viasna on patreon

ПЕРАДАЧА НА АКРЭСЬЦІНА: ПРАЦЭДУРА, ПАРАДЫ, УЗОР ЗАЯВЫ

2006 2006-03-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спецпрыёмнік-размеркавальнік, у якім утрымліваецца большасць схопленых на Кастрычніцкай, знаходзіцца па адрасе: 1-шы завулак Акрэсціна, 36, тэлефон 270 91 42. Гэта раён вуліцы Прылукскай, туды ходзіць, напрыклад, 53-ці тралейбус; таксі ад плошчы Перамогі каштуе прыблізна 7 500 рублёў. Па выкліку на гэты адрас пагаджаецца прыязджаць толькі служба 001, прычыны невядомыя.
Перадачы можна прыносіць штодня, але не больш чым адну на дзень. З сабой неабходна мець пашпарт. Даводзіцца некалькі гадзін стаяць у чарзе, таму варта зручна і цёпла апранацца, браць што-небудзь паесці, правяраць зарадку мабільнага тэлефона. Фармальна перадачы прымаюць з 9.00 да 18.00, але людзі збіраюцца ужо а 7-ай гадзіне, каб заняць чаргу. Часам працэдура працягваюць да позняга вечара, але, як правіла, наадварот раптоўна спыняецца ці пачынаецца пазней. Спрабуючы зменшыць колькасць перадаючых, перыядычна прадстаўнікі адміністрацыі абвяшчаюць, што прымаць перадачы будуць толькі ў блізкіх сваякоў. Праявіце настойлівасць! Вы маеце права на перадачу суседу, каханку ці аднапартыйцу!
Каб паскорыць працэс, заяву з просьбай аб перадачы і як мага больш падрабязны спіс рэчаў варта падрыхтаваць дома. Пажадана ўсё складаць у адну торбу. Калі пакункаў выходзіць некалькі, іх трэба звязаць паміж сабой, напрыклад, ручніком ці яшчэ адным пакункам (матузкі, вяроўкі і дрот не падыходзяць).
Хлеб, каўбасу, сыр неабходна парэзаць. Цукеркі лепей разгарнуць з паперак. Садавіну памыць і выцерці. Паколькі людзі ў камерах практычна не маюць магчымасці рухацца, адчуваюць недахоп святла і паветра, варта паклапаціцца пра здаровую ежу. Садавіна і гародніна – крыніца вітамінаў, арэхі і курага дапамогуць страваванню. Вады як мага болей! Не будзе лішні зручны абутак (толькі без матузкоў).
Калі Вы ведаеце, што ў Вашага сябра ёсць нейкія хранічныя хваробы, майце на ўвазе, што ў такіх умовах яны могуць абвастрыцца. Пракансультуйцеся са спецыялістамі, якія лекі былі б пажаданыя, і пастарайцеся іх перадаць.
Калі падыдзе Ваша чарга, Вы зойдзеце ў кантрольна-прапускны пункт, дзе міліцыянт запытаецца, да каго Вы, праверыць Вашы дакументы і запіша прозвішча ў журнал рэгістрацыі. Пасля гэтага Вам трэба будзе прайсці да будынку, у якім месціцца дзяжурная частка, бухгалтэрыя, адміністрацыйныя кабінеты і часткова камеры. Там Вы падымецеся на 4-ты паверх і пройдзеце па калідоры ў 6-ты кабінет (бухгалтэрыя), аплаціце знаходжанне блізкага Вам чалавека ў гэтым казённым доме. 1 дзень каштуе 4 600, можна не плаціць адразу за ўвесь тэрмін, але зусім без аплаты перадачу не прымуць. Вам выдадуць квітанцыю і чэк. У бухгалтаркі можна ўдакладніць дату і час вызвалення затрыманага.
Потым Вы спусціцеся на 1-шы паверх у дзяжурную частку. Там міліцыянты спытаюць, каму перадача, знойдуць гэтага чалавека ў спісах і (УВАГА!) на вашай заяве напішуць нумар камеры. (Не прапусціце гэты момант! Потым можна будзе знайсці “сукамернікаў”, атрымаць нейкую дадатковую інфармацыю, спытаць у тых, хто выйдзе раней, якія ўмовы, чаго не хапае, як сябе пачувае Ваш сябар.) Затым Вы пакінеце рэчы. З-за вялікага наплыву людзей іх напэўна не будуць пераглядаць і суадносіць са спісам у Вашай прысутнасці, таму Вы адразу не даведаецеся, што ўзялі, а што – не. Дарэчы, у гэтым памяшканні вісяць правы зняволеных і апісаныя рэчы, якія можна перадаваць. Прачытайце і смела апелюйце ў выпадку патрэбы да гэтага дакумента.
Усё. Вы выходзіце праз кантрольна-прапускны пункт, дзе ў Вас зноў запытваюцца прозвішча. Калі ёсць час, падзяліцеся сваім досведам з іншымі, падтрымайце маральна тых, хто ўпершыню прыйшоў да сваіх родных.
Паклапаціцеся пра тое, каб годна сустрэць сяброў на волі і камфортна давезці да хаты (асабліва, калі гэта адбудзецца ўначы).
Удачы!

УЗОР ЗАЯВЫ З ПРОСЬБАЙ АБ ПЕРАДАЧЫ

Начальніку ГАУС Мінгарвыканкама
Петручэнкі Аляксандра Рыгоравіча,
які пражывае па адрасе:
вул. Лодачная, д. 3, кв. 25,
220009 г. Мінск
ЗАЯВА.

Прашу прыняць перадачу для Парамошынай Лідзіі Львоўны ў складзе:
1. Валідол – 1 упакоўка;
2. Актываваны вугаль – 4 упакоўкі;
3. Акуляры – 1 шт.;
4. Шкарпэткі – 2 пары;
5. Трусы – 5 пар;
6. Світэр – 1 шт.;
7. Штаны – 1 шт.;
8. Ручнік – 2 шт.;
9. Сурвэткі вільготныя – 2 пачакі;
10. Памада гігіенічная – 1 шт.;
11. Зубная шчотка –1 шт.;
12. Зубная паста – 1 шт.;
13. Мыла – 1 шт.;
14. Туалетная папера – 3 шт.;
15. Газета “Крама крыжаванак” – 1 асобнік;
16. Кніга “Чорны пісталет” З. Бартосіка – 1 асобнік;
17. Аловак – 1 шт.;
18. Сшытак вучнёўскі – 1 шт.;
19. Пласцікавы кубачак – 1 шт.;
20. Пракладкі гігіенічныя – 2 пачакі;
21. Вяндліна – 1 кг;
22. Сок – 2 пачакі па 2 л.;
23. Вада пітная – 3л.;
24. Часнок – 2 шт.;
25. Цыбуля – 2 шт.;
26. Лімоны – 5 шт.;
27. Хлеб чорны – 1 бохан;
28. Яблыкі – 10 шт.;
29. Сала – 300 г.;
30. Арэхі грэцкія – 250 г.;
31. Курага – 300 г.

23.03.06 Подпіс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства