viasna on patreon

Гродна: Адміністрацыя Ленінскага раёну не зацвердзіла склад участковых камісій

2010 2010-11-03T16:38:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па словах назіральніка Віктара Сазонава, адміністрацыя Ленінскага раёну г. Гродна фармальна не сфармавала склад участковых камісій, паколькі прысутныя члены выканкама (паседжанне вёў кіраўнік адміністрацыі Барыс Фёдараў) не галасавалі за зацвярджэнне выніковага пратаколу.

Паседжанне, на якое былі дапушчаны назіральнікі і прадстаўнікі палітычных партый, праходзіла па звыклым сцэнары. На пачатку была агучана агульная інфармацыя і лічбы вылучаных, якую давёў прысутным начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Роберт Бражук. Пасля гэтага было прынятае рашэнне галасаваць па колькасным складзе камісій без зачытвання прозвішчаў.

Калі дайшла чарга да ўчастковай камісіі №22, Уладзімір Хільмановіч, які вылучаўся ў яе склад, устаў і запытаў, паводле якіх крытэраў яго не рэкамендавалі ў камісію і папрасіў разгледзець яго кандыдатуру. Кіраўнік адміністрацыі Барыс Фёдараў заявіў, што ніхто не мае права ўмешвацца ў паседжанне і праігнараваў зварот, пасля чаго Хільмановіч пакінуў залу.

У выніку ў склад участковых камісій адміністрацыяй было прапанавана толькі 2 сябры АГП з 21 вылучаных і адзін прадстаўнік з 2 вылучаных Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. Аніводны з прадстаўнікоў БСДГ (вылучалася 10) і Партыі БНФ (таксама 10) у склад участковых камісій не трапіў. Пратакол паседжання, які запатрабаваў у канцы незалежны назіральнік Віктар Сазонаў, яму не далі.

“Мы сталі сведкамі чарговага палітычнага фарсу, ніхто і не збіраўся абмяркоўваць прапанаваныя кандыдатуры. Зноў выявілася яскравая дыскрымінацыя дэмакратычных партый” – каментуе сітуацыю Віктар Сазонаў.   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства