У Гомелі прайшоў агітацыйны сход супраць Лукашэнкі

2010 2010-12-11T11:24:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gomel-suprac-luk-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 снежня ў Гомелі прайшоў агітацыйны сход супраць кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі мясцовыя дэмакратычныя актывісты Уладзімір Кацора і Васіль Палякоў. Загадзя яны паведамілі тэрытарыяльнай камісіі Савецкага раёна аб месцы, часе і мэце правядзення мерапрыемства, і камісія дала згоду.

На сходзе прысутнічалі каля 200 чалавек, перад якімі выступілі з прамовамі Уладзімір Кацора, Васіль Палякоў і палітолаг Сяргей Нікалюк. Яны прадставілі сваё бачанне сучаснай Беларусі і яе нязменнага на працягу 16 гадоў прэзідэнта. У прыватнасці, у сваёй прамове Кацора спыніўся на такіх момантах, як эканамічная сітуацыя і вытокі праблем у гэтай сферы, палітычная ізаляцыя Беларусі. «Лукашэнка стаў прэзідэнтам, стаў палітыкам, але не стаў дзяржаўным дзеячам, бо ён мае адну мэту — любымі шляхамі ўтрымаць уладу. Нейкі час яму шанцавала, напрыклад, Расія дапамагла, падарыла 50 мільярдаў даляраў. Прэзідэнт — аўтарытарны лідэр, і штодзень у тэлевізарах мы бачым толькі адну гаворачую галаву. Іншых палітыкаў у нас няма — ён сам пра гэта казаў. А прадстаўнікоў урада, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў ён публічна абражае на планёрках, якія паказвае затым тэлебачанне», - падкрэсліў Кацора.

Васіль Палякоў нагадаў гамяльчанам, што 10 снежня адзначаецца дзень правоў чалавека, якія ў нашай краіне парушаюцца. «У нас парушаюцца грамадзянскія і палітычныя правы, ужо на працягу дзесяці гадоў на выбарах назіраюцца масавыя фальсіфікацыі. Дэпутатаў не выбіраюць — яны прызначаюцца. І несправядліва, што ўзорны парадак на вуліцах, чысціню прыпісваюць Лукашэнка, дэманструюць, як яго дасягненне. Гэта плён працы беларусаў, а не аднаго чалавека», - лічыць Палякоў.

З залы пачалі задаваць пытанні, не датычныя мэты сходу, а асабістых якасцяў выступоўцаў. Аднаго маладога чалавека цікавіла, чаму прадстаўнікі апазіцыі часта з'яўляюцца беспрацоўнымі, і за якія грошы яны жывуць. «Гэта падобна, як кат адсёк чалавеку ногі, а потым здзіўляецца: глядзіце, а чаму чалавек гэты не бяжыць?» - параўнаў палітолаг Нікалюк і нагадаў гамяльчанам, як працуе рэпрэсіўная машына дзяржавы ў адносінах да апазіцыі.

Пенсіянеры, якія былі на сходзе, выступалі за дзеючую ўладу. «Вы, напэўна, не жывяце ў Беларусі, калі не бачыце, як тут добра жыць», - адзначалі пенсіянеры. Яны ўпэўнівалі, што у Беларусі няма праблем. На рэпліку Кацоры, што Лукашэнка пасварыў нават людзей паміж сабой, адзін пенсіянер адказаў, што «наадварот — не пасварыў, ён усіх нас аб'яднаў».

Напрыканцы сходу была прынята рэзалюцыя аб тым, што неабходна накіраваць усе намаганні дэмакратычных сіл на перамогу апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі, у тым ліку шляхам абароны на Плошчы рэальных вынікаў галасавання. Таксама ў рэзалюцыі былі заклікі да кандыдатаў у прэзідэнты адкінуць асабістыя амбіцыі і зняць свае кандыдатуры на карысць адзінага кандыдата.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Фота з сайта Радыё Свабода

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international