Гары Паганяйла падаў у суд на Лідзію Ярмошыну

2010 2010-10-14T15:24:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gary_paganiajla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Вядомы беларускі юрыст Гары Паганяйла атрымаў адмову суда Маскоўскага раёна Мінска ўзбудзіць справу па яго скарзе на дзеянні старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту прасіў суд прызнаць неправамернымі дзеянні Л.Ярмошынай па разглядзе яго звароту ў ЦВК і абавязаць яе  разгледзець гэты зварот калегіяльна, а не адзінаасобна, як таго патрабуюць беларускія законы. 

Гаворка ідзе пра скаргу Гары Паганяйла ў ЦВК ад 20 верасня, у якой ён прапаноўваў сябрам Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў не рэгістраваць ініцыятыўную групу дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым зварот да сяброў ЦВК утрымліваў дэтальнае абгрунтаванне юрыдычных прычын, па якіх А.Лукашэнка не мае права балатавацца на чацвёрты тэрмін.

Гары Паганяйла падкрэслівае ў сваёй заяве ў Маскоўскі суд, што скарга ў ЦВК, “у адпаведнасці з прадпісаннямі ч.2 арт. 33 Выбарчага кодэксу, падлягала разгляду Цэнтральнай камісіяй калегіяльна”. “Аднак, у парушэнне ўсталяванага парадку пытанне не было вынесена на паседжанне  Цэнтральнай камісіі, а я атрымаў фармальную адпіску за подпісам старшыні   Цэнтральнай камісіі Ярмошынай Л.М., -- гаворыцца ў зыскавой заяве ў Маскоўскі суд. – Як бачна з паштовых адзнак, мой пісьмовы зварот пастапіў у Цэнтральную камісію 20.09.2010 г., а адказ датаваны 21.09.2010 г., г. зн. задоўга да разгляду пытання аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты А.Р.Лукашенко. Яно адбылося толькі 27.09.2010 г.”.  Гары Паганяйла спасылаецца, у прыватнасці, на ч.4 арт. 32-1 Выбарчага кодэксу, згодна з якой пастаўленае ім пытанне павінна было разглядацца калегіяльна Цэнтрвыбаркамам у прысутнасці не менш за дзве траціны яго складу. Ён цытуе таксама арт. 59 Канстытуцыі, які ўскладае адказнасць за парушэнне правоў і свабод асобы на супрацоўнікаў дзяржаўных органаў, якія  павінны ў межах сваёй кампетэнцыі гэтыя правы і свабоды абараняць.

Атрымаўшы 13 кастрычніка адмоўнае рашэнне Маскоўскага суда, вынесенае суддзёй Гусаковай, Гары Паганяйла, у сваю чаргу, напісаў прыватнае азначэнне на дзеянні суда. Па яго словах, цяпер яго заява вярнулася назад у Маскоўскі суд, і на гэты раз, верагодна, справа будзе ўсё-ткі ўзбуджана. Больш за тое, іншыя юрысты БХК, якія таксама накіравалі ў ЦВК аналагічныя звароты і атрымалі падобныя адказы, звярнуліся ў суд.

На пытанне, як ён ацэньвае свае шанцы атрымаць станоўчы адказ, вядомы юрыст адказаў: “Фактычна шанцаў ніякіях, бо мы разумеем: судоў для нас няма. Але як юрысты мы павінны скарыстоўваць прававыя механізмы для абароны Канстытуцыі”. На думку Гары Пятровіча, “спрабуючы ўтрымацца ва ўладзе неканстытуцыйным шляхам, Лукашэнка фактычна здзейсніў канстытуцыйны пераварот, наша ліберальная Канстытуцыя аказалася  перакуленай”. Кожны грамадзянін краіны мае права абараняць канстытуцыйны лад, бо гэта частка абароны сваіх правоў і, па сутнасці, самаабароны, кажа правабаронца. “Справа палітыкаў – прымаць рашэнні, у тым ліку неканстытуцыйныя. Але народ мае права абараняць Канстытуцыю любымі метадамі, і гэта выцякае з самой Канстытуцыі. Усе мы маем права на самаабарону. Сам Гары Пятровіч лічыць за лепшае абараняць Канстытуцыю мірнымі сродкамі і вучыць гэтаму іншых.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international