Гродзенскі раён: абсалютная “стэрыльнасць” участковых камісій

2010 2010-11-02T23:02:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/uladzimir-khilmanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч

Фармаванне ўчастковых камісій па Гродзенскім раёне (усяго іх 40) на паседжанні райвыканкаму заняло толькі 7 хвілін. Па ўжо звыклай завядзёнцы спісы персанальнага складу не зачытваліся, а прапанаваныя кандыдатуры не абмяркоўваліся. Усяго ў раёне працаваць у камісіях гэтага ўзроўню будуць 25 прадстаўнікоў “Белай Русі”, 24 – БРСМ, 37 – Беларускага саюзу жанчын, 101 вылучэнец розных дзяржаўных прафсаюзаў, 4 чалавекі прапанаваныя працоўнымі калектывамі, а таксама 280 чалавек, вылучаных шляхам збору подпісаў і падавання адпаведных заяў. На паседжанні прысутнічалі назіральнікі Уладзімір Хільмановіч і Мікола Воран.

Пры фармаванні складу ўчастковых камісій прагучала, што 14 вылучэнцаў не патрапілі ў іх склад. Уладзімір Хільмановіч запытаўся, паводле якіх крытэраў іх не ўключылі ў склад камісій і папрасіў паказаць дакументы аб іх вылучэнні. Гэты запыт быў задаволены, праўда, спатрэбіўся некаторы час, бо начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Валерый Балашоў не адразу адшукаў патрэбныя паперы. Урэшце выявілася, што чамусьці асаблівая актыўнасць назіралася пры вылучэнні ў камісію Абухаўскага выбарчага ўчастку №24. Рэч у тым, што ў гэтую камісію зборам подпісаў падала заяву сябра Партыі БСДГ Галіна Дзербыш. Такая “самадзейнасць” відавочна не ўваходзіла ў планы раённай адміністрацыі. І хоць Галіна Дзербыш была зарэгістравана ў перадапошні дзень вылучэння пад нумарам 1, раптоўна знайшлося яшчэ шэраг прэтэндэнтаў патрапіць менавіта ў гэтую камісію. У выніку ажно 5 чалавек аказаліся лішнімі. У іх лік, канешне, патрапіла і Галіна Дзербыш. Такім чынам, ва ўсіх 40 ўчастковых камісіях Гродзенскага раёну будуць працаваць толькі “надзейныя кадры”. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства