Рэгіёны падводзяць вынікі

2010 2010-11-01T22:52:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Завершыўся збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, падпісныя лісты здадзены ў тэрытарыяльныя камісіі на праверку. Хто з прэтэндэнтаў найбольш падтрыманы ў якім рэгіёне?

 

Па колькасці сабраных подпісаў на Віцебшчыне ў лідэрах Лукашэнка і Правальскі

Паводле звестак з абласной выбарчай камісіі, за Аляксандра Лукашэнку здадзена 221 тысяча подпісаў жыхароў вобласці. За вылучэнне на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах  віцебскага прадпрымальніка Уладзіміра Правальскага  --109 тысяч, прычым 108 з іх сабрана на тэрыторыі аднаго Першамайскага раёну Віцебска.

“Большасць подпісаў сабралі сам Уладзімер Правальскі і яго жонка – прынамсі, так зафіксавана ў падпісных аркушах, -- гаворыць член віцебскай абласной выбарчай камісіі Мікалай Селівашка.—Атрымліваецца, што кожны з іх сабраў ці не па 50 тысяч подпісаў. Гэтая лічба насцярожыла камісію, подпісы будуць пільна правярацца.

Трэцяе месца колькасці па сабраных у вобласці подпісаў займае ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева – 32 тысячы. 26 тысяч подпісаў здалі прыхільнікі Мікалая Статкевіча і 25 тысяч – Дзмітрыя Уса. За астататніх прэтэндэнтаў на Віцебшчыне сабралі менш як па 20 тысяч подпісаў.

 

Орша: Цэнтрвыбаркам выдае несапраўдныя лічбы

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў агучыла лічбы па колькасці пададзеных подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, якія выклікаюць шмат пытанняў. Так, ЦВК паведаміла, што за Уладзіміра Някляева па Віцебскай вобласці не пададзена ніводнага подпісу. У той жа час Аршанская гарадская камісія пацвярджае, што толькі да іх паступіла больш за 7 тысяч подпісаў у падтрымку Някляева. І гэта ў адной Оршы. Гэтая лічба адлюстравана ў пратаколе, падпісаным усімі сябрамі камісіі.

Оршу, здаецца, ніхто з Віцебскай вобласці не выводзіў. Выходзіць, што Цэнтравыбаркам не валодае сітуацыяй.

 

Вілейка: З дэмакратычных вылучэнцаў найбольш падтрымалі Яраслава Раманчука

Па інфармацыі сябраў ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты, найбольш вілейчан падпісалася за вылучэнне Яраслава Раманчука. На этапе збору подпісаў у Вілейцы актыўна працавала таксама каманда Рыгора Кастусёва.

Пачатак выбарчай кампаніі ў Вілейцы не заўважыць было цяжка: амаль штодзень у горадзе ў шматлюдных месцах стаялі пікеты па зборы подпісаў за Яраслава Раманчука, Рыгора Кастусёва ці Уладзіміра Някляева. Таксама ў Вілейцы збіралі подпісы за Алеся Міхалевіча і Андрэя Саннікава, але толькі абыходам кватэр.

У выніку больш за ўсё подпісаў у Вілейскую выбарчую камісію было здадзена за Яраслава Раманчука – каля трох тысяч. У адносінах да колькасці выбаршчыкаў – гэта 14%.

За Рыгора Кастусёва падпісалася больш за пяцьсот чалавек. Прыкладна аднолькавую колькасць, каля двухсот, сабралі каманды Алеся Міхалевіча і Уладзіміра Някляева. Каля сотні вілейчан падпісалася за Андрэя Саннікава.

Ініцыятыўных груп іншых дэмакратычных кандыдатаў у Вілейцы не было.

Зараз выбарчая камісія пачала праверку здадзеных подпісаў. Сябру АГП Уладзіміру Маларчуку, які быў уключаны ў склад камісіі, для праверкі прадаставілі подпісы за Лукашэнку, якія, на яго думку, былі папярэдне дакладна вывераныя.

 

У Бярозаўскім раёне па колькасці подпісаў лідзіруе Лукашэнка, за ім -- Някляеў

За дзеючага прэзідэнта падпісаліся 10.572 чалавекі. На другім месцы – Уладзімір Някляеў, за вылучэнне якога падпісаліся 1.633 выбаршчыкі. На трэцім – Рыгор Кастусёў -- за прадстаўніка Партыі БНФ падпісаліся 398 жыхароў Бярозаўскага раёна. Віктар Цярэшчанка мае 167 подпісаў, Андрэй Саннікаў -136, Віталь  Рымашэўскі – 102, Яраслаў Раманчук – 62, Алесь Міхалевіч – 3.

Трэба адзначыць, што ініцыятыўная група лідэра па колькасці подпісаў не выкарыстоўвала метад “ад дзвярэй да дзвярэй”, не лідзіравала і па колькасці пікетаў.

 

У Лельчыцах з альтэрнатыўных у лідэрах Міхалевіч

У Лельчыцах з альтэрнатыўных кандыдатаў найбольшую колькасць подпісаў выбаршчыкаў набраў старшыня арганізацыйнага камітэта  па стварэнні саюза “За мадэрнізацыю” Аляксей Міхалевіч. За яго падпісалася 87 чалавек.

На другім месцы сустаршыня арганізацыйнага камітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі – з 53 подпісамі.

Наступнымі ідуць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук (44) і лідэр кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў (29). Прычым за апошняга збор подпісаў праводзіў усяго адзін чалавек.

За Лукашэнку ў Лельчыцах было сабрана 3942 подпісы ініцыятыўнай групай колькасцю 17 чалавек.

 

Маладэчна: Лічбы “пляшуць”

На паседжанні Маладэчанскай раённай выбарчай камісіі былі агучаны лічбы па колькасці подпісаў, сабраных за прэтэндэнтаў у кандыдаты.

Больш за ўсё здзіўляе такая вялікая колькасць подпісаў за Лукашэнку. Пікет у горадзе выстаўляўся толькі аднойчы, падпісантаў на ім заўважана не было, па кватэрах подпісы таксама не збіралі. Нават на прадпрыемствах сёлета падпісвацца за Лукашэнку не прымушалі. Таму незразумела, якім чынам былі гэтыя подпісы сабраныя.

Таксама высветлілася, што за Віктара Цярэшчынку ў Маладэчне сабрана амаль паўтары тысячы подпісаў. Падазрона гэтая лічба выглядае таму, што за 2 дні да заканчэння збору подпісаў у камісію было здадзена толькі 16 подпісаў за гэтага прэтэндэнта ў кандыдаты.

Цікавая сітуацыя адбылася таксама з колькасцю подпісаў за Андрэя Саннікава. Па сведчанні Яўгена Каросціка, кіраўніка ініцыятыўнай групы, за спадара Саннікава ў Маладэчне было сабрана 1600 подпісаў. На паседжанні камісіі назвалі лічбу, большую на дзве сотні.

Сярод дэмакратычных вылучэнцаў у Маладэчне найбольш подпісаў было здадзена за Уладзіміра Някляева – больш за дзве тысячы, і за Яраслава Раманчука – паўтары тысячы подпісаў. За Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча і Віталя Рымашэўскага – прыкладна аднолькава, каля пяцісот. Зараз сябры ініцыятыўных групаў чакаюць вынікаў праверкі сабраных подпісаў.    

 

Жодзіна: За альтэрнатыўных вылучэнцаў здадзена подпісаў больш, чым за Лукашэнку

У 62-тысячным Жодзіна збіралі подпісы 9 прэтэндэнтаў у кандыдаты. Імі агулам было сабрана больш за 13 тысяч подпісаў жодзінцаў.

Найбольш подпісаў з альтэрнатыўных вылучэнцаў сабрана за У.Някляева (2219), затым ідзе А.Міхалевіч (1296), В.Цярэшчанка (1293), Я.Раманчук (748), А.Саннікаў (700), Статкевіч (396), Р.Кастусёў (158) і В.Рымашэўскі (131). Такім чынам, агулам восем гэтых прэтэндэнтаў у кандыдаты сабралі 6743 подпісаў, і гэта значыць, што сумарна іх падтрымала больш жыхароў Жодзіна, чым Лукашэнку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international