БАЖ патрабуе спыніць рэпрэсіі і неадкладна вызваліць журналістаў

2011 2011-01-14T21:13:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baj-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

                                                                                         14 студзеня 2010 года

Рада ГА «БАЖ» выказвае рашучы пратэст у сувязі з масавымі парушэннямі правоў журналістаў і СМІ на працягу апошняга месяца, пачынаючы з 19 снежня 2010 года. Пераследы за свабоднае выказванне меркавання і гвалтоўнае ўмяшальніцтва ў рэдакцыйную дзейнасць некаторых выданняў працягваюцца і цяпер.

Парушэнні прафесійных правоў журналістаў адбыліся, нягледзячы на звароты арганізацыі да Генеральнага пракурора і кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі з заклікам забяспечыць законнасць у дачыненні да нашых калегаў.

Як мінімум, 27 журналістаў былі затрыманыя, больш за 20 журналістаў пацярпелі ад гвалтоўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, 10 журналістаў былі асуджаныя і прыцягнутыя да адміністратыўнага арышту на тэрмін ад 10 да 15 сутак. Шасцёра журналістаў і сябраў ГА «БАЖ» знаходзяцца пад вартай паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх (арт. 293 Крымінальнага Кодекса РБ «Масавыя беспарадкі»). За кратамі ўтрымоўваюцца журналістка «Новой газеты» (Расія) Ірына Халіп, рэдактар сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна, публіцыст Аляксандр Фядута, рэдактар газеты «Товарищ», сябра Праўлення ГА «БАЖ» Сяргей Вазняк; сябра Рады ГА «БАЖ» Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка. Ім пагражае пакаранне да 15 год зняволення.

Па ўсёй краіне ў кватэрах журналістаў і на офісах рэдакцый праводзяцца вобшукі, вымаецца тэхніка, неабходная для ажыццяўлення прафесійнай журналісцкай дзейнасці, супрацоўнікаў незалежных СМІ выклікаюць на допыты.

Выманне носьбітаў інфармацыі і абсталявання журналістаў сведчыць пра спробы уладаў абмежаваць распаўсюд аб’ектыўнай інфармацыі аб падзеях 19 снежня 2010 года і наступных дзён. Усё гэта суправаджаецца прапагандысцкай кампаніяй па дыскрэдытацыі асобаў, затрыманых падчас прэзідэнцкіх выбараў і па іх заканчэнні, якая разгортваецца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі з парушэннем заканадаўства аб СМІ, прэзумпцыі невінаватасці і прынцыпаў прафесійнай этыкі.

Рада ГА «БАЖ» патрабуе:

1. Неадкладна вызваліць сябраў ГА «БАЖ», якія ўтрымліваюцца пад вартай.

2. Тэрмінова вярнуць журналістам і СМІ абсталяванне і носьбіты інфармацыі, забраныя падчас вобшукаў.

3. Спыніць пераслед за выказванне меркаванняў у Беларусі; забяспечыць канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна Беларусі на атрыманне, захаванне і распаўсюд інфармацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства