Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, сьнежань 2010 году

2011 2011-01-11T23:08:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logo-ahliad-hronika1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Апошні месяц году быў важным для падвядзеньня вынікаў прэзідэнцкай кампаніі, якая цягнулася тры месяцы і павінна была скончыцца 19 сьнежня.

З нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека 10 сьнежня па ўсёй краіне прайшлі інфармацыйныя акцыі. Фактычна ўсе яны адбыліся без інцыдэнтаў. Так, у Менску хоць і былі затрыманыя каля 15-ці з 40-ка ўдзельнікаў шэсьця, арганізаванага ініцыятывай “Грамадзянін”, але ў хуткім часе ўсе яны былі вызваленыя без складаньня пратаколаў.

Падчас сумеснай акцыі Праваабарончага цэнтру "Вясна" і Беларускага Хельсінскага камітэту актывісты ў цэнтры Менску раздавалі мінакам улёткі з заклікам супраць сьмяротнага пакараньня, а таксама тэкст Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Дзевяць кандыдатаў у прэзідэнты з 10-ці (зьвяртацца да А.Лукашэнкі) адказалі на пытаньне праваабаронцаў: “Калі вас абяруць прэзідэнтам, якім будзе ваш першы крок (дзеяньне) па паляпшэньні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі? Адказы былі зьмешчаныя на сайце spring96.org. Варта адзначыць, што патэнцыйныя кандыдаты гатовыя былі праводзіць рэформы ў гэтым накірунку і адмяні ць сьмяротнае пакараньне.

10 сьнежня  Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні сумесна з 11 еўрапейскімі праваабарончымі і грамадскімі арганізацыямі аб’явіў пра запуск электроннага збору подпісаў пад зваротам да дзейнага і будучага прэзідэнта Беларусі на адмысловай інтэрнэт-старонцы (belarus-petition.org). Петыцыя зьмяшчае заклік да датрыманьня Беларусьсю правоў, якія з'яўляюцца базавым падмуркам функцыянаваньня сучаснага грамадства. У прыватнасьці, у звароце пералічваюцца такія рэкамендацыі, як увядзеньне мараторыя і скасаваньне сьмяротнай кары; захаваньне права ўсіх беларускіх грамадзянаў на свабоду слова, сходаў, аб'яднаньняў, СМІ і веравызнаньня; скасаваньне артыкула 193.1 КК, які прадугледжвае турэмнае зьняволеньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Беларускія праваабаронцы ў сваю чаргу заклікалі падтрымаць і распаўсюдзіць петыцыю.

18 сьнежня прадстаўнікі сямі праваабарончых арганізацыяў Беларусі распаўсюдзілі зварот з заклікам да Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржбясьпекі РБ не нагнятаць атмасферу страху ў грамадстве ў перыяд выбарчай кампаніі і не ўжываць гвалт у адносінах да мірных дэманстрантаў. Праваабаронцы ў сваім звароце адзначылі, што ўладам варта сур’езна прааналізаваць прычыны такога незвычайнага і неардынарнага кроку з боку большасьці кандыдатаў у прэзідэнты  і неадкладна ўнесьці дэмакратычныя зьмены ў выбарчае заканадаўства, якія зрабілі б выбарчы працэс больш справядлівым і празрыстым. 

Заклік кандыдатаў, на знак пратэсту супраць няроўных умоваў правядзеньня выбарчай кампаніі, адсутнасьці  дэмакратычнага выбарчага працэсу, сабрацца на Кастрычніцкай плошчы Менску пасьля завяршэньня галасаваньня – у  20 гадзінаў 19 сьнежня, правабаронцы ліччылі правамоцным, паколькі права вольна выказваць сваю думку шляхам сходаў, мітынгаў, дэманстрацыяў гарантавана беларускім грамадзянам Канстытуцыяй краіны, а таксама міжнароднымі пагадненьнямі, падпісанымі Беларусьсю. Аднак за тыдзень да мітынгу дзяржаўныя СМІ, а таксама кіраўнікі МУС і КДБ папярэджвалі аб рыхтуючыхся апазіцыяй правакацыях, тэрарыстычных акцыях, ужываньні зброі пры правядзеньні масавага мерапрыемства. Выступаючы 15 сьнежня на нарадзе па пытаньнях прэзідэнцкай кампаніі і забесьпячэньні грамадскай бясьпекі ў гэты перыяд, А. Лукашэнка з аднаго боку паведаміў, што “прэзідэнцкія выбары не павінны быць азмрочаныя якімісьці сутычкамі і сутыкненьнямі”, з другога боку, заявіў: “Не дай бог, толькі пераступіць хтосьці той Рубікон, да якога наогул нельга блізка падыходзіць ... Рэакцыя праваахоўных органаў, ды і вайскоўцаў, павінна быць адэкватнай і жорсткай."

Калі Кастрычніцкая плошча 19 сьнежня будзе занята войскамі, бронетэхнікай і міліцыяй, то кідаць людзей на “танкі” кандыдаты ў прэзідэнты не будуць. Пра гэта заявіў Уладзімір Някляеў падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з Андрэем Саннікавым у адказ на пытаньне пра іх план дзеяньняў у такім выпадку. “Але мы будзем лічыць гэтыя дзеяньні сілавым, ваенным супрацьстаяньнем волі народа. Гэта мы будзем заяўляць і дэманстраваць”.

Удзень 19 сьнежня прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Праваабаронцы за свабодныя выбары” правялі прэс-канферэнцыю, на якой агучылі папярэднія высновы назіраньня за ходою датэрміновага галасаваньня, а таксама адзначылі праблемы, зафіксаваныя на выбарчых участках. Каардынатары назіраньня Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч канстатавалі: невялікая палёгка ў плане дэмакратыі ёсьць, але ў цэлым выбарчы працэс выклікае недавер. Сярод станоўчых момантаў – адсутнасьць масавых прэвентыўных затрыманьняў і арыштаў прадстаўнікоў апазіцыі падчас правядзеньня прэзідэнцкай кампаніі, хоць на сярэдзіну дня 19.12 стала вядома амаль аб трох дзесятках затрыманых па Беларусі (большасьць з іх адпусьцілі пасьля высьвятленьня асобы і папярэджаньня аб недапушчальнасьці ўдзелу ў мітынгу, аднак некалькі чалавек засталіся пад вартай у якасьці падазраваных па крымінальных справах). У той жа час непрапісанасьць працэдуры захоўваньня бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня дазваляла ўчастковым камісіям па-рознаму трактаваць закон, што прыводзіла да розных практычных дзеяньняў. “Няма пэўнай нормы ў заканадаўстве і пра месцазнаходжаньне сябраў камісій падчас перапынка ў іх працы і пасьля галасаваньня. А паколькі, згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу, назіральнікі маюць права назіраць за выбарчым працэсам толькі падчас галасаваньня, то яны не бачаць, што адбываецца ў перапынках і пасля заканчэньня волевыяўленьня грамадзянаў, – адзначылі праваабаронцы. Акрамя таго, назіралася тэндэнцыя росту прымусу да датэрміновага галасаваньня на дзяржпрадпрыемствах, асабліва ў малых гарадах, што з’ўляецца адкрытым выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу. Таксама мелі месца папярэджаньні назіральнікам, ціск на іх альбо выдаленьне з участкаў. Частка назіральнікаў казала пра перашкоды пры намеры прысутнічаць пры галасаваньні на даму. Па меркаваньні ўдзельнікаў праваабарончага маніторынгу, асноўныя праблемы ўсё ж былі не на ўчастках, а ў агульнай атмасферы стаўленьня да выбараў.

Нягледзячы на тое, што сама прэзідэнцкая кампанія праходзіла ў адносна ліберальных умовах і ў лепшы бок адрознівалася ад папярэдніх, пасьлявыбарчыя падзеі, а менавіта вечар асноўнага дня галасаваньня, падчас якога адбыўся жорсткі разгон мірнай акцыі пратэсту ў цэнтры сталіцы, на Плошчы Незалежнасьці каля Дома Ураду, перакрэслілі ўсе ранейшыя набыткі, што адзначаліся ў адносінах паміж Беларусьсю і Захадам (Еўрасаюзам). Кіраўніцтва краіны вярнулася да перасьледу апанентаў і зьнішчэньня тых парасткаў дэмакратыі, якія існавалі ў грамадзтве. Рэпрэсіўная машына пасьля двугадовага перапынку запрацавала з новай сілай, і пад яе колы трапілі сотні людзей. Затрыманьні, арышты, ператрусы, допыты, зьбіцьцё, адміністрацыйны і крымінальны перасьлед выклікаў шок таксама і ў міжнароднай супольнасьці.

Увечары 19 сьнежня ў раёне Нямігі па дарозе на Кастрычніцкую плошчу адбыўся ўзброены напад невядомых людзей у масках на групу кандыдата ў прэзідэнты У.Някляева. Былі выкарыстаны сьвета-шумавыя гранаты, канфіскавана гукаўзмацняльная апаратура. Пры гэтым сам кандыдат быў моцна зьбіты, пасьля чаго дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі з дыягназам чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені цяжкасьці.

У 20.00 ня менш за 30 тысяч удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ў бок плошчы Незалежнасці да Дому Ураду. Кандыдаты ў Прэзідэнты правялі мітынг. Невядомымі асобамі, дзеяньні якіх былі асуджаны кандыдатамі, была ўчынена спроба выламаць дзверы ў будынку Дому Ураду, разьбітае шкло. Што дазволіла сьпецназаўцам у шлемах са шчытамі і дубінкамі выкарыстаць празмерную сілу і жорсткасьць дзяля разгону мірных дэманстрантаў. Удзельнікаў акцыі зьбівалі, наносячы ўдары па галаве і твары. Шмат удзельнікаў акцыі шпіталізавана, больш за 600 чалавек затрымана і пазьней асуджана да адміністрацыйнага арышту альбо штрафу па арт. 23.34 КаАП -  парушэньне правілаў парадку і аргаізацыі масавага мерапрыемства.

У ліку затрыманых аказаліся кандыдаты ў прэзідэнты А. Санікаў, Р. Кастусёў, В. Рымашэўскі, М. Статкевіч, іх давераныя асобы, палітыкі, журналісты, вядомыя грамадскія дзеячы, а таксама старшыня БХК, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак.

Уначы офіс ПЦ “Вясна”, арганізацыі, якая разам з іншымі беларускімі праваабаронцамі правоўдзіла кампанію па маніторынгу выбараў, падвергся нападу з боку міліцыі, у выніку чаго былі затрыманыя 10 супрацоўнікаў. Пазьней праваабаронцаў адпусьцілі. Тым ня менш, з офісу ПЦ “Вясна” была канфіскаваная ўся кампутарная тэхніка, іншыя носьбіты інфармацыі, відэакаамера і фотаздымач. Таксама ўначы быў праведзены ператрус на офісе “Хартыі’97”, затрыманая рэдактарка сайту Натальля Радзіна з іншымі журналістамі. Усю ноч адбываліся затрыманьні ў кватэрах лідэраў апазіцыі. Дома быў затрыманы старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька. Уначы У. Някляева выкралі са шпіталю, зачыніўшы ягоную жонку ў пакоі побач. Да 27 сьнежня лёс У.Някляева быў невядомы: казалі, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, але адвакатам адмаўлялі ў спатканьні нібыта з-за недахопу вольных  памяшканьняў. Некалькі гадзінаў уначы 20 сьнежня Я.Раманчук правёў у адміністрацыі прэзідэнта, пасьля чаго на раніцу склікаў тэрміновую прэс-канферэнцыю, на якой перад камерамі дзяржаўных тэлеканалаў зачытаў зварот з асуджэньнем масавых беспарадкаў.

У 12 гадзінаў адбылася запланаваная выніковая прэс-канферэнцыя па выніках маніторынгу кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары”. “Брудныя выбары” будзе самай дакладнай ацэнкай гэтых выбараў”, – адзначыў В. Стэфановіч.

У сваю чаргу міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў заявіў у эфіры Першага нацыянальнага канала, што арганізатары акцыі пратэсту апазіцыі будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 293 КК (масавыя беспарадкі). Яе максімальная санкцыя — 15 гадоў пазбаўленьня волі.

На той момант ужо было вядома, што затрыманыя сотні людзей, што частку з іх трымаюць у аўтазаках без ежы і вады, што сярод зьбітых ёсьць жанчыны і дзяўчаты. Праваабаронцы, валанцёры ў вялікай колькасьці зьбіралі зьвесткі аб затрыманых, дзяжурылі ў судах, каб інфармацыя пра затрыманых магла дайсьці да сваякоў, родных. Усе працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме, фактычна без адвакатаў, на разгляд справы адводзілася некалькі хвілінаў, прысуд выносіўся ў выглядзе арышту. Штрафы давалі як выключэньне жанчынам, якія маюць непаўнагадовых дзяцей, ці інвалідам. Акрамя таго, сярод затрыманых сустракаліся выпадковыя мінакі, якія ня бралі ўдзел у акцыі пратэсту, але судовы канвеер працаваў без разбору.

21 сьнежня ўлады назвалі лічбу затрыманых – 639, але і яна не была дакладнай. З улікам адпушчаных, дастаўленых у медустановы і зьмешчаных у СІЗА па крымінальных справах, колькасьць перавышала 700 чалавек. Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ня мог зьмясьціць столькі арыштаваных, таму 239 чалавек, па інфармацыі праваахоўных органаў, былі перавезеныя ў Жодзіна, у турму № 8, больш за 50 затрыманых жаночага полу перавялі ў ІЧУ Мінскага раёну.

Дзесяткі еўрапейскіх арганізацыяў асудзілі дзеяньні беларускіх уладаў. 20 сьнежня адкрыты зварот да прэзідэнта Беларусі з заклікам вызваліць сотні дэманстрантаў, журналістаў, палітыкаў, затрыманых за мірнае выражэньне сваёй думкі падпісалі арганізацыі Сеткі Дамоў правоў чалавека. Са зваротамі выступілі праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя», Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH), Міжнародная федэрацыя журналістаў, Праваабарончая арганізацыя Freedom House, старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек, урады краінаў ЗША і Еўразьвязу.

У Менску пачаў працу Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Утварыць яго пастанавіла кааліцыя няўрадавых арганізацый краін АБСЭ 27 сьнежня. У Камітэт увайшлі каля 30 міжнародных арганізацый, сярод іх: Міжнародная грамадзянская ініцыятыва для АБСЭ (ICI OSCE), Маскоўская Хэльсінкская група — МХГ (Расія), Міжнародная сетка "Свабода, законнасьць і правы ў Еўропе" (FLARE), Міжнародны моладзевы праваабарончы рух (МПД). Для працы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Камітэт сфармаваў доўгатэрміновую Міжнародную назіральную місію, куды ўваходзяць супрацоўнікі праваабарончых арганізацый з розных краін прасторы АБСЭ, міжнародных арганізацый, а таксама незалежныя экспэрты. Каб захаваць нэўтралітэт місіі ў адносінах да палітычнай сітуацыі, у склад Камітэту не ўваходзяць беларускія арганізацыі.


1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

Праект Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”, які распрацоўваецца Міністэрствам юстыцыі і Цэнтрам заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, ня ўлічвае пазіцыю беларускіх грамадскіх аб’яднаньняў. З такой заявай выступіла Асамблея НДА. Грамадскі сектар насьцярожвае тое, што тэкст законапраекта, хоць і знаходзіцца на фінальнай стадыі распрацоўкі, дагэтуль ня быў прадстаўлены на абмеркаваньне грамадскасьці, гаворыцца ў заяве. “Працэс распрацоўкі  Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”  Мінюстам падобны да арганізацыі  грамадскіх слуханьняў у Астраўцы адносна будаўніцтва АЭС. Тады фармальна быццам бы адбыліся грамадскія слуханьні, а фактычна тыя арганізацыі, якія хацелі паўдзельнічаць і валодалі інфармацыяй, былі адштурхнутыя. Падобнае спрабуюць зрабіць і зараз, лічыць старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч. Таму Асамблея заклікала адказныя дзяржаўныя органы адкласьці перадачу законапраекта ў Палату прадстаўнікоў да правядзеньня шырокага грамадскага абмеркаваньня.

2. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

27-гадовага інжынера-электроншчыка Ігара Аліневіча затрымалі 28 лістапада ў Маскве і на наступны дзень зьмясьцілі ў турму КДБ "амэрыканку". Затрыманьне адбывалася пры незвычайных абставінах. Паводле адваката, І.Аліневіча абвінавачваюць у датычнасьці да нападу на амбасаду Расеі ў Менску 30 жніўня і ў акцыі каля Генштабу, якую год таму ў Менску правялі прыхільнікі анархізму. Затрыманы сваю датычнасьць да нападаў раней адмаўляў. Таксама па справе выбухаў, у якую аб’яднаныя некалькі розных эпізодаў (напад на амбасаду Расеі, менскі ізалятар на Акрэсьціна, будынкі казіно "Шангры-Ла", філіял Беларусбанку, Палац прафсаюзаў, Генштаб ды іншыя інцыдэнты), знаходзяцца за кратамі Аляксандар Францкевіч, Мікалай Дзядок і Максім Веткін.

18 сьнежня ў Менску прэвентыўна былі затрыманыя маладафронтаўцы Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў і Дзяніс Лазар па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні хуліганскіх дзеяньняў у адпаведнасьці з узбуджанай крымінальнай справай па ч. 3 арт.339 КК РБ. Па версіі сьледства, з хуліганскіх меркаваньняў яны беспадстаўна і наўмысна, кулакамі і металічным абцугамі зьбілі двух грамадзянаў. 28 сьнежня Дзяніс Лазар быў адпушчаны на свабоду, і ўсе падазрэньні з яго зьнятыя, справа ў дачыненьні да яго спынена, а З.Дашкевічу і Э.Лобаву было прад'яўлена абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, утрыманьне пад вартай працягнута на 2 месяцы.

Інфармацыя праваабаронцаў па сітуацыі з крымінальным перасьледам, зьвязаным з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй (па стану на 31 сьнежня): па справе аб масавых беспарадках – ч. 1, ч.2 арт. 293 КК РБ праходзяць 29 чалавек, 27 з іх утрымліваюцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Сярод абвінавачаных – пяцёра кандыдатаў у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч. Яшчэ двое – Р. Кастусёў і Дз. Ус – у ліку падазраваных і пад падпіскай аб нявыездзе. Сярод астатніх давераныя асобы, кіраўнікі штабоў, актывісты: Лябедзька Анатоль, Корбан Алег, Паўлаў Анатоль, Севярынец Павал, Атрощанкаў Аляксандр, Бандарэнка Зьміцер, Кобец Уладзімір, Халіп Ірына, Радзіна Натальля, Палажанка Анастасія, Дзмітрыеў Андрэй, Фядута Аляксандр, Вазняк Сяргей, Арастовіч Аляксандр, Марцалеў Сяргей,  Класкоўскі Аляксандр, Новік Дзьмітрый, Ліхавід Мікіта, Федаркевіч Андрэй, Лобан Уладзімір, а таксама грамадзяне Расіі Гапонаў Іван і Брэус Арцём.

Сваякі арыштаваных пра крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску стварылі грамадзкі камітэт "Вызваленьне", у які ўвайшлі жонкі, бацькі і дзеці зьняволеных кандыдатаў і іх паплечнікаў. Яны накіравалі ліст кіраўніцтву Расеі, Еўразьвязу і ЗША з заклікам зрабіць усё магчымае для вызваленьня новых беларускіх палітвязьняў.

Па зьвестках праваабаронцаў, па падзеях 19 сьнежня ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа – за зьнявагу дзяржаўных сімвалаў. Пакуль па гэтай справе няма падазраваных, але супрацоўнікі міліцыі актыўна шукаюць фота і відэдоказы, на якіх зафіксавана, хто падчас шэсьця па прасьпекце Незалежнасьці замяніў на будынку КДБ дзяржаўны сьцяг на забаронены нацыяналльны бел-чырвона-белы штандар.

3. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

У сьнежні пачалася падпісная кампанія на перыядычныя выданьні. Ідэалагічныя аддзелы райвыканкамаў праводзяць прымусовую падпіску на дзяржаўную прэсу, кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў даводзяцца планы з указаньнем канкрэтных лічбаў абавязковай падпіскі на друкаваныя СМІ. Таксама была даведзеная норма падпіскі грамадзянаў і да паштальёнаў.

Па паведамленьні прэс-службы БАЖ, яшчэ аднаму замежнаму карэспандэнту адмовілі ў акрэдытацыі. Спроба атрымаць акрэдытацыю для асвятленьня прэзідэнцкіх выбараў скончылася нічым для вядомага шведскага фотакарэспандэнта Дзіна Кокса (Dean CK Cox). На пытанне, ці можна яму прыехаць у Беларусь у якасці турыста, у беларускай амбасадзе адказалі адмоўна — маўляў, візы яму ўсё роўна не дадуць, бо ведаюць, што ён журналіст. Дзін Кокс наведваў Беларусь у часе выбараў 2006 года, прыязджаў і летась. Раней праблем з атрыманьнем візы ў яго не паўставала.

БАЖ апублікавала сьпісы затрыманых ( з улікам адпушчаных па стане на 22.12) і пацярпелах журналістаў і сябраў арганізацыі. Былі арыштаваныя – 15, пяцёра з іх – па  крымінальнай справе. Гэта Ірына Халіп, «Новая газета» (Расія), Натальля Радзіна, рэдактар «Хартыі-97, Сяргей Вазняк, рэдактар газеты «Товарищ», сябра Праўленьня БАЖ, Аляксандр Фядута, Павал Севярынец, сябра Рады «БАЖ» . Пацярпелі фізічна, але не былі затрыманыя 21 журналіст, сярод якіх замежнікі Джэймс Хіл («The New York Times»), афіцыйна акрэдытаваны пры МЗС, Гайнц Цэзарэк, фотакарэспандэнт аўстрыйскага інтэрнэт-выданьня news.at, Антон Харчанка і Віктар Філяеў (тэлеканал «Russia Today»), Дзмітрый Тархаў і Ільля Амельчанка (здымачная група REN-TV), Вольга Аленава («Коммерсантъ»)

4. Парушэньне права на свободу мірных сходаў

Менгарвыканкам не дазволіў групе жанчын правесьці пікет супраць парушэньняў чыноўнікамі правоў грамадзянаў. Па словах заяўніка акцыі юрыста Тамары Сяргей, пікетаваньне з удзелам каля 50 прадстаўнікоў з усіх рэгіёнаў Беларусі было запланавана ўдзень на 6 сьнежня каля будынка ратушы на плошчы Свабоды. Адмову ў правядзеньні масавага мерапрыемства намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Міхаіл Ціцянкоў матываваў тым, што акцыя “будзе ствараць перашкоды пешаходнаму руху; транспартнаму руху, а таксама функцыянаваньню суб'ектаў гаспадараньня, разьмешчаных паблізу”. На думку Т. Сяргей, забарона пікету парушае артыкул 35 Канстытуцыі РБ і Закон аб масавых мерапрыемствах, таму група жанчын зьвярнуліся ў Генеральную пракуратуру аб прыцягненьні да адказнасьці М. Ціцянкова.

5. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

8 сьнежня  ў Менску супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль, якім кіраваў лідэр «Маладога Фронту» З.Дашкевіч. У Першамайскім РУУС паведамілі, што ягонае прозвішча адсутнічае ў электроннай базе кіроўцаў і ягоныя правы кіроўцы падробленыя. Пытаньне было вырашана пасьля таго, як у пастарунак прыехалі назіральнікі АБСЕ. З.Дашкевіча адпусьцілі, але яго аўтамабіль пакінулі дзеля праверкі, ці не знаходзіцца ён ва ўгоне. На наступны дзень міліцыянты зноў затрымалі З. Дашкевіча, які разам з паплечнікамі ехаў на машыне бацькі намесьніцы старшыні МФ Насты Палажанцы. Усіх даставілі ў Кастрычніцкі РУУС дзеля высьвятленьня на прадмет угона машыны, дзе ўзялі тлумачэньні і адпусьцілі.

9 сьнежня судзьдзя Крупскага райсуду Вольга Фома прызнала вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна віноўным адразу па двух артыкулах адміністрацыйнага кодэксу – дробнае хуліганства (нецэнзурная лаянка) і супраціў міліцыянтам і вынесла пакараньне ў выглядзе арышту тэрмінам на 13 сутак. А. Пушкін быў затрыманы напярэдадні ў сваёй хаце ў мястэчку Бобр Крупскага раёну па ілжывым абвінавачаньні: нібыта ён зьбіў чалавека. Адвакат Павел Сапелка лічыць, што адміністрацыйныя справы супраць мастака сфабрыкаваныя. Такую думку выказалі і калегі А. Пушкіна – сябры творчай суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў. Яны прынялі заяву пратэсту супраць неправамерных дзеяньняў уладаў, у зазначаецца, што “дзеяньні сілавых структур, сэксотаў, у выпадку арышту мастака, якраз накіраваныя на зачыстку тэрыторыі перад прэзідэнцкімі выбарамі. Ведаючы вольналюбівую натуру творцы, які наладжваў мастацкія перформансы супраць ціску і фальшу уладаў, іхняга гаспадарчага бяздзеяньня, а перадусім -- глухаты да гістарычнай мінуўшчыны, варожасьці да беларускай мовы, ім якраз спатрэбілася такая правакацыя”.

17 сьнежня на гарадзенскім чыгуначным вакзале быў затрыманы актывіст выбарчага штабу У.Някляева Кірыл Семянчук. На наступны дзень ён быў асуджаны на 6 сутак адміністрацыйнага арышту. Ніякай дадатковай інфармацыі ягонай жонцы не паведамілі. Раніцай 19 сьнежня таксама быў затрыманы і асуджаны на 3 сутак арышту Алег Калянкоў, давераная асоба У.Някляева. Як высьветлілася пазьней, абодвух пакаралі за ўдзел у пікеце супраць датэрміновага галасаваньня, зладжаны каля Гарадзенскага аграрнага ўніверсітэту.

18 сьнежня ў Гомелі быў затрыманы кіраўнік абласнога штаба і давераная асоба  В.Рымашэўскага Юры Клімовіч. Судзьдзя Цэнтральнага райсуду Марына Дамненка на падставе ілжывых сьведчаньняў прызнала яго віноўным у дробных хуліганстве (нецэнзурная лаянка) і пакарала адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 15 сутак.

6. Сьмяротнае пакараньне

6 сьнежня Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальнае паведамленьне Алега Грышкаўцова, які 14 траўня 2010 года быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня. Ён скардзіцца на парушэньне правоў, прадугледжаных міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, найперш – права на справядлівае судовае разьбіральніцтва. У паведамленьні таксама ўтрымліваецца просьба прымяніць меры часовай абароны і не прыводзіць прысуд у выкананьне, пакуль справа не будзе ўсебакова разгледжаная у КПЧ.

13 сьнежня А.Грышкаўцоў зьвярнуўся да А.Лукашэнкі з прашэньнем прыпыніць выкананьне сьмяротнага прысуду да разгляду ў КПЧ яго індывідуальнага паведамленьня. Ліст асуджанага праз адвакатаў быў перададзены ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Да гэтай меры А.Грышкаўцоў быў вымушаны прыбегчы, паколькі раней, нягледзячы на інфармаваньне кампетэнтных арганаў Беларусі пры разглядзе ў КПЧ ААН аналагічных скаргаў асуджаных да вышэйшай меры пакараньня А.Жука і В. Юзэпчука, апошнія былі расстраляныя напрыканцы сакавіка 2010 года.


7. Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня

Галоўная праблема з пратэзаваньнем зубоў  палітычнага зьняволенага Мікалая Аўтуховіча застаецца невырашанай, вязень стаў яшчэ худзейшы. Адміністрацыя калоніі дамагаецца, каб М. Аўтуховіч прызнаў сябе вінаватым і падпісаў расьпіску аб правапаслухмяных паводзінах і ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасьці. Адмова лічыцца парушэньнем парадкаў. Таксама зьняволены перадаў, што ў дачыненьні да яго чыняць розныя правакацыі. Праваабаронцы лічаць, што Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў парушае правы незаконна асуджанага.


8. Звальненьні і адлічэньні з вучобы п
а палітычных матывах

Сябру ГА «БАЖ» і пазаштатнаму карэспандэнту «БелГазеты» Дзьмітрыю Растаеву, якога рэдакцыя газеты «Вечерний Бобруйск» накіравала ў вымушаны адпачынак, было прапанавана напісаць заяву на звальненьне «па ўласным жаданьні». Журналіст не пагадзіўся з такой фармулёўкай і пазначыў, што звальняецца «ў сувязі са зьменай істотных умоваў працы». Нагадаем, што ў адпачынак журналіста адправіла кіраўніцтва выданьня пасьля візіту заснавальніка газеты Валянціна Сысоя да намесьніка старшыні бабруйскага гарвыканкама Міхаіла Кавалевіча, адказнага за «ідэалагічны накірунак».

Пасьля першага звальненьня Яўгена Шапчыца – рэжысёра сатырычнага відэароліка пра прэзідэнцкую выбарчую кампанію, звольнілі і Паўла Бандзіча, выканаўца ролі зборшчыка подпісаў, які меў бестэрміновы кантракт з Міжнародным экалагічным універсітэтам імя Сахарава ў якасьці кіраўніка тэатральнай студыі. П. Бандзіча ветліва папрасілі сысьці па ўласным жаданьні.

Выканаўца ролі «унука» Алега А., студэнта 5-га курсу факультэта журналістыкі бюджэтнага аддзяленьня БДУ таксама адлічылі з універсітэту.

Паваабаронца з Маладэчна Алесь Капуцкі, доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, з 1 сьнежня застаўся без працы. Кіраўніцтва прыватнага прадпрыемства, на якім ён працаваў, нічога не патлумачыўшы, не працягнула з ім кантракт. Аналагічная сітуацыя з праваабаронцам ужо здаралася ў 2008 годзе, калі пачыналася парламенцкая выбарчая кампанія, і А.Капуцкі быў назіральнікам у сваім рэгіёне.


9. Парушэньні права на свабоду перасоўваньня

Амбасада Беларусі ў Стакгольме адмовіла ў візе старшыні праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціну Угла.  Па меркаваньні М.Углы, адмова ў візе — гэта, відавочна, пакараньне за тую крытыку, якую ён дазваляе на сабе на адрас беларускіх уладаў у сувязі са станам правоў чалавека ў Беларусі. Цяперашняя адмова – ужо чацьвёртая запар. Марціну Углу не дазваляюць наведаць Беларусь ад чэрвеня 2006 году.

Таксама беларускія ўлады адмовілі ў візе старшыні Нарвежскага Хельсінкскага камітэту Бёрну Энгесланду (Bjorn Engesland). Як паведаміў сп. Энгесланд, Беларуская амбасада ў Стакгольме вярнула яму пашпарт са штампам з забаронай на ўезд – без тлумачэньня прычынаў. Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі лічыць, што адмова ў візе замежнаму праваабаронцу наўпрост зьвязаная з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international