці не? У Менскай калегіі адвакатаў прычыны праверкі не камэнтуюць.

Назіральнікі згадваюць, што нядаўна Мін’юст наракаў на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы пра падзеі 19 сьнежня. Маўляў, адвакаты ня мусяць у сваіх камэнтарах раскрываць матэрыялы справы.

Адносна менскага адваката Паўла Сапелкі міністэрства нават прапанавала прыняць захады дысцыплінарнага характару. Аднак прэзыдыюм Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў ня стаў выключаць Сапелку са свайго складу, а таксама не прыняў ніякіх карных мераў супраць іншых абаронцаў. І тады да адвакатаў прыйшлі правяраючыя зь Мін’юсту. Павал Сапелка ўсё ж мяркуе, што адно з другім не зьвязана.

«Гэта ніяк не зьвязана з маім пытаньнем. Пакуль. Ва ўсялякім разе мне пакуль так падаецца».

Адвакат Павал Сапелка абараняе былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Пасьля марных спробаў сустрэцца са сваім падаабаронным ў ізалятары КДБ Павал Сапелка напісаў некалькі скаргаў і публічна запатрабаваў ад сьледзтва забясьпечыць яму выкананьне ягоных правоў на абарону. Гэтага ж дамагаецца адвакат Тамара Сідарэнка, якая з канца мінулага году ня можа трапіць на сустрэчу са сваім падабаронным Уладзімерам Някляевым і напісала ўжо некалькі скаргаў:

 

«Ніякіх пакуль захадаў не прымаюць. Толькі вось Мін’юст не пасьпявае пісаць на нас паперы, што мы, маўляў, ня тое кажам. А вось каб забясьпечыць выкананьне нашых правоў…»

Адносна праверкі Мін’юсту Тамара Сідарэнка кажа: «Канечне, яны ў любы момант маюць права правяраць адвакатаў, а з чым гэта зьвязана, нам ня кажуць».

На мінулым тыдні Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў дакумэнты ў ААН пра ціск на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Празь нейкі час Мін’юст вынес БХК папярэджаньне.

Былы адвакат, вядомы праваабаронца з БХК Гары Паганяйла, мяркуе, што цяперашняя праверка раённых кансультацый Менскай калегіі адвакатаў зьвязаная менавіта з рэакцыяй адвакатаў на ціск з боку дзяржавы.

«Справа вось у чым. З 1 студзеня ўступіў у дзеяньне новы нарматыў аб ліцэнзаваньні. У тым ліку і адвакацкай дзейнасьці. І зараз орган, які дае ліцэнзію, можа і сам, бяз органа адвакацкага самакіраваньня, гэтую ліцэнзію прыпыніць альбо нават адабраць. І хаця гэтыя дзеяньні Мін’юсту можна абскардзіць у судзе, але пры залежнасьці судоў ад улады, у тым ліку ад Мін’юсту, чакаць законных рашэньняў ад судоў не даводзіцца».

Гары Паганяйла нагадаў пра адваката Міхаіла Воўчака, на якога завялі крымінальную справу за дзеяньні, зьвязаныя з абаронай кліента. Паводле правабаронцы, гэта яшчэ адзін відавочны прыклад ціску дзяржавы на абаронцаў у Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international