Выбары на поўначы Магілёўшчыны: Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-26T01:56:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/magiliouskaja-vobl.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэзідэнцкія выбары 19 снежня прайшлі “як звычайна ў Беларусі”. Так выказаўся адзін з сяброў участковай выбарчай камісіі ў Бялыніцкім раёне ў размове з назіральнікам Барысам Вырвічам, распавядаючы яму аб падрабязнасцях выбарчага працэса.

З усіх раёнаў паўночнай часткі Магілёўскай вобласці найбольш “вызначыўся” Круглянскі раён. Тут удзел у галасаванні прынялі 99,3 % ад усяго спісачнага складу выбаршчыкаў (гэта найбольшы вынік па Магілёўскай вобласці), з якіх 91 % прагаласавалі за дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку.

Каментуе сітуацыю член выбарчага штаба Уладзіміра Някляева ў Круглянскім раёне Зінаіда Мілешчанка:

- Выбары праходзілі па старой схеме: як звычайна, усіх пагналі на датэрміновае галасаванне. Па Круглянскаму раёну больш за 34 % выбаршчыкаў прагаласавала датэрмінова. Ужо к 11 гадзінам раніцы былі дадзеныя, што выбары ў Круглянскім раёне адбыліся – прагаласавала больш за 50 % выбаршчыкаў.Ну а калі я даведалася, што ўдзел у галасаванні прыняло 99, 3 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, то была вельмі здзіўлена. Такога проста не можа быць – даволі шмат людзей з нашага раёна працуе ў Расіі, Мінску, Магілёве і іншых месцах, дамоў яны не вярталіся. Ды ёсць людзі, якія наогул адмовілісь ад удзелу ў галасаванні, ёсць цяжка хворыя. Згодна ж афіцыйных вынікаў галасавання ў Круглянскім раёне прагаласавалі літаральна ўсе. Мне гэта да болю нагадвае часы Савецкага Саюза з і іх нязменнымі 99, 9 % прымаўшых удзел у галасаванні.

Назіральніца пры Горацкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Галіна Будная таксама кажа пра тое, што было шмат фактаў прымусу людзей у датэрміновым галасаванні:

- Шмат людзей казалі, што ім на працы раілі ў абавязковым парадку прагаласаваць датэрмінова. Тое самае адбывалася і са студэнтамі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Калі папярэднія этапы выбарчай кампаніі праходзілі больш-менш гладка, то з пачаткам датэрміновага галасавання праца незалежных назіральнікаў вельмі ўскладнілася. У дзень жа асноўнага галасавання наогул было немагчыма атрымаць ад кіраўнікоў участковых выбарчых камісій якую-небудзь інфармацыю, яны адмаўляліся яе даваць. Скаргаў мы не пісалі, бо большасць незалежных назіральнікаў працуюць, і нам не вельмі хацелася ў гэтых умовах ускладняць адносіны і “падстаўляць” людзей.

На радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў Шклоўскім раёне ўжо к дванаццаці гадзінам 19 снежня ўдзел у галасаванні прынялі 60 % выбаршчыкаў. А ўсяго ў выбарах прынялі ўдзел 97,2 % выбаршчыкаў Шклоўскага раёна. З іх 20392 (94,4 %) выбаршчыкаў Шклоўшчыны прагаласавалі за дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнка. Рыгор Кастусёў набраў 154 галасы выбаршчыкаў, Аляксей Міхалевіч – 61, Уладзімір Някляеў – 144, Яраслаў Раманчук – 103, Віталій Рымашэўскі – 75, Андрэй Саннікаў – 151, Мікалай Статкевіч – 88, Віктар Цярэшчанка – 133, Дзмітрый Ус – 8 галасоў выбаршчыкаў.

Гаворыць назіральнік пры Шклоўскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міхаіл Кучарэнка:

- Парушэнняў было вельмі шмат: гэта і прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, галасавнне выбаршчыкаў па дакументах, якія не прадугледжаны выбарчым кодэксам, многія іншыя. На жаль, у асноўны дзень галасавання 19 снежня я не змог прыняць паўнацэнны ўдзел у назіранні за выбарчым працэсам у Шклоўскім раёне, бо невядомыя асобы прабілі ўсе чатыры колы ў маім асабістым аўтамабілі.

У Бялыніцкім раёне ўдзел у датэрміновым галасаванні прыняло 5896 выбаршчыкаў, пры тым, што ўсяго ў раёне ў спісы для галасавання было ўнесена 16471 чалавек па стану на 19 снежня. Гэта склала 35,9 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў Бялыніцкага раёна. Дарэчы, на пасяджэнні Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта 13 снежня яе старшыня, начальнік ідэалагічнага аддзела Бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава паведамляла, што ў спісы выбаршчыкаў у Бялыніцкім раёне ўнесена 16345 чалавек. У галасаванні на даму ў Бялыніцкім раёне прыняло ўдзел 2867 выбаршчыкаў, усяго прыняло ўдзел у галасаванні 15611 грамадзян. Атрымліваецца, што большая частка выбаршчыкаў Бялыніцкага раёна галасавала датэрмінова і ў дамашніх умовах, значна менш прыйшло непасрэдна на выбарчы ўчастак у дзень галасавання.

