Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, верасень 2010 году

2010 2010-10-11T23:33:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пачатак восені ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны выдаўся даволі багатым на падзеі, што часткова зьвязана з набліжэньнем кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі. У верасьні адбыліся сілавыя разгоны мірных акцыяў,  шматколькасныя затрыманьні, працягваўся наступ на свабоду слова, адміністрацыйны перасьлед, моўная дыскрымінацыя. Заўчасная сьмерць заснавальніка апазіцыйнага сайта charter97.org Алега Бебеніна, закідваньне расейскай амбасады ў Менску, а праз тыдзень ізалятару на Акрэсьціна “кактэйлямі Молатава” і шматразовыя перазатрыманьні падозраных, сярод якіх былі грамадзка-палітычныя актывісты, з наступнай перакваліфікацыяй крымінальных артыкулаў спрыялі стварэньню ў грамадзтве абстаноўкі напружанасьці. Завершыўся верасень праваабарончым тыднем у Вільні, дзе запар прайшлі тры важныя і прадстаўнічыя мерапрыемствы – Штогадовая сустрэча Сеткі дамоў правоў чалавека (СДПЧ), міжнародная канферэнцыя па правах чалавека краінаў Балтыі і Беларусі і ІІ Беларускі праваабарончы форум. 

1 верасьня пачаўся новы навучальны год і тысячы беларускіх дзяцей пайшлі ў школу, і толькі нямногія – ў беларускую. Колькасьць дзяцей, якія вучацца па-беларуску апошнія гады скарачаецца, і не ўсе жадаючыя могуць атрымаць навучаньне на роднай мове. Паводле статыстыкі, у краіне 1900 беларускамоўных школ, але пераважным чынам яны малакамплектныя і знаходзяцца ў вёсках, таму на роднай мове ў папярэднім годзе навучаліся толькі 18,6 % школьнікаў. Так, у мястэчку Бобр Крупскага раёну навучацца па-беларуску будзе толькі Мікола Пушкін – сын вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна. Таксама адзінай навучэнкай беларускамоўнага класу ў Магілёве стала Ялінка Салаўёва. Пяцікласьніца Алеся Бука вымушана была адмовіцца ад навучаньня ў прэстыжнай  Глыбоцкай гімназіі і пайсьці вучыцца ў сярэднюю школу райцэнтру, дзе сфармавалі клас з беларускай мовай навучаньня. 

10 верасьня ў Менску прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці прадставілі маніторынг па развіцьці сітуацыі ў Беларусі з лістапада 2008 г. па верасень 2010 г. Над дакументам працавалі эксьперты з Беларускага Хельсінскага Камітэту (БХК), Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Асамблеі НДА, Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” ды іншых. Напярэдадні, 8 верасьня, прэзентацыя маніторынгу адбылася ў Бруселі для чыноўнікаў Еўрапейскага Саюзу. Унікальнасьць дакумента ў тым, што яго аўтары сфармулявалі крытэрыі вымярэньня прагрэсу – адносна незалежных СМІ, свабоды сходаў, свабоды аб’яднаньняў і становішча грамадзянскай супольнасьці – па якіх прадстаўнікі Еўрасаюзу могуць ацэньваць развіцьцё сітуацыі ў Беларусі. Асноўным крытэрам ацэнкі сітуацыі зьяўляўся сістэмнасьць зьменаў, замацаваных на ўзроўні заканадаўства. Аўтары маніторынгу лічаць, што палітыка Еўрасаюзу ў дачыненні да Беларусі павінна быць дзейснай, таму заклікаюць не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, але часова прыпыніць іх дзеяньне. Таксама яны рэкамендавалі не падтрымліваць тэхнічныя праекты такіх беларускіх рэпрэсіўных інстытутаў, як КДБ і Міністэрства ўнутраных справаў.  

Традыцыйны Дзень беларускай Салідарнасьці 16 верасьня скончыўся не толькі масавымі затрыманьнямі, але і сапраўднай бойкай каля міліцэйскага пастарунку. Мірная акцыя, якая звычайна праводзілася на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, гэтым разам праходзіла каля Касьцёла сьвятога Язэпа на плошчы Свабоды, што было зьвязана з абвешачанай Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыяй кампаніяй за вяртаньне будынку вернікам. Напярэдадні акцыі каля 19 чалавек былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС сталіцы. Затрыманых адпусьцілі праз тры гадзіны без складаньня пратаколаў. 20 верасьня  працяг акцыі атрымаўся яшчэ больш брутальны і жорсткі. Міліцыянты не далі абаронцам касьцёлу падысьці да будынку: каля 12 чалавек былі прэвентыўна затрыманыя, некаторых з іх па дарозе ў Цэнтральны РУУС сталіцы моцна зьбілі. Лідэру партыі БХД Паўлу Севярынцу разьбілі твар, лідэра маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча білі нагамі ў грудзі. Ізноў усіх адпусьцілі цягам некалькіх гадзін без складаньня пратаколаў.

 14 верасьня на пачазарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ прынята пастанова аб прызначэньні выбараў прэзідэнта Беларусі на 19 сьнежня. Паколькі прэзідэнцкія выбары зьяўляюцца значнай падзеяй у палітычным жыцьці краіны, а сітуацыя напярэдадні іх правядзеньня даволі складаная, 16 верасьня прадстаўнікі ПЦ “Вясна” і БХК заявілі пра пачатак кампаніі па маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. У маніторынгу, які праводзіцца з мэтай ацэнкі выбарчага працэсу з пазіцый нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў, задзейнічана 80 назіральнікаў, размеркаваных па ўсёй тэрыторыі Беларусі. У назіраньні непасрэдна за ходам галасаваньня прымуць удзел 600 актывістаў на 300 выбарчых участках у розных рэгіёнах, што дасць магчымасьць праваабаронцам зрабіць заключэньне адносна дэмакратычнасьці і празрыстасьці выбарчай кампаніі.   

Удзельнікі Штогадовай сустрэчы Сеткі Дамоў правоў чалавека, якая праходзіла 22-23 верасьня ў Вільні, накіравалі прэзідэнту Беларусі Лукашэнку зварот з заклікам прыняць тэрміновыя меры па выкананьні міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека. У звароце говорыцца, што нягледзячы на распачаты дыялог паміж беларускім урадам і Еўрапейскім Саюзам, Беларусь не выканала папярэднія ўмовы ЕС, неабходныя для ўключэньня Беларусі ў праграму "Усходняга партнёрства". А менавіта: Беларусь праігнаравала наступныя патрабаваньні: 1) быць краінай без палітычных зьняволеных; 2) забясьпечыць свабоду СМІ; 3) працягнуць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэформе выбарчага заканадаўства; 4) палепшыць умовы дзейнасьці НДА; 5) гарантаваць права на свабоду сходаў і палітычных асацыяцыяў.

Варта адзначыць, што амаль адначасова ў Жэневе праходзіла 15-я сесія Савета ААН па правах чалавека. 23 верасьня на ёй быў разгледжаны і прыняты канчатковы даклад Усеагульнага перыядычнага агляду (УПА) па правах чалавека ў Беларусі. Беларусі было рэкамендавана зрабіць шэраг дзеяньняў у галіне права і правапрымяняльнай практыкі. Сярод іншых урад краіны не прыняў рэкамендацыі па адмене сьмяротнага пакараньня, адмене артыкула 193.1 КК, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць грамадзян за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў, рэкамендацыі па выкананьні свабоды сходаў грамадзян, выбарчым заканадаўстве і свабоды слова.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні ўдзельнікаў мірных акцыяў

 15 верасьня ў Ваўкавыску адбыўся суд над Міколам Кавальчуком па абвінавачаньню ў самавольным вывешваньні мемарыяльнай шыльды ў гонар 100-годзьдзя выбітнай паэткі Ларысы Геніюш. Судзьдзя прысудзіў штраф у памеры 2 б.в., але пастанавіў вярнуць шыльду законнаму ўладару.

20 верасьня судзьдзя Цэнтральнага райсуду Гомеля Марына Дамненка прызнала актывіста «Маладой Беларусі» Івана Зайцава вінаватым у дробным хуліганстве (брыдкаслоўе) і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Па сукупнасьці двух артыкулаў КаАП актывіст атрымаў адміністрацыйны штраф у памеры 50 базавых велічынь (1 мл 750 тыс руб). І. Зайцаў быў схоплены трыма невядомымі ў цывільным 11 верасьня падчас правядзеньня сьвяточнага канцэрта ў Дзень гораду, калі падняў над галавой нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. У судзе ён патлумачыў, што сапраўды супраціўляўся, аднак не мог ведаць, што невядомыя –  супрацоўнікі міліцыі. Варта адзначыць, што да першага судовага паседжаньня 13 верасьня І. Зайцаў двое сутак утрымліваўся за кратамі ў ІЧУ. 

24 верасьня судзьдзя Петрыкаўскага райсуду Сяргей Багінскі прызнаў гомельскага актывіста БХД Кастуся Жукоўскага віноўным у парушэньні двух артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу (дробнае хуліганства – брыдкаслоўе і супраціў міліцыі) і пакараў арыштам на тэрмін 10 сутак. Супраць актывіста сьведчылі міліцыянты Грамкоў і Аўчыньнікаў, якія акурат і спрычыніліся да зьбіцьця актывіста 17 верасьня на фэсьце “Покліч Палесься” ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну. У выніку К.Жукоўскі трапіў у раённую лякарню, адкуль яго праз двое з паловай сутак дачасна выпісалі, пасьля чаго ён працягваў лячыцца амбулаторна ў Гомелі. Мэдычны эпікрыз судзьдзя да ўвагі ня ўзяў, затое прыслухаўся да словаў міліцыянтаў. Пратэстуючы супраць незаконнага пакараньня актывіст за кратамі абвесьціў галадоўку.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 7 верасьня сакратарыят Грамадзкага аб’яднаньня “Саюз беларускіх пісьменьнікаў” прыняў заяву наконт утрыманьня пад вартай Міхася Башуры. У заяве адзначаецца, што больш за месяц таму, 6 жніўня, быў гвалтоўна затрыманы паэт і выдавец, сябар Саюза беларускіх пісьменьнікаў М. Башура. Сьледчыя органы інкрымінавалі яму “эканамічнае злачынства” – падробку фінансавых дакументаў дзеля атрыманьня ягонай жонкай грашовага крэдыту ў банку. М.Башуру абвінавачваюць у падробцы даведкі з месца працы. Да арышту ён браў актыўны ўдзел у кампаніі “Гавары праўду”, за што неаднаразова затрымліваўся, прычым у апошні раз падчас ператрусу ў яго канфіскавалі тысячы подпісаў менчукоў за наданьне адной з вуліц Менску імя Васіля Быкава. Сакратарыят ГА “СПБ” заявіў, што да М.Башуры прынятыя меры стрыманьня крайне неадэкватныя правапарушэньню, якое яму інкрымінуецца, і патрабуе неадкладнага вызваленьня яго з-пад варты, як гэта і прадугледжана беларускім заканадаўствам. М.Башура знаходзіцца ў Жодзінскім ізалятары, хадайніцтвы адваката аб зьмяненьні да суду меры стрыманьня, задаволеныя не былі. 

  1. Перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў

 Напачатку верасьня ў Менску актывістам грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" быў забаронены сумесны прагляд і футболу, і хакею. Прычына дастаткова абсурдная – майкі з надпісам “Праўда пераможа!” Першы інцыдэнт адбыўся 7 верасьня на стадыёне “Дынама” перад пачаткам футбольнага матчу Беларусь-Румынія. Пры ўваходзе ў адпаведны сектар, усіх прасілі расшпіліць курткі. Каля 50 чалавек у майках "Гавары праўду" завезьлі пастарунак.

 Затрыманьнямі 12 актывістаў кампаніі ў спарткомплексе "Менск-Арэна" завяршылася 9 верасьня аналагічная спроба патрапіць на хакейны матч кантынентальнай хакейнай лігі Дынама (Менск) — Тарпеда (Ніжні Ноўгарад). У Цэнтральным РУУС сталіцы іх не толькі зьнялі на відэа і правялі дактыласкапію, але фактычна зьдзекваліся – зрывалі ці разразалі майкі з лагатыпам кампаніі. Па словах прэс-сакратара кампаніі Юлі Рымашэўскай, паводзіны міліцыянтаў гэтым разам былі больш жорсткія, чым з затрыманымі падчас футбольнага матчу, мелі месца фізічныя зьдзекі — і хлопцаў, і дзяўчат ставілі на так званую расьцяжку, рабілі “ластаўку”. Актывісты кампаніі "Гавары праўду" падалі скаргі ў ФІФА, УЕФА і КХЛ на парушэньне іх правоў як заўзятараў. Сем чалавек зьвярнуліся ў пракуратуру Ленінскага раёна сталіцы, іншыя – ў пракуратуру Цэнтральнага раёну.

3-га верасьня з затрыманьня актывістаў анархісцкага кірунку пачалася маштабная акцыя супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Калі напачатку за падпал расейскай амбасады ў Менску ў якасьці падазраваных былі зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна 7 чалавек, то 8 верасьня ўжо за напад на Акрэсцьна туды адправілі грамадзка-палітычных дзеячоў – сябра Партыі свабоды Сяргея Папова, сябра “Правага альянсу” Ігара Чапігу і эколага Уладзіміра Валодзіна. Кожны раз праз трое сутак яны не выходзілі на волю, а заставаліся за кратамі ў якасьці падазраваных па іншай крымінальнай справе, што цалкам супярэчыць нормам крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Сьледчыя дзеяньні амаль не праводзіліся, тым ня менш актывісты правялі за кратамі па некалькі 3-суткавых тэрмінаў.

13 верасьня экалагічныя арганізацыі Беларусі, Расіі і Літвы выступілі з сумесным зваротам да беларускіх уладаў з патрабаваньнем неадкладна вызваліць У. Валодзіна. На волю ён выйшаў толькі 17 верасьня, як і І. Чапіга. С.Папоў быў вызвалены пазьней. 

  1. Паршэньне прынцыпу свабоды слова і распаўсюду інфармацыі

 14 верасьня актывіст дэмакратычнага руху з Салігорску Андрэй Тычына аштрафаваны судом на 35 базавых велічыняў (1 млн 225 тыс. руб) за распаўсюд незалежнага друку. Ён разам з мясцовай прадпрымальніцай Тацянай Кучынскай быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі на гарадзкім рынку 31 жніўня, калі раздаваў незалежную газэту "Мы і рынак", а таксама "Газэту Някляева" з лагатыпам грамадзкай кампаніі "Гавары праўду". Суд над Т. Кучынскай адбыўся 23 верасьня, яна аштрафаваная на 40 б. в. (1 млн. 400 тыс. руб).

Незалежнае выданьне «Народная воля» атрымала яшчэ адно папярэджаньне - чацьвёртае. Яго падпісаў 13 верасьня міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі за парушэньне арт. 4 закону «Аб СМІ», які прадпісвае распаўсюджваць інфармацыю, што адпавядае рэчаіснасьці. Між тым, паводле арт. 51 п. 2.2. закона «Аб СМІ», вынясеньне рэдакцыі альбо заснавальніку СМІ на працягу года двух і больш папярэджаньняў можа пацягнуць за сабой прыпыненьне выпуску гэтага СМІ.

Яшчэ адно папярэджаньне міністэрства за распаўсюд неадпаведаючай рэчаіснасьці інфармацыі 14 верасьня атрымала недзяржаўнае выданьне — «Брестская газета».  Аднак інфармацыя, аналагічная той, што апублікавала «БГ», зьявілася і ў шэрагу іншых выданьняў вобласьці — у тым ліку ў газеце «Заря» (сузаснавальнікамі якой выступаюць Берасьцейскі аблвыканкам і Берасьцейскі аблсавет дэпутатаў). На думку намесьніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, «як у выпадку з „Народнай воляй“, так і ў выпадку з „Брестской газетой“ мы бачым, што Мінінфармацыі выносіць папярэджаньні, нават не паспрабаваўшы разабрацца ў канфлікце. Між тым, закон „Аб СМІ“, а дакладней, яго артыкулы 42–44, падрабязна апісваюць парадак выпраўленьня недакладнай інфармацыі”.

15 верасьня галоўны судзьдзя Наваградскага райсуду Васіль Аляхновіч пакараў актывістаў кампаніі "Гавары Праўду" Івана Дзяшука і Натальлю Кацмаёр штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (700 тыс. руб.) кожнага за распаўсюд незарэгістраванага выданьня "Праўда Някляева". 

15 верасьня Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў "Нашай Ніве" ў задавальненьні скаргаў на два папярэджаньні, вынесеныя газэце Міністэрствам інфармацыі. У адным з папярэджаньняў міністэрства зьвінаваціла газету ў распаўсюджваньні зьвестак, якія нібыта не адпавядаюць рэчаіснасьці. Гаворка ідзе пра артыкул пад назвай "Хросны бацька сканфіскаваў". Другое папярэджаньне было вынесенае за артыкул "БРСМ рэкламуе фільм "Хросны бацька".

16 верасьня адна з найбуйнейшых недзяржаўных арганізацыяў Беларусі адзначыла 15-годзьдзе. Сузаснавальнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў у 1995 годзе сталі 38 чалавек. Сёньня БАЖаўцаў ужо больш за 1000. Акрамя цэнтральнага офіса ў Менску, асацыяцыя мае 5 рэгіянальных філіяў.  З 1997 г. БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ).  У дзень свайго юбілею грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заявіла, што і далей будзе адстойваць інтарэсы сваіх сябраў і правы беларускіх грамадзянаў на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, свабоду слова і выказваньня як асноўныя каштоўнасьці дэмакратычнага грамадства.

У верасьні міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» выступіла з заявай, у якой выказала апасеньне, што «трывожныя сігналы, якія зараз паступаюць на адрас выданьняў, пракладаюць шлях для новых урадавых забаронаў напярэдадні кампаніі па выбарах прэзідэнта». 

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

 12 верасня адбыўся трэці ўстаноўчы з’езд Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, і 17 верасьня пакет неабходных дакументаў быў пададзены на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Па словах сустрашыні партыі Паўла Севярынца, час падачы дакументаў быў выбраны адмыслова, бо праз месяц Еўрасаюз будзе вырашаць пытаньне з візавымі санкцыямі адносна вышэйшых кіраўнікоў краіны.

 15 верасьня Асамблея НДА прыняла заяву, у якой выказала занепакоенасьць ўзмацненьнем ціску на няўрадавыя арганізацыі з набліжэньнем выбараў прэзідэнта. У заяве падкрэсьліваецца, што судовая ліквідацыя і незаконныя адмовы ў рэгістрацыі даюць уладам магчымасьць задзейнічаць антыканстытуцыйны артыкул 193.1 КК РБ, які карае за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў.

 22 верасьня напярэдадні 15-й сесіі Савета па правах чалавека ААН прадстаўнікі Асамблеі НДА, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Моладзі БНФ, Ініцыятывы ды іншых дэмакратычных няўрадавых аб’яднаньняў у рамках кампаніі “Стоп 193.1!” зладзілі перформанс ў касьцюмах персанажаў папулярнага мультфільма “Шрэк” каля будынку Міністэрства замежных справаў Беларусі. Сатырычная акцыя стала адказам на крывадушную пазіцыю ўладаў, бо ў апошні год неаднаразова чуліся абяцаньні з боку чыноўнікаў Мін'юсту, ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў аб скасаваньні крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аднак 15 верасьня МЗС Беларусі адправіла ў ААН дакумент пад назвай “Меркаваньні і адказы Рэспублікі Беларусь па высновах і/альбо рэкамендацыях, прынятых для далейшага разгляду кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду 14 траўня 2010 году”. З тэксту дакументу вынікае, што ўлады ўхіліліся ад вырашэньня прынцыповых пытаньняў, працягваючы заяўляць пра адсутнасьць сур’ёзных праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі. Так, напрыклад, у “Меркаваньнях...” несумленна сьцьвярджаецца: “Беларусь не прымае рэкамендацыю адносна скасаваньня артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу. Дадзены артыкул ськіраваны на спыненьне дзейнасьці ў Беларусі экстрэмісцкіх групаў і арганізацыяў...”.

 29 верасьня ў Берасьцейскім аблсудзе адбыліся папярэднія слуханьні па зыску заснавальнікаў Грамадзкага праваабарончага аб'яднаньня "Берасьцейская Вясна" да галоўнага ўпраўленьня аблвыканкама, якое не зарэгістравала арганізацыю. Прычынай адмовы паслужылі нібыта несапраўдныя дадзеныя ў дакументах, пададзеных на рэгістрацыю, а менавіта – нумар дому аднаго з заснавальнікаў. Аднак памылілася якраз абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў, якое прадставіла памылковыя дадзеныя аб месцы пражываньня аднаго з заснавальнікаў: замест дому № 12 быў указаны № 13. Між тым, у дакументах заснавальнікаў усё было пазначана правільна. Спробы вырашыць спрэчнае пытаньне наконт рэгістрацыі “мірным шляхам” плёну не далі, таму праваабаронцы зьвярнуліся ў суд. Дата судовага разгляду прызначана на 12 кастрычніка.

  1. Парушэньне права на свабоду мірных сходаў

 2 верасьня каля будынку Гарадзенскага гарвыканкаму былі затрыманыя вядомы навукоўца прафесар Алесь Астроўскі з жонкай Аксанай, а таксама праваабаронца і журналіст Уладзімір Хільмановіч, якія зладзілі пікет у абарону беларускага школьніцтва. Праз тыдзень на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні, аднак судовае паседжаньне, прызначанае на 23 верасьня, не адбылося. Калі Астроўскія і У. Хільмановіч прыйшлі ў суд Ленінскага раёну, судзьдзя Натальля Козел паведаміла, што працэс не адбудзецца ў зьвязку з дадатковым вывучэньнем матэрыялаў супрацоўнікамі міліцыі.

 50 чалавек адзначылі ў Менску Дзень беларускай вайсковай славы ў пастарунку. 8 верасьня затрыманьнямі скончылася спроба правесьці сімвалічны "Бой падушкамі", дазвол на якую сталічныя ўлады так і не далі. Між тым арганізатары заявілі, што акцыя, прымеркаваная да гадавіны бітвы пад Оршай, усё-роўна адбудзецца. Супрацоўнікі міліцыі пачалі прэвентыўна затрымліваць моладзь яшчэ на падыходзе да месца папярэдняга збору, аднак акцыя адбылася і нават у двух месцах. Усяго у менскія пастарункі трапілі 50 чалавек. Там у іх перапісалі дадзеныя, узялі адбіткі пальцаў, правялі фота і відэаздымку і адпусьцілі без складаньня адміністрацыйных пратаколаў. Затрыманьні адбываліся з парушэньнем дзеючага заканадаўства, бо некаторых непаўнагадовых адпускалі адных, без бацькоў. Акрамя таго, у непаўнагадовых дзяцей нельга без дазволу бацькоў браць адбіткі пальцаў, здымаць на фота і відэа. Таксама час знаходжаньня ў пастарунку аказаўся больш за 3 гадзіны. Дзеяньні міліцыянтаў некаторыя затрыманыя абскардзілі. 

Таксама затрыманьнямі скончылася спроба адзначыць Дзень вайсковай славы 11 верасьня, традыцыйным бардаўскім фэстам на Крапівенскім полі. Традыцыя праводзіць бардаўскі фэст у гонар гістарычнай бітвы пад Оршай – яна адбылася 8 верасьня 1514 году – была запачаткаваная ў 1992 годзе. Напярэдадні ў Аршанскі РАУС быў дастаўлены заяўнік фэсту Юрый Копцік, дзе яму  ўручылі пастанову аб забароне правядзеньня масавага мерыпрыемства і папярэдзілі аб асабістай адказнасьці. 11 верасьня зранку міліцыя перакрыла пад’езды да Крапівенскага поля, не дазваляючы праехаць да вёскі Гацькаўшчына, дзе звычайна адбывалася імпрэза. А затым пачалі затрымліваць усіх, хто ішоў пешкі ў кірунку да альтэрнатыўнага месца, абранага непадалёк, альбо на вакзалах. У мясцовы пастарунак былі дастаўленыя каля 15 чалавек, трымалі іх там больш за чатыры гадзіны, затым адпусьцілі без складаньня пратаколаў. 

  1. Сьмяротнае пакараньне

 Напачатку верасьня прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International” Хэза Макгіл і Айша Юнг ў рамках праграмы змаганьня супраць практыкі сьмяротных пакараньняў злачынцаў наведалі Беларусь. Падчас візіту адбыліся сустрэчы з бацькамі асуджаных на сьмерць, прадстаўнікамі праваслаўнай Царквы, старшынёй рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэньні праблемаў, зьвязаных са сьмяротным пакараньнем, Мікалаем Самасейкам, а таксама з прадстаўнікамі розных няўрадавых арганізацыяў.

 14 верасьня ў Магілёўскім абласным судзе быў вынесены чарговы сьмяротны прысуд. Аляксандр Сычоў і Ігар Мялік прызнаныя віноўнымі ў серыі жорсткіх злачынстваў, зьдзейсьненых у складзе банды на тэрыторыі Магілёўскай вобласьці. Першы асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, другі – да вышэйшай меры пакараньня.

 17 верасьня Вярхоўны Суд РБ пакінуў без задавальненьня касацыйныя скаргі жыхароў Гародні Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі на сьмяротныя прысуды, вынесеныя ім за патройнае забойства 14 траўня Гарадзенскім аблсудом.

 23 верасьня з удзелам рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня адбылося паседжаньне "круглага стала", арганізаванага Радай Еўропы."Скасаваньне сьмяротнага пакараньня павінна суправаджацца ўвядзеньнем адэкватнай турэмнай сістэмы і прымальных альтэрнатыўных пакараньняў", — адзначылі прадстаўнікі РЕ. — Скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі наблізіць краіну да стандартаў Рады Еўропы ў галіне правоў чалавека".

18 верасьня вядомы ва ўсім сьвеце сьпявак Стынг падчас канцэрту ў Менску ў ходзе сусьветнага турнэ Symphonicity падтрымаў намаганьні праваабаронцаў у барацьбе за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Стынг сустрэўся з імі перад пачаткам выступу, каб падпісаць петыцыю за адмену сьмяротнага пакараньня ў рамках кампаніі, якую праводзіць БХК, ПЦ "Вясна" і "Міжнародная Амністыя". "Час гэта змяніць", - сказаў Стынг у сваім відэазвароце.

  1. Парушэньне права на свабоду сумленьня

 З 16 верасьня партыя БХД распачала ў Менску бестэрміновую кампанію ў абарону кляштара бернардзінцаў з касьцёлам сьвятога Язэпа. Грамадзкія актывісты і вернікі штодня а 19-й гадзіне зьбіраюцца пад сьценамі зачыненай сьвятыні, дамагаючыся вяртаньня будынка ўжо на працягу 5 гадоў. 7 жніўня 2001 г. на касьцёл сьвятога Язэпа быў зарэгістраваны рымска-каталіцкі прыход, а ў пачатку 2007 г. ваенная камендатура вызваліла памяшканьні кляштара. Цяпер у касьцёле разьмяшчаюцца фонды двух дзяржаўных архіваў. У 2007 г. хрысьціянскія актывісты сабралі больш за 30 тыс. подпісаў пад зваротам з просьбай вярнуць кляштар, але становішча не зьмянілася. Вясной пачалася рэканструкцыя будынкаў кляштара пад гасьцінічны комплекс.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international