Выбары ў Слуцку: Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-30T20:07:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sluck-inf-vubary.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Фарміраванне камісій

Слуцкая раённая выбарчая камісія працавала практычна ў тым жа складзе, што і на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2010 годзе. За выключэннем трох чалавек, склад камісіі не змяніўся. Восемь членаў утвораннай камісіі працавалі ў раённым выбаркаме падчас парламенцкіх выбараў 2008 года.

Прадстаўнікі дэмакратычных партый не вылучылі ні аднаго свайго прадстаўніка ў Слуцкую раённую выбарчую камісію па выбарах прэзідэнта Беларусі. Шасцёра членаў камісіі былі вылучаны ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Сваіх прадстаўнікоў вылучылі: Камуністычная партыя Беларусі, прафсаюз работнікаў адукацыі, грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», Беларускі Саюз жанчын, Беларускі Саюз афіцэраў і Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў. Такім чынам, склад камісіі адпавядае новай норме выбарчага заканадаўства, якая патрабуе, каб прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў у выбаркамах было не менш, чым трэць ад агульнага складу. Тры члена камісіі вылучаныя працоўнымі калектывамі, чацвёра - грамадзянамі шляхам падачы заявы. Сярод членаў камісіі - Ларыса Дабравольская, начальнік аддзела ідэалогіі Слуцкага райвыканкама, Наталля Селязнёва, намеснік рэдактара раённай газеты «Слуцкі край», і Юры Скрыган, юрыст райвыканкаму.

На паседжанні Слуцкага райвыканкама 3 лістапада быў сфармаваны склад участковых выбарчых камісій Случчыны. На сходзе прысутнічаў прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Віталь Амяльковіч. Паводле інфармацыі назіральніка, у склад 74 участкавых выбарчых камісій увайшлі 767 чалавек. Валерый Бойка, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Слуцкага райвыканкама, агучыў склад камісій: 295 сябраў былі вылучаны ад грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, 374 - ад грамадзян шляхам падачы заявы, 98 - ад працоўных калектываў. У спісе сябраў камісій апынуліся прадстаўнікі толькі адной партыі - Камуністычнай партыі Беларусі. Ад грамадскіх аб'яднанняў у складзе камісій - сябры РГА "Белая Русь", БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў, Беларускага Саюза жанчын, Беларускага Саюза афіцэраў, Беларускага дзіцячага фонду, грамадскага аб'яднання ветэранаў, ГА "Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа" і Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Даманеўскі на паседжанні спытаў у начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай працы, ці ўсе сябры камісіі, вылучаныя ад працоўных калектываў, будуць працаваць адказна. Валерый Бойка пацвердзіў, што ўсе гэтыя людзі правераныя, не першы раз удзельнічаюць у выбарчых кампаніях.

Збор і праверка подпісаў

На Случчыне працавалі шэсць ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта: Рыгора Кастусёва, Аляксандра Лукашэнкі, Алеся Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука і Андрэя Саннікава. З альтэрнатыўных кандыдатаў самая шматлікая каманда была ва Уладзіміра Някляева. Кіраўнік слуцкай ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі - дэпутат мясцовага Савета Юрый Бандарэнка адмовіўся даць інфармацыю аб ходзе збору подпісаў у падтрымку гэтага прэтэндэнта ў кандыдаты.

У адрозненне ад сталіцы, у Слуцку збор подпісаў у падтрымку дэмакратычных кандыдатаў адбываўся без ажыятажу. Большасць ініцыятыўных груп збіралі подпісы па кватэрах. Тым не менш, пікеты таксама праводзіліся штабамі прэтэндэнтаў.

Самай актыўнай аказалася каманда Андрэя Саннікава, якая арганізоўвала пікеты амаль кожны дзень у розных мікрараёнах горада. Па словах І. Цэдрыка, кіраўніка штабу Саннікава на Случчыне, праблемы, звязаныя з арганізацыяй пікету, у яго каманды ўзніклі толькі аднойчы. «У выхадны дзень я звярнуўся ў адміністрацыю рынку, каб правесці там пікет, - распавёў Іван Цэдрык. - Дырэктара на месцы не было. Нумар яго тэлефона мне адмовіліся прадаставіць. Даведаўшыся, што я з групы Саннікава, чалавек у прыёмнай адказаў нецэнзурнай лаянкай і прапанаваў зачыніць дзверы. Я выклікаў міліцыю. У аддзяленні высветлілася, што гэта чалавек - нехта Шкурскі, кіроўца дырэктара рынку. Пасля званка Пятру Даўгучыцу, намесніку старшыні Слуцкага райвыканкама па ідэалогіі, праблема вырашылася, і мы правялі пікет на рынку». Іван Цэдрык атрымаў адмову на размяшчэнне інфармацыі пра месца і час правядзення пікетаў у "бягучым радку" на тэлеканале МузТВ. “Супрацоўніца, якая прымае аб'явы ў "Тэхна-гандлёвым цэнтры" Гарант "(аператар кабельнага тэлебачання ў Слуцку), заявіла мне, што тэкст аб'явы я павінен узгадніць з старшынёй выканкама Даманеўскім", - зазначыў І. Цэдрык.

У Слуцку, акрамя каманды Саннікава, пікеты праводзілі ініцыятыўныя групы Рыгора Кастусёва, Уладзіміра Някляева, Алеся Міхалевіча і Аляксандра Лукашэнкі.

Збіраючы подпісы па месцы жыхарства выбаршчыкаў, каманды альтэрнатыўных кандыдатаў сутыкаліся з тым, што грамадзяне проста не маюць пашпартоў - дакументы збіралі для афармлення падпісных лістоў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Някляева на Случчыне Анатоль Юрэвіч паведаміў пра факт, калі сябра групы не змог сабраць подпісы ў вёсцы Вясея. Старшыня сельсавета сабрала ў людзей пашпарты. У выніку жыхары вуліцы Жураўскай засталіся без дакументаў. Акрамя таго, сябраў ініцыятыўнай групы Някляева не пусцілі ў інтэрнат па вуліцы Леніна, 207. Гэты інтэрнат належыць да  ДУП "ЖРЭП № 3" УП "Мінскаблсельбуд". Дырэктар прадпрыемства Юрый Бандарэнка - дэпутат Слуцкага раённага савета - узначальвае ініцыятыўную групу Лукашэнкі па Слуцку. Жыхары інтэрната казалі, што ў іх сабралі пашпарты для афармлення падпісных лістоў па вылучэнню Лукашэнкі, і яны ў лістах нават не распісваліся.

Таксама адзін з сябраў ініцыятыўнай групы Някляева Леў Цімошак адмовіўся здаваць подпісы ў выбарчую камісію. Леў Цімошак працуе настаўнікам у Гольчыцкай сярэдняй школе. Дырэктар школы запатрабавала ад настаўнікаў не падпісвацца ні за каго, акрамя Лукашэнкі, і прыгразіла Цімошаку звальненнем.

Гэта не адзіны выпадак, калі настаўнікам пагражалі звальненнем за подпісы ў падтрымку дэмакратычных кандыдытаў. 7 кастрычніка Тамара Жанжэўская, дырэктар Амговічскай сярэдняй школы, сабрала педкалектыў і абвесціла, што звольніць настаўнікаў, якія падпісаліся ў падтрымку дэмакратычных прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта. Яна растлумачыла, што дадзенае распараджэнне атрымала ад намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама па ідэалогіі Пятра Даўгучыца і начальніка аддзела ідэалогіі Ларысы Дабровольскай, якая таксама з'яўляецца намеснікам старшыні Слуцкай раённай выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта. Ігару Лясуну, сябру ініцыятыўных групаў Някляева і Раманчука, які працуе ў школе настаўнікам фізкультуры, дырэктар прапанавала на працу больш не хадзіць.Настаўнікі, якія падпісаліся за вылучэнне Раманчука і Някляева, папрасілі сябра ініцыятыўнай групы ануляваць свае подпісы.

Пагражала звальненне і Анатолю Юрэвічу, кіраўніку ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева на Случчыне. 7 кастрычніка яго запрасілі ў аддзел кадраў Слуцкага будаўнічага ўчастку філіяла "Мінскэнэргаспецрамонт" РУП "Мінскэнэрга", дзе ён працуе старэйшым майстрам, і прапанавалі падпісаць паведамленне аб скасаванні кантракту. Анатоль Юрэвіч напісаў, што не згодзен з гэтым рашэннем, бо у адпаведнасці з працоўным заканадаўствам, адміністрацыя прадпрыемства павінна была папярэдзіць яго аб гэтым за месяц  да заканчэння тэрміна кантракту. У выніку кантракт быў працягнуты, а Юрэвіч прадоўжыў працу ў якасці кіраўніка ініцыятыўнай групы Някляева.

На паседжанні Слуцкай раённай выбарчай камісіі 5 лістапада былі агучаны вынікі праверкі падпісных лістоў, здадзеных ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку васьмі прэтэндэнтаў у кандыдаты на пост прэзідэнта.

Ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі здала 12 852 подпісаў. З 2570 подпісаў, правераных камісіяй, несапраўднымі былі прызнаны 12, што складае 0,5 %. Ініцыятыўная група Уладзіміра Некляева здала 1627 подпісаў, з якіх 1610 былі прызнаны сапраўднымі. У Яраслава Раманчука Слуцкая раённая камісія забракавала 16 подпісаў, і ў выніку 1408 прызнаны сапраўднымі. У “скарбонцы” Алеся Міхалевіча - 1341 подпіс случчан. Рыгор Кастусёў заручыўся падтрымкай 1179 слуцкіх выбаршчыкаў. З 1006 подпісаў у падтрымку вылучэння Андрэя Саннікава тэст на сапраўднасць прайшлі 997. Дадатковай праверцы былі падвергнуты подпісы ў падтрымку Віктара Цярэшчанкі і Віталя Рымашэўскага. У выніку сапраўднімі прызналі 16 подпісаў у падтрымку Цярэшчанкі і 40 – за Рымашэўскага.

Пасля праверкі подпісаў раённая газета "Слуцкі край" упершыню з пачатку перадвыбарнай кампаніі размясціла на сваім сайце аўтарскі матэрыял на тэму выбараў. Цікава, што аўтарам матэрыяла пра вынікі праверкі подпісаў з’яўляецца Наталля Селязнёва, сябра Слуцкай РВК па выбарах прэзідэнта.

Перадвыбарная агітацыя

Слуцкі райвыканкам рашэннем ад 10 лістапада зацвердзіў адзінае месца для агітацыі ў Слуцку – гарадскі стадыён. Віталь Амяльковіч, сябра БКХ, назіральнік пры Слуцкай раённая камісіі, накіраваў у ЦВК скаргу, у якой патлумачыў, што прынятае рашэнне істотна звужае магчымасці правядзення агітацыйных мерапрыемстваў і парушае правы выбаршчыкаў на агітацыю, свабоду атрымання і распаўсюду інфармацыі.

Слуцкі райвыканкам 23 лістапада ўнёс змены ў рашэнне, якое тычыцца месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў для перадвыбарчай агітацыі. У выніку месцаў для агітацыі паболела. У спіс увайшлі стадыёны чатырох устаноў адукацыі і шэсць пляцовак ля ўстаноў культуры ў розных мікрараёнах горада.

Кандыдатам у прэзідэнты без праблем прадастаўлялі памяшканні для сустрэч з выбаршчыкамі. Падчас агітацыі Слуцк наведалі Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Яраслаў Раманчук, давераныя асобы Віталя Рымашэўскага і Уладзіміра Някляева, Алесь Міхалевіч. Усе сустрэчы, за выключэннем адной, праводзіліся ў неацяпляльным зале Слуцкага ДК. На сустрэчах кандыдатаў прысутнічалі назіральнікі ад АБСЕ, ідэолагі райвыканкама, журналісты.

Большасць праўрадавых назіральнікаў, акрэдытаваных Слуцкай раённай выбарчай камісіяй, ігнаравалі сустрэчы з кандыдатамі, таксама, як і паседжанні раённай выбарчай камісіі. За выключэннем доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЕ, ніхто з назіральнікаў ад грамадскіх арганізацый і палітычных партый фактычна нічым не займаўся. Слуцкай раённай камісіяй былі акрэдытаваныя назіральнікі ад БРСМ, Беларускага саюза жанчын, Беларускага саюза афіцэраў, Фонду міру, Беларускага дзіцячага фонду, Слуцкага раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў дзяржустаноў, Мінскай абласной арганізацыі “Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі” і місіі СНД.

Слуцкая раённая выбарчая камісія размяшчала аб’явы пра сустрэчы з кандыдатамі ў газеце “Слуцкі край”, на тумбах па горадзе і на мясцовым радыё. Каманды двух кандыдатаў - Лукашэнкі і Саннікава – праводзілі ў Слуцку пікеты.

Штаб кандыдата Андрэя Саннікава выявіў факты парушэнняў выбарчага заканадаўства. Уладзімір Лемеш, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, 9 снежня звярнуўся са скаргамі ў Слуцкую раённую выбарчую камісію па фактах заклейвання і пашкоджання агітацыйных плакатаў.

Ход галасавання

Напярэдадні датэрміновага галасавання Юрый Бандарэнка, кіраўнік перадвыбарнага штаба Лукашэнкі па Слуцку, выгнаў з фае інтэрната УП “Мінскаблсельбуд” прадстаўніка Беларускага Хельсінкскага камітэта Віталя Амяльковіча. У гэтым інтэрнаце размяшчаўся выбарчы ўчастак № 5 г. Слуцка.

Назіральнікі Дзяніс і Юлія Балакіры 15 снежня  зафіксавалі факт, калі адзін выбаршчык прагаласаваў на ўчастку № 12 двойчы. Участковая камісія не прызнала парушэнні заканадаўства, спаслаўшыся на назіральнікаў ад БРСМ, якія не зафіксавалі гэтага выпадка. Але загадка ў тым, што менавіта ў гэты дзень назіральнікаў ад БРСМ на участку не было. Назіральнікі звярнуліся у раённую выбарчую камісію са скаргамі, але дагэтуль не атрымалі адказу.

Акрамя таго, у назіральнікаў Дзяніса і Юліі Балакіраў колькасць выбаршчыкаў, прыняўшых удзел у датэрміновым галасаванні, не сыходзілася з колькасцю, якую зафіксавала ўчастковая камісія. "Мы налічылі на 36 чалавек менш", - адзначылі назіральнікі. На скаргу РВК дала адказ, сутнасць якога ў тым, што назіральнікі няправільна палічылі.

Тры заявы ў Слуцкую раённую выбарчую камісію падрыхтавала назіральнік ад групы грамадзян Зінаіда Цімошак. Яна сцвярджае, што 18 снежня скрыня для датэрміновага галасавання пасля закрыцця ўчастку № 16 у Слуцку не ахоўвалася належным чынам. У адказе РВК не тлумачылася, чаму на выбарчым участку ўвечары гарэла святло, чаму міліцыянер, які ахоўваў скрыню, паліў на вуліцы і не сачыў за скрыняй. Старшыня РВК Аляксандр Андрушкевіч адказаў, што пакой для датэрміновага галасавання з’яўляўся тупіковым, уваход з калідора туды адсутнічаў, а дакументы былі апячатаныя і захоўваліся ў сейфе.

У дзень выбараў у час наплыву выбаршчыкаў на ўчастку для галасавання № 16 назіральнікі не мелі магчымасці сачыць за выдачай бюлетэняў. У адказе на скаргу РВК адзначыла, што сталы для назіральнікаў знаходзіліся насупраць сталоў, дзе размяшчаліся сябры участковай камісіі, і гэта зручнае месца для назірання. Таксама назіральніца Цімошак не змагла паглядзець, як адбываецца галасаванне на даму. Сябры камісіі адмовіліся прадаставіць ёй месца ў машыне.

Назіральніца звярнулася ў суд Слуцкага раёна са скаргай на няправільныя дзеянні старшыні участковай выбарчай камісіі № 16 г. Слуцка Алены Хвясечка, вынікам якіх стала парушэнне прадугледжанага Выбарчым кодэксам парадку галасавання і падліку галасоў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international