Згодна афіцыйных дадзеных Бялыніцкай раённай камісі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, большасць бялынічан падтрымала дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнка. За яго аддалі свае галасы 14015 выбаршчыкаў (89,8 %). Рыгора Кастусёва падтрымала 196 выбаршчыкаў, Аляксея Міхалевіча – 79, Уладзіміра Някляева – 289, Яраслава Раманчука – 114, Віталія Рымашэўскага – 99, Андрэя Саннікава – 322, Мікалая Статкевіча – 88, Дзмітрыя Уса – 17, Віктара Цярэшчанку – 99, супраць усіх прагаласавала 217 выбаршчыкаў.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца назіральнік пры Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Барыс Вырвіч:

- Калі на папярэдніх этапах выбарчага працэса ўлады спрабавалі захаваць пэўныя прыкметы дэмакратычнасці выбарчага працэса (не было перашкод у зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты, было больш магчымасцей для агітацыі), то з пачаткам датэрміновага галасавання ўся гэта “лібералізацыя” скончылася. Як звычайна, людзей сталі прымушаць у абавязковым парадку прагаласаваць датэрмінова. Асабіста мне пра гэта распавядалі супрацоўнікі ААТ “Новая Друць”, Бялыніцкага лясгасу, міліцыі, МНС, іншых арганізацый і ўстаноў раёна. Не дзіўна, што працэнт датэрмінова прагаласаваўшых у Бялыніцкім раёне склаў 35,9 %. Таксама вельмі шмат нараканняў выклікае так званае “галасаванне па месцы пражывання выбаршчыкаў”, бо гэты працэс пракантраляваць вельмі цяжка. Прывяду такі прыклад: калі на Вялікамашчаніцкім участку для галасавання № 17 разам з сябрамі камісіі на галасаванне на даму выехала незалежны назіральнік Тамара Вырвіч, то для таго, каб прагаласавалі 37 выбаршчыкаў, унесеных у спіс для выязднога галасавання, спатрэбілася амаль чатыры гадзіны. Пры гэтым галасаванне ажыццяўлялася ў гэтым жа аграгарадку Вялікая Машчаніца. Другая ж група, якая выязджала без незалежнага назіральніка, прычым у аддаленыя вёскі, менш чым за тры гадзіны здолела зрабіць два выезды. Пры гэтым у спіс для галасавання на даму першы раз было ўнесена 29 выбаршчкаў (прагаласавалі ўсе), другі раз – 54 (прыняло ўдзел у галасаванні 49 чалавек). Як такое можа быць, мне асабіста абсалютна незразумела.

Таксама Барыс Вырвіч падкрэсліў, што было шмат парэшэнняў пры галасаванні на ўчастках для галасавання:

- Я асабіста быў сведкам, як выбарчыя бюлетэні выдаваліся па пасведчанні кіроўцы, па пратэрмінаваных пашпартах, дакументах на іншага чалавека. Шмат хто з людзей спрабаваў прагаласаваць наогул без прадастаўлення дакументаў, спасылаючыся пры гэтым выбарчай камісіі, штог раней яны пастаянна галасавалі без дакументаў і тыя ніякіх прэтэнзій не выказвалі. Таксама даволі шмат людзей пыталіся, ці можна ім прагаласаваць за сваякоў, таксама спасылаючыся на тое, што раней ім гэта дазвалялі (дарэчы, такі выпадак на Вялікамашчаніцкім участку для галасавання адбыўся ў прысутнасці назіральнікаў ад АБСЕ). На гэтым жа ўчастку для галасавання адбыўся яшчэ адзін смешны выпадак: на выбарчы ўчастак прыйшла жанчына ў нецвярозым стане, без дакументаў. Сябры камісіі адмовілі ёй у магчымасці прагаласаваць. Па яе словах, яна ўжо пайшла з участка, калі яе дагнаў незнаёмы мужчына, даў нейкі пашпарт і сказаў, каб яна вярнулася і прагаласавала. Яна так і зрабіла. Цырк і толькі...

Па словах спадара Вырвіча, на ўчастках пастаянна мянялася колькасць людзей, якія былі ўнесены ў спісы для галасавання. Для прыкладу, на тым жа Вялікамашчаніцкім выбарчым участку № 17 пры пачатку датэрміновага галасавання 14 снежня ў спіс выбаршчыкаў было ўнесена 637 чалавек, на пачатку асноўнага дня галасавання 19 снежня ў ім налічвалась 625 выбаршчыкаў, пры падвядзенні вынікаў галасавання на ўчастку камісія ўжо агучыла лічбу ў 609 чалавек.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international