Гомельскага актывіста рэабілітаваў Камітэт ААН

2010 2010-10-18T21:11:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што ўлады Беларусі парушылі правы гомельскага грамадзкага актывіста Ўладзімера Кацоры на распаўсюд інфармацыі — забралі ў яго ў 2004 годзе 14 тысяч улётак «Пяць крокаў да лепшага жыцьця» й аштрафавалі на 30 базавых велічыняў.

Акурат сёньня спадар Кацора атрымаў заключэньне Камітэту ААН:

«Я, вядома, удзячны Камітэту ААН за ўвагу да майго лёсу. Гэта дужа прыемна. Але ўлады Беларусі абыякава ставяцца да высноваў аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі. Раней Камітэт прызнаў незаконнай ліквідацыю абласнога грамадзкага аб’яднаньня „Грамадзянскія ініцыятывы“. Аднак улады не парупіліся яго аднавіць. Ня думаю, што й гэтым разам улады прыслухаюцца да рэкамэндацыяў Камітэту ААН. Тым больш што ўлёткі міліцыя зьнішчыла яшчэ да рашэньня суду».

У Камітэт ААН Уладзімер Кацора паскардзіўся пасьля таго, як аспрэчыў свой штраф і канфіскацыю ўлётак ва ўсіх судовых інстанцыях, у тым ліку і ў Вярхоўным судзе Беларусі. Працяглы час яму давялося чакаць і разгляду сваёй справы ў камітэце ААН.

У 2004 годзе спадар Кацора вёз на прыватным легкавіку зь Менску ў Гомель улёткі выбарчага блёку «V-плюс». Ля паста ДАІ ў Лебядзёўцы Жлобінскага раёну яго спынілі дарожныя патрулі з паўдзясяткам іншых машын зь міліцыяй і людзьмі ў цывільным.

У Жлобінскім РАУСе ўлёткі адабралі й склалі на актывіста адміністрацыйны пратакол за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі — выбарчага блёку «Пяцёрка плюс», у які ўвайшлі апазыцыйныя беларускія партыі. На падставе гэтага пратаколу Жлобінскі раённы суд аштрафаваў спадара Кацору на 30 базавых велічыняў.

Камітэт ААН па правах чалавека лічыць: паколькі Ўладзімер Кацора ня ўдзельнічаў у нейкай незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі, то санкцыі супраць яго незаконныя й парушаюць артыкул 19 ратыфікаванага Беларусьсю Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Няма важкіх аргумэнтаў і наконт таго, што выбарчы блёк «V-плюс» як грамадзкая асацыяцыя павінен быў асобна рэгістравацца Міністэрствам юстыцыі.

На падставе рэкамэндацый камітэту ААН урад Беларусі мусіць забясьпечыць «ахвяры парушэньня эфэктыўны сродак прававой абароны, уключна з поўным пакрыцьцём выдаткаў і належнай кампэнсацыяй», а таксама абавязаны «не дапускаць падобных парушэньняў у будучыні».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international