Дзе забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў? Агляд па краіне (дадаецца)

2010 2010-09-28T10:45:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zabarona1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па ўсёй краіне мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы вызначыліся з месцамі, дзе забаронена збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты. Інфармацыя, атрыманая з розных рэгіёнаў, сведчыць, што ў большасць населеных пунктаў цяжка знайсці прыдатныя для збору подпісаў людныя месцы, каб не патрапіць пад дзеянне забароны мясцовых ўладаў.

Салігорск

На афіцыйным сайце Салігорскага райвыканкаму апублікавана рашэнне аб вызначэнні месцаў, забароненых для пікетавання з мэтай збору подпісаў па вылучэнню кандыдатаў у Прэзідэнты.
У спіс забароненых месцаў патрапілі цэнтральныя плошчы Салігорска, гарадскіх пасёлкаў Старобін і Чырвоная Слабада. Таксама пікеты па збору подпісаў забаронены на адлегласці 50 метраў ад будынкаў мясцовых выканаўчых, прадстаўнічых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва, сярод якіх прадпрыемствы грамадскага транспарту, вода-, цепла- і энэргазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, установы адукацыі, фізічнай культуры і спорту. Акрамя публікацыі на сайце выканкаму рашэнне будзе надрукавана ў раённай газеце "Шахцёр".
Сваё меркаванне адносна дадзенага рашэння выказаў прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту ў Салігорску праваабаронца Леанід Мархотка:
- Азнаёміўшыся з такім рашэннем выканкаму міжволі прыходзіш да высновы, што збор подпісаў пагражае абароназдольнасці і бяспецы дзяржавы, а таксама жыццядзейнасці насельніцтва. Улічваючы кампактнасць Салігорска гэтыя абмежаванні па сутнасці закранаюць палову гарадской тэрыторыі, пры чым ў найбольш шматлюдных месцах, якія найлепш падыходзяць для збору подпісаў. А забарона пікетаў на плошчах выглядае ўвогуле абсурднай. Любанскі выканкам, напрыклад, у аналагічным рашэнні забарону збору подпісаў на плошчах ня ўводзіў.

Магілёў

Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт вызначыў спіс месцаў, дзе забаронена пікетаванне з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты.  Па словах прадстаўнікоў гарвыканкаму, такое рашэнне прынята з мэтай забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку грамадзян на вуліцах, плошчах і іншых грамадскіх месцах падчас выбараў.

У спіс, дзе забаронена пікетаванне, патрапіла цэнтральная плошча горада – плошча Леніна, і аб’екты чыгункі. Акрамя гэтага, не дазваляецца пікетаванне на адлегласці менш чым 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў і на адлегласці менш чым 50 метраў ад будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў і органаў пракуратуры, тэрыторыях арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. У гэты спіс патрапілі: грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода,- цепла- і энэргазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя і агульнаадукацыйныя ўстановы.

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэнне” Зміцер Салаўёў лічыць, што такім рашэннем мясцовыя ўлады хочуць перашкодзіць збору подпісаў і агітацыі дэмакратычным кандыдатам.

“Перш-наперш я лічу, што гэта ёсць перашкода дэмакратычным кандыдатам, - гаворыць Зміцер Салаўёў. - Я не бачу ніякіх праблем, якія будуць створаны перадвыбарчай агітацыяй у гэтых месцах. Кандыдатаў ад апазіцыі хочуць пазбавіць магчымасці весці збор подпісаў і агітацыю ў самых людных месцах, то бок абмежаваць іхнія кантакты з насельніцтвам”.

Полаччына

Раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты Полаччыны збольшага вызначыліся з месцамі, забароненымі для пікетавання з мэтай збору подпісаў.

Як і чакалася, забаронены збор подпісаў ва ўсіх месцах, дзе назіраецца хаця б мінімальны рух народа – месцы правядзення кірмашоў, культурна-масавых і спартовых мерапрыемстваў. Пад забаронай таксама апынуліся месцы каля будынкаў выканаўчых органаў улады, судоў, органаў пракуратуры, устаноў адукацыі і аховы здароўя.

У Лепелі подпісы таксама забаронена збіраць у месцах “якія перашкаджаюуь руху транспарта ці людскіх патокаў, на аб’ектах чыгуначнага і аўтамабільнага транспарта, тэрыторыях арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва” (у пералік такіх месцаў патрапілі і школы, і дзіцячыя садкі, і грамадскі транспарт). У Расонах у забарону ўнесены аб’екты гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання,  прамысловыя прадпрыемствы. Падпалі пад забарону  падобныя ўстановы таксама ва Ушачах і ў Шуміліна.

Баранавічы

Баранавіцкі гарвыканкам прыняў рашэнне ад 24.09.2010 года №2976, у якім вызначыў спіс месцаў, дзе нельга будзе збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Раней мы паведамлялі, што мясцовыя праваабаронцы Сяргей Гоўша, Карней Пятровіч і Віктар Сырыца накіравалі заяву ў гарвыканкам і прапанаваліі гарадской ўладзе пераглядзець спіс месцаў для збору подпісаў у бок павялічэння і зрабіць новае рашэнне больш ліберальным. Праваабаронцы заклікалі прадстаўнікоў улады прыняць усе неабходныя захады дзеля таго, каб права грамадзян свабодна выбіраць было рэалізавана на тэрыторыі горада ў поўным аб`ёме.

Праваабаронца Карней Пятровіч гаворыць, што рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама не забараняе збіраць подпісы, як гэта было раней, каля магазінаў, школаў, дамоў культуры, праходных прадпрыемстваў, гандлёвага дому “Вясёлка”. Ён адзначае, што гэта вельмі дабра, але засмучвае той факт, што па-ранейшаму забараняецца збіраць подпісы ў самых людных месцах: на плошчы Леніна (цэнтр горада), ля аб’ектаў аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, на рынках, а таксама ля будынкаў органаў мясцовага самакіпавання.

Аднак найбольшыя спрэчкі ў мясцовых праваабаронцаў, партыйцаў і грамадскіх актывістаў выклікаў пункт 2 дадатка да рашэння гарвыканкама, дзе паведамляецца, што таксама забараняецца збіраць подпісы ля тэрыторыі арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзенасць насельніцтва.

Праваабаронца Сяргей Гоўша нам паведаміў, што ў сваім рашэнні Баранавіцкі гарвыканкам не зусім зразумела паведамляе, якія менавіта арганізацыі можна аднесці да катэгорыі “ забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзенасць насельніцтва ”. Таму, адзначыў Сяргей Гоўша , праваабаронцы збіраюцца звярнуцца ў гарвыканкам з адпаведным запытам для тлумачэнняў.

Пінск

Сваім рашэннем № 1221 ад 27 верасня Пінскі гарвыканкам забараніў збіраць подпісы выбарцаў на адлегласці меней за 50 метраў ад будынкаў выканкамаў, суду, пракуратуры і міліцыі. У “рысу аседласці” трапілі тэрыторыі прамысловых прадпрыемстваў, будынкі вакзалаў, аўтобусныя прыпынкі, інтэрнаты, банкі, установы адукацыі і лякарні, кірмашы, спартовыя, гандлёвыя і культавыя аб’екты. Акрамя таго, нельга збіраць подпісы ў сярэдзіне будынкаў і на тэрыторіі вышэйзгаданых арганізацый і ўстаноў. Такім чынам, у горадзе цяжка знайсці прыдатнае для збору подпісаў люднае месца, каб не патрапіць пад дзеянне забароны мясцовых ўладаў.

Барысаў

У Барысаве ў мінулы чацвер мясцовым выканкамам, у адпаведнасці з графікам перадвыбарчай кампаніі, было праведзена пазачарговае паседжанне. На паседжанні быў вызначаны шэраг месцаў, дзе забаронена правядзенне пікетаў па зборы подпісаў.

Рашэннем Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта № 1153 ад 23 верасня 2010 г. забаронена правядзенне пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на аб'ектах аўта-, чыгуначнага транспарту; на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла-і энергазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы).

Рашэнне было апублікавана на афіцыйным сайце Барысаўскага райвыканкама. Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на намесніка старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта Шутко В.М. і аддзел ідэалагічнай працы Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта (Гарнак Л.І).

Маладэчна

Улады Маладэчанскага раёна вызначыліся са спісам месцаў, дзе нельга будзе збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты. У сваім рашэнні Маладэчанскі райвыканкам не быў арыгінальны.

На тэрыторыі района нельга ладзіць пікеты на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў органаў улады і прадпрыемстваў, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Таксама ў спіс уключаны Цэнтральная плошча і пляцоўка перад Палацам культуры.

Пры гэтым аўтары рашэння нават не парупіліся патлумачыць, чым абумоўлена гэта забарона. Як і каму будуць перашкаджаць пікетоўшчыкі ў вызначаных месцах – не зразумела. Да прыкладу, на Цэнтральнай плошчы засталося б яшчэ шмат вольнага месца, нават калі б там размесціліся пікеты ўсіх 19 кандыдатаў.

У пошуках па мапе Маладэчна, дзе ж можна зладзіць пікеты, абмінаючы навучальныя ўстановы, дзіцячыя садкі, суд, пракуратуру, райвыканкам, водаканал, электрасеткі і т.д., можна ўпэўніцца, што для пікетавання застаюцца, бадай, толькі самыя няўдалыя месцы.

Але як паказвае досвед усіх мінулых выбараў, падобныя правілы распаўсюджваюцца толькі на ініцыятыўныя групы альтэрнатыўных кандыдатаў. А за галоўнага кандыдата звычайна і подпісы збіраюць і агітуюць - дзе і калі заўгодна.

Бялыніцкі, Круглянскі і Шклоўскі раёны

Райвыканкамы паўночнага рэгіёна Магілёўскай вобласці вызначылі месцы, дзе забаронена правядзенне пікетаў з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку прэтэндэнтаў у кандыдаты. Інфармацыю пра гэта 25 верасня апублікавалі бялыніцкая раённая газета “Зара над Друццю”, шклоўская – “Ударны фронт” і круглянская – “Сельскае жыццё”.

А вось на сайтах Бялыніцкага, Круглянскага і Шклоўскага райвыканкамаў ніякай інфармацыі пра гэтыя месцы няма. Дарэчы, як і якой-небудзь іншай інфармацыі пра будучыя прэзідэнцкія выбары.

Правядзенне пікетаў забаранілі ў найбольш шматлюдных месцах: на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў і ў будынках мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, ваеннага камісарыята, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, арганізацый, забяспечваючых жыццядзейнасць насельніцтва, устаноў аховы здароўя, адукацыі і культуры.

У Шклоўскім раёне, акрамя гэтага, правядзенне пікетаў забаронена на аб’ектах чыгуначнага транспарта і на адлегласці 50 метраў ад прахадных арганізацый, у Круглянскім – на плошчы каля будынка Свята-Троіцкай праваслаўнай царквы, у Бялыніцкім – унутры памяшканняў аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, устаноў культуры.

Дэмакратычны актывіст з Шклоўскага раёна Уладзімір Алейнікаў лічыць, што мясцовыя ўлады адмыслова ўключылі ў спіс месцаў, забароненых для правядзення пікетаў, усе шматлюдныя месцы: “Яны робяць усё, каб стварыць цяжкасці ў зборы подпісаў і правядзенні агітацыі за незалежных кандыдатаў. У Шклове для правядзення пікетаў рашэннем райвыканкама забаронены ўсе месцы, дзе пастаянна ходзяць людзі. Давядзецца ладзіць пікеты на ўскраінах альбо ў лесе. Толькі ці ёсць у гэтым які-небудзь сэнс, абсалютна незразумела”.

Гродна

Гарадзенскі выканаўчы камітэт сваёй адмысловай пастановай вызначыў месцы, у якіх забаронена збіраць подпісы за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Ніякіх нечаканасцяў пры тым не здарылася.

Фактычна зноў забаронена збіраць подпісы ва ўсіх людных месцах. Так, Гарадзенскі гарвыканкам спасылаецца на сваё ж рашэнне ад 25 кастрычніка 1999 г. № 873 «О некоторых мерах по предупреждению чрезвычайных происшествий при проведении массовых мероприятий». Паводле гэтага рашэння ў пералік забароненых месцаў уваходзяць практычна ўсе цэнтральныя людныя пляцоўкі. Такім чынам права на збор подпісаў у форме пікета, якое гарантуе выбарчае заканадаўства, паўнацэнна рэалізаваць немагчыма.

Гомель

Гомельскі гарвыканкам 22 верасня прыняў рашэнне № 1189, якім вызначыў у горадзе месцы, забароненыя для пікетаў з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў. Спасылаючыся на артыкул 61 Выбарчага кодэксу, гарвыканкам забараніў пікеты па збору подпісаў па вылучэнню кандыдатаў «на аб'ектах аўтамабільнага, чыгуначнага і воднага транспарту, на адлегласці менш за 50 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, будынкаў і ў памяшканнях тэлерадыёцэнтра, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых органаў, судоў, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы, а таксама жыццядзейнасць насельніцтва — грамадскі транспарт, вада-, цяпло- і энергазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы і гімназіі».

Гарвыканкам нагадаў, што за выкананнем рашэння будзе сачыць міліцыя.

Жыхарам Гомеля з гэтага рашэння лёгка зразумець, што ў шматлюдных месцах наўрад ці будзе магчыма сустрэць зборшчыкаў подпісаў. Бо, напрыклад, у цэнтры горада, куды не кінь вокам, — суд, пракуратура, школы, паліклінікі ды бальніцы, не кажучы пра арганізацыі, грамадскі транспарт ды выканкамы.

Прынамсі, такое рашэнне не выклікае здзіўлення: у Гомелі па рашэнню выканкама масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца не па ініцыятыве ўлады, можна праводзіць толькі на адной пляцоўцы — каля Дома культуры глухіх, у спальным раёне абласнога цэнтра. Але нават гэтай магчымасцю апазіцыянеры не могуць скарыстацца ўжо з 2006 года — на працягу чатырох гадоў гарвыканкам не дазволіў прадстаўнікам палітычных партый і недзяржаўных грамадскіх арганізацый правесці ні аднаго пікета ці мітынга.

Разам з тым, улады праводзяць масавыя мерапрыемствы, дзе хочуць — сярод працоўнага дня яны могуць перакрыць на некалькі гадзін плошчу Леніна (галоўную плошчу Гомеля), плошчу Паўстання (у цэнтры горада) дзеля мерапрыемстваў кшталту прыняцця прысягі курсантамі інстытута МНС, ці ўручэння аўтамабіляў участковым інспектарам міліцыі, ці канцэрта зорак беларускай эстрады.

Пераважная большасць райвыканкамаў Гомельскай вобласці таксама напісала ў сваіх рашэннях пра забарону пікетаў па збору подпісаў за кандыдатаў на адлегласці менш 50 метраў ад школаў, бальніц, пракуратуры, суда і жыццёва важных аб'ектаў. Але такога абмежавання падалося мала, і тады выканкамы пайшлі далей: папросту забаранілі пікетаваць «у месцах, дзе функцыянаванне пікетаў будзе чыніць перашкоды дзейнасці прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў ці несці небяспеку для жыцця і здароўя ўдзельнікаў пікетаў».

Такое рашэнне, як пад капірку напісанае, прынялі Мазырскі, Гомельскі, Кармянскі, Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі, Жыткавічскі, Петрыкаўскі, і Брагінскі райвыканкамы. У Брагіне да таго ж узгадалі як забароненае месца мясцовую тэлевышку, а ў Лоеве – рэдакцыю мясцовай газеты «Лоеўскі край».

У Светлагорску таксама ўзгадалі пра 50 метраў ад «жыццёва важных будынкаў» і вырашылі яшчэ больш звузіць гэту адлегласць на прыпынках грамадскага транспарту – да іх пікетоўшчыкам нельга падыходзіць бліжэй за 25 метраў.

Бабруйск

У Бабруйску па традыцыі забаранілі збор подпісаў у шматлюдных месцах – “у мэтах забеспячэння грамадскага парадку і бяспекі грамадзянаў на вуліцах, плошчах і іншых грамадскіх месцах”.  Са спасылкай на закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Спіс гэтых месцаў даволі вялікі. Гэта вакзалы, станцыі, прыпыначныя пункты, пасадачныя платформы, будынкі прадстаўнічых, выканаўчых, распарадчых органаў, судоў, пракуратуры, тэрыторыі ворганаў бяспекі, камунальныя прадпрыемствы, установы аховы здароўя, культуры і спорта, навучальныя установы, а таксама прахадныя прадпрыемстваў .

Таксама бабруйскі гарвыканкам забараніў праводзіць пікетаванні са зборамі подпісаў на двух цэнтральных плошчах – імя Леніна і плошчы Перамогі.

Не змянілася і адлегласць ад забароненых месцаў, якой павінны прытрымлівацца зборшчыкі подпісаў, – не менш за 50 метраў.

Аддзелу ідэалагічнай працы даручылі інфармаваць грамадзянаў аб забароненых для збору подпісаў месцах. А кантраляваць гэты працэс мусіць намеснік старшыні гарвыканкама Міхаіл Кавалевіч.

Бяроза

Бярозаўскі райвыканкам сваім рашэннем №1209 ад 20.09.10 вызначыў месцы, якія забаронены для правядзення пікетавання з мэтаю збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у прэзідэнты РБ. 

Калі ўлічыць, што нельга збіраць подпісы на адлегласці меней 100 метраў  ад будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абарону і бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва  (грамадскі транспарт, вода- цепла- і энергазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, установы, культавыя аб’екты, банкі, аддзяленні сувязі), то ў Бярозе амаль не застаецца месцаў для пікетавання з мэтаю збору подпісаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international