Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: тыднёвы аналітычны агляд (20-26 верасня)

2010 2010-09-28T20:26:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

I. ВЫЛУЧЭННЕ і рэгістрацыя ініцыятыўных груп

Цягам тыдня Цэнтральная выбарчая камісія правяла толькі адно пасяджэнне (20 верасня), на якім была зарэгістравана ініцыятыўная група Віктара Цярэшчанкі.

Акрамя таго, ЦВК прымала заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп ад асоб, якія маюць намер стаць кандыдатамі ў прэзідэнты, а таксама спісы сяброў ініцыятыўных груп выбаршчыкаў. Ва ўсіх выпадках, акрамя аднаго, падача спісаў і заяваў праходзіла, як таго патрабуе арт. 61 Выбарчага кодэкса, кандыдатамі асабіста. Выключэннем стаў дзеючы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які прадставіў неабходныя дакументы праз кіраўніка свайго выбарчага штаба, міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Інфармацыя пра тое, што дакументы А.Лукашэнкі пададзеныя, з’явілася на стужцы навін агенцтва БелТА ў 17.05 24 верасня, у апошні дзень падачы дакументаў. Пры гэтым, паводле афцыйнай інфармацыі ЦВК, распаўсюджанай інфармацыйнымі агенцтвамі, на момант 16.45 А.Лукашэнка яшчэ не падаў дакументаў. Акрамя таго, журналісты і грамадскасць ў перыяд з 16 да 18 гадзін, калі нават ўтварылася чарга з прэтэндэнтаў, паколькі абсалютная большасць з іх падавала дакументы ў апошні момант, не заўважылі А.Радзькова ні ў памяшканні ЦВК, ні каля яго будынку. Абодва моманты – падача дакументаў не асабіста А.Лукашэнкам і незаўважнасць падачы – выклікалі шэраг заканамерных пытанняў пра законнасць дзеянняў А.Лукашэнкі.

Неўзабаве агенцтва БелаПАН распаўсюдзіла каментар сакратара ЦВК  М.Лазавіка, які тлумачыў, што ў Радзькова «была афіцыйная даверанасць прэзідэнта на выкананне ўсіх натарыяльных дзеянняў... Лукашэнка як фізічная асоба можа выдаваць даверанасць, тут парушэнняў няма»[1].

Старшыня ЦВК Л.Ярмошына запэўніла, што А.Лукашэнка «скарыстаўся той формай, якая ў нас прымяняецца на выбарах. Ён даў даверанасць кіраўніку ініцыятыўнай групы на падачу дакументаў. На падставе гэтай даверанасці кіраўнік ініцыятыўнай групы падаў у ЦВК заяву кіраўніка дзяржавы, падаў таксама копію пашпарта і спіс ініцыятыўнай групы ў папяровым і электронным выглядзе – усё, як патрабуе пастанова», маючы на ўвазе Пастанову ЦВК № 46 ад 15 верасня 2010 года пра тлумачэнне арт. 61 Канстытуцыі. Паводле меркавання Л.Ярмошынай, выказанага ў інтэрв’ю «Еўрарадыё» «акалічнасці бываюць розныя, і практыка ў нас склалася так, што мы прадугледжваем падачу заявы не асабіста. Вось, да прыкладу, па даверанасці падаваліся дакументы на рэгістрацыю юнага Франака Вячоркі, паколькі ён служыў у арміі, праз начальніка турмы ў 2006 годзе перадаваў сваю заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Скрабец. Таму мы прадугледжваем такую магчымасць: калі асоба, якая збіраецца вылучацца, не можа альбо не хоча па якіх-небудзь абставінах (людзі хварэюць, едуць і гэтак далей), ён мае права даць даверанасць»[2].

Трэба адзначыць, што спасылка  на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Ф.Вячоркі падчас мясцовых выбараў 2010 года з боку Л.Ярмошынай выглядае некарэктна, бо паводле арт. 65 Выбарчага кодэкса асоба, якая вылучаецца ў якасці кандыдата ў дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, пры падачы спісу ініцыятыўнай групы не павінна прадстаўляць у адпаведную акруговую ці тэрыятарыяльную камісію свой пашпарт. У той жа час арт. 61 Выбарчага кодэкса наўпрост утрымлівае патрабаванне аб тым, што пры падачы дакументаў у ЦВК асоба, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у Прэзідэнты, прад’яўляе пашпарт.

На працягу тыдня кіраўнікі Цэнтрвыбаркаму неаднаразова выступалі ў СМІ з тлумачэннямі ходу выбарчай кампаніі. Старшыня Цэнтрвыбаркама Л. Ярмошына заявіла, што верыць у перамогу А.Лукашэнкі на будучых выбарах[3]. Гэта прагучала да таго, як дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы дзеючага Прэзідэнта былі пададзены ў ЦВК. Заява старшыні Цэнтрвыбаркама не адпавядае прынцыпам  незаангажаванасці і бесстароннасці, якімі павінны кіравацца выбарчыя адміністрацыі, а таксама з’яўляюцца сродкам агітацыі на карысць адной з асобаў, якія маюць намер стаць кандыдатам у Прэзідэнты.

II. Фарміраванне тэрытарыяльных камісій

Згодна з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта, зацверджаным ЦВК, да 26 верасня адбывалася вылучэнне прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Згодна з арт. 34 Выбарчага кодэкса, камісіі складаюцца з прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, а таксама прадстаўнікоў грамадзян, вылучаных ў склад камісій шляхам падачы заяваў. За фарміраванне камісій адказваюць прэзідыумы адпаведных мясцовых саветаў разам з выканкамамі.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (абласныя, раённыя і гарадскія) – ключавы механізм выбарчага працэсу. Напрыклад, абласныя і Мінская гарадская выбарчыя камісіі арганізуюць правядзенне выбараў, ажыццяўляюць кантроль за выкананнем выбарчага заканадаўства, кіруюць дзейнасцю ніжэйстаячых выбарчых камісій, кантралююць укладанне спісаў выбарцаў, распараджаюцца грашовымі сродкамі, выдзеленымі на правядзенне выбараў і кантралююць іх выкарыстанне, кантралююць працэс збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў і забеспячэнне роўнасці ўмоваў для кандыдатаў у прэзідэнты. У кожную з тэрытарыяльных камісій павінна ўвайсці ад 9 да 13 чалавек (у 2006 годзе ў склад 165 тэрытарыяльных камісій увайшлі 2 124 чалавекі), ад якіх, разам з ЦВК, і будзе залежыць, ці стануць выбары свабоднымі і справядлівымі.

Выбарчы кодэкс і ЦВК не вызначылі ні крытэрыяў, якім павінны адпавядаць кандыдаты ў сябры тэрытарыяльных выбарчых камісій, ні парадку разгляду кандыдатур. Як і падчас выбараў 2006 года, працэс вылучэння кандыдатур у склад тэрытарыяльных камісій адбываецца ва ўмовах інфармацыйнага вакууму. Пачынаючы з моманту абвяшчэння выбараў (14 верасня) і да апошняга дня, калі было магчымым вылучэнне кандыдатур у склад камісій (26 верасня), ні органы ўлады, адказныя за фарміраванне камісій, ні дзяржаўныя СМІ не падалі ніякай інфармацыі наконт працэсу вылучэння кандыдатур. Таксама ніякай інфармацыