viasna on patreon

Беларускія ўлады прымушаюць насельніцтва галасаваць датэрмінова

2006 2006-03-14T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка, кожны з выбарцаў без тлумачэньня прычыны мае права прыйсьці на ўчастак і прагаласаваць датэрмінова. Аднак паступаюць паведамленьні, што ад сёньняшняга дня ў шэрагу выпадкаў галасаваньні адбываюцца калектыўна, а выбарцаў прывозяць на ўчасткі аўтобусамі.
Так жыхар вёскі Капланы Смаргонскага раёну Станіслаў Харкевіч расказаў радыё Свабодзе, што дзеля дастаўкі выбарцаў на ўчастак для галасаваньня, разьмешчаны ў мясцовай школе, выпісаны калгасны аўтобус. Перадусім, ён давозіць да "скрыняў" пэнсіянераў з аддаленых ад цэнтральнай сядзібы вёсак: "Сёньня якраз першы дзень датэрміновага галасаваньня, дык усе ужо лётаюць, каля скрыняў міліцыя дзяжурыць. Гляджу, калгасны аўтобус выехаў і ўжо дзесьці паехаў па вёсках. Праўдамі й няпраўдамі арганізавалі аўтобус, каб вазіць старых з лагоў. Вось што яны робяць… А ўвогуле, няма пра што нават і гаварыць. Хоць я асабіста на ўчастак прыйду 19 сакавіка, безь пяці восем раніцы". Спадар Харкевіч наракае на дзяржаўную прапаганду, якая фактычна заклікае людзей браць удзел у датэрміновым галасаваньні. Між тым, бліжэй азнаёміцца з праграмамі альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў мясцовыя ўлады не даюць.
Адзін з сябраў участковай камісіі не аспрэчвае факту калектыўнай дастаўкі выбарцаў, але кажа, што ніхто ні на каго ня цісьне — кожны галасуе за свайго кандыдата на прэзыдэнта.
Як удакладнілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, датэрміновае галасаваньне адбываецца выключна ў памяшканьні выбарчага ўчастку. "Абыход" прадстаўнікамі камісіі хат забаронены.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства