viasna on patreon

Круглы стол у абарону царквы «Новае Жыццё»

2010 2010-10-15T16:40:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

14 кастрычніка ў царкве «Новае Жыццё» прайшоў круглы стол у абарону канстытуцыйнага права вернікаў на свабоду веравызнання.

Удзельнікі круглага стала заклікалі беларускія ўлады спыніць ціск на Вячаслава Ганчарэнку, пастара менскай царквы "Новае Жыццё" Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь, і яе вернікаў.

У прынятай рэзалюцыі ўдзельнікі пасяджэння заклікалі ўлады забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйнага права на свабоду сумлення і веравызнання, а міжнародныя арганізацыі і праваабарончыя структуры - да салідарнасці з прыхаджанамі абшчыны, а таксама з усімі беларускімі грамадзянамі, якія адстойваюць сваё права на свабоду сумлення і веравызнання.

На пасяджэнні вырашана, што рэзалюцыя пасля яе падпісання дэмакратычнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта, лідэрамі палітычных партый і грамадскіх структур, а таксама прадстаўнікамі грамадскасці будзе накіравана ў Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Дакумент таксама будзе накіраваны ў Еўрапарламент, офіс АБСЕ ў Мінску і міжнародныя праваабарончыя структуры.

У пасяджэнні ўдзельнічалі кіраўнікі царквы, юрысты, праваабаронцы, палітыкі і журналісты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства