Суды не задавальняюць скаргаў на рашэнні аб утварэнні тэрытарыяльных камісій

2010 2010-10-03T22:02:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Барысаў

Тры гадзіны доўжылася паседжанне Барысаўскага раённага суда па скарзе Барысаўскай раённай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі на неўключэнне ў склад Барысаўскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі свайго прадстаўніка Рэгіны Вільтоўскай. Рашэнне суду - скаргу адхіліць.

Цікавыя падрабязнасці адкрытага судовага паседжання, якое праводзіла суддзя Барысаўскага раённага суда Наталля Херавец. На паседжанні прысутнічалі дэмакратычны актывіст Алег Мацкевіч, прадстаўнік АГП Рэгіна Вільтоўская, якая не трапіла ў склад ТВК, у якасці сведкі выступала Марына Статкевіч, якая прысутнічала на паседжанні прэзідыўма Савета дэпутатаў і Барысаўскага райвыканкама ў мінулы панядзелак. Фармуючы камісію орган прадстаўляла галоўны спецыяліст юрыдычнага аддзела Барысаўскага райвыканкама, якая ў паседжанні па фармаванні ТВК не ўдзельнічала.

Судовае паседжанне пачалося з таго, што суддзя Херавец паўтары гадзіны высвятляла, што гэта за партыя - АГП, ці зарэгістраваная яна. Для гэтага суддзя нават тэлефанавала ў Мінюст. Увесь гэты час удзельнікі паседжання чакалі ў калідоры.

Прадстаўнік юрыдычнага аддзела райвыканкама (прозвішча якой была вымаўлена вельмі невыразна і больш не паўтаралася) пачала свой выступ з таго, што заявіла аб поўнай празрыстасці і галоснасці паседжання па фармаванні ТВК. Праўда, на пытанне апанентаў, у які час і ў прысутнасці каго праходзіла абмеркаванне кандыдатур, адказаць штосьці пэўнае так і не змагла. Затое растлумачыла суду, што выбар кандыдатур засноўваўся на іх "жыццёвым досведзе і арганізатарскіх здольнасцях". Пытанне "чаму ж была адхіленая кандыдатура Вільтоўскай, якая  12 гадоў прапрацавала на буйным барысаўскім прадпрыемстве ПА "Экран", але зацверджаная кандыдатура пенсіянеркі Аўгусцінавіч?" засталося рытарычным. Бо нельга ж усерьёз успрымаць у якасці адказу спасылку на  старшыню ЦВК РБ  Лідзію Ярмошыну, якая неяк заявіла, што ва ўсіх прадстаўнікоў апазіцыі кепскія характары.

Адхіленне скаргі барысаўскіх сяброў АГП было матывавана тым, што суддзя не ўгледзела ў дзеяннях прэзідыўма Савета дэпутатаў і райвыканкама парушэння выбарчага заканадаўства. Такім чынам, прэтэндэнт у кандыдаты, намеснік старшыні АГП Яраслаў Раманчук застаецца без прадстаўніка сваёй партыі ў Барысаўскай ТВК. "На законных падставах".

Баранавічы

1 кастрычніка суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну разглядаў скаргу партыі левых “Справядлівы свет” на неўключэнне ў склад гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі сябра партыі Віктара Цяпіна.

Разглядаў справу суддзя Пётр Макадай пры сакратары Але Барбарыч. Ад Баранавіцкага гарвыканкама выступалі ў судзе загадчыца арганізацыйна-кадравай службы Вольга Дудко і юрыст Алег Яўсеяў.

Віктар Цяпін адзначыў, што з 19 вылучых у склад гарадской камісіі трапіў толькі адзін прадстаўнік палітычнай партыі (Мікалай Багданаў–КПБ), а другі прадстаўнік (Віктар Цяпін –“Справядлівы свет”) не быў уключаны. Ён заўважыў, што засталіся невядомымі крытэрыі адбору прадстаўнікоў партый і грамадскіх арганізацый у склад выбарчых камісій. Віктар Цяпін сказаў, што такія “грамадскія арганізацыі” як “Белая Русь”, БРСМ, ветэранскія структуры – гэта фактычна аддзелы гарвыканкама, бо яны маюць дзяржаўныя офісы і атрымліваюць заробкі ад дзяржавы.

Партыец тлумачыў, што палітычныя партыі ствараюцца для ўдзелу менавіта ў палітычным жыцці краіны, а грамадскія арганізацыі (яны найбольш прадстаўлены ў Баранавіцкай выбарчай камісіі) маюць розныя іншыя задачы. Выбары прэзідэнта – гэта найгалоўнейшая палітычная падзея ў жыцці краіны і тут, сцвярджаў Віктар Цяпін, прыярытэт належыць палітычным партыям. Таму ён прасіў прызнць рашэнне гарвыканкама і прэзідыума гарсавета ад 28 верасня незаконным і ўключыць яго ў склад гарадской выбарчай камісіі.

У выніку абмеркавання суд прызнаў патрабаванні Віктара Цяпіна неабгрунтаванымі і вынес рашэнне, што рашэнне гарвыканкама і прэзідыума гарсавета з’яўляецца законным.

“Праваабаронцы  за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international