viasna on patreon

Віцебшчына: 25 скаргаў у ЦВК

2010 2010-12-23T16:04:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/centrvybarkam.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Віцебску, па інфармацыі праваабаронцаў на сённяшні дзень, грамадскімі актывістамі ў Цэнтральную камісію па выбарах накіравана 25 скаргаў з патрабаваннем прызнаць выбары на асобных участках для галасавання несапраўднымі.

Рэгіянальны каардынатар Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў распавёў, што паводле вынікаў назірання ад Руху ў ЦВК накіраваны 24 скаргі.  

Хрыстафор Жаляпаў гаворыць, што “рухаўскія” назіральнікі працавалі на 61 участку Віцебскай вобласці. І на многіх участках вынікі і ўмовы галасавання былі такія, што выбары ніяк нельга прызнаць свабоднымі і дэмакратычнымі.

- Толькі на палове тых участкаў, дзе былі нашы назіральнікі, агучвалася асобна колькасць прагаласаваўшых датэрмінова і ў дзень выбараў, на ўчастках і дома, - падсумоўвае Х.Жаляпаў. – І амаль на ўсіх участках зафіксавана, што датэрмінова прагаласавалі ад 36% да 50% выбаршчыкаў. Прычым менавіта ўдзельнікі датэрміновага галасавання найбольш масава галасавалі за А.Лукашэнку, паводле прадстаўленых камісіямі звестак.

Паводле Хрыстафора Жаляпава, там, дзе вялікая колькасць датэрмінова прагаласаваўшых, за дзейнага прэзідэнта, паводле афіцыйных падлікаў, аддалі свае галасы ад 76% да 100% выбаршчыкаў. Такое “адзінадушша” выклікае сумневы, кажа актывіст, бо на чатырох участках вобласці, дзе камісія дзейнічала ў адпаведнасці з заканадаўствам – лічыла бюлетэні на вачах у назіральнікаў і называла лічбы ўголас – вынікі галасавання істотна адрозніваюцца. На двух такіх участках у Віцебску і двух у Верхнядзвінску, дзе выбары былі адносна празрыстыя, за А.Лукашэнку прагаласавалі 47-48% выбаршчыкаў, але і гэтая колькасць была набрана “за кошт” прагаласаваўшых датэрмінова.

Пра фальсіфікацыі сведчыць і наступны факт. На выбарчым участку ў вёсцы Германавічы камісія засведчыла, што непасрэдна 19 снежня прагаласавалі 230 выбаршчыкаў, хаця насамрэч на ўчастак з’явіліся 223 чалавекі, распавёў віцебскі каардынатар Руху “За свабоду”.

- Факты, якімі мы валодаем, дазваляюць нам зрабіць выснову, што на шэрагу ўчасткаў вынікі выбараў прызнаваць нельга. І з гэтай нагоды мы звярнуліся ў ЦВК. Паколькі афіцыйныя СМІ цвердзяць, што выбары прайшлі без сур’ёзных парушэнняў, мы лічым акцыі прытэсту 19 снежня заканамерным вынікам і прадказльнай рэакцыяй людзей на несправядлівасць, - заяўляе Хрыстафор Жаляпаў.

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў таксама накіраваў скаргу ў ЦВК - аб непрызнанні выбараў на ўчастку №35 Першамайскага раёна абласнога цэнтра.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства