viasna on patreon

Мінск: Камісія маніпулюе паказчыкамі яўкі

2010 2010-12-15T23:53:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smijan-semenuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміў Юрый Меляшкевіч, давераная асоба кандыдата Аляксея Міхалевіча, на ўчастку №104 Маскоўскага раёна сталіцы ў сераду ўвесь дзень вялося назіранне. З раніцы яго ажыцьцяўляў назіральнік Дзяніс Мазур, які налічыў 9 выбаршчыкаў, што прагаласавалі датэрмінова. Пасля абеду на ўчастку для галасавання прысутнічала сябра выбарчай камісіі ад Партыі БНФ  Ірына Смяян-Семянюк (на фота), якая налічыла 18 выбаршчыкаў. Такім чынам, агульная лічба прагаласаваўшых на гэтым участку ў сераду склала 27 чалавек.

Аднак  пратакол датэрміновага галасавання, вывешаны старшынём камісіі Насонавым Юрыем Аляксеевічам, утрымліваў замест лічбы 27 - лічбу 37 прагаласаваўшых!

На тое, што ўвесь дзень назіралі за скрыняй і лічылі яўку “па галавах” (пры гэтым дзякуючы прысутнасці сябра камісіі ад апазіцыйных сіл вядомы прозвішчы і адрасы ўсіх выбаршчыкаў, што прагаласавалі датэрмінова), старшыня камісіі нават не стаў звяртаць увагу.

Сведчыць сябра ўчастковай выбарчай камісіі Ірына Смяян-Семянюк: “У першы дзень датэрміновага галасавання прагаласавалі датэрмінова 15 чалавек – гэтая лічба была ўнесена ў пратакол і адпавядае звесткам назірання. Аднак у другі дзень лічба, зафіксаваная ў пратаколе, аказалася на 10 чалавек большай за дадзеныя назірання – 37 супраць 27. Я адразу ўласнаручна пералічыла колькасьць бюлетэняў, што засталіся ў камісіі – іх аказалася 58.”

Як адзначыла спадарыня Смяян-Семянюк, падобныя разыходжанні ў лічбах праліваюць святло на канфлікт, які здарыўся напярэдадні ў гэтай участковай камісіі: старшыня камісіі ўпарта забараняў сябру камісіі ад Партыі БНФ праставіць подпіс на адваротным баку кожнага з бюлетэняў для галасавання. Таму напачатку першага дня галасаваньня былі падпісаны сябрамі камісіі толькі 100 бюлетэняў, і спадарыня Смяян-Семянюк дамаглася на ўсіх праставіць свой подпіс.

Такім чынам, агулам за два дні датэрміновага галасавання камісія выдала 42 бюлетэні, а ў выніковым пратаколе значацца 52 прагаласаваўшых датэрмінова.

Як вынікае з падзеяў сённяшняга дня, адмова сябру выбарчай камісіі ў падпісанні бюлетэняў была сапраўды невыпадковай. На дадзены момант вынікі падліку галасоў па гэтым участку ужо цяпер можна паставіць пад сумнеў. 

Пра выяўленыя парушэнні назіральнікамі і сябрам камісіі былі складзеныя акты і скаргі, накіраваны ў вышэйстаячыя камісіі, пракуратуру і місію назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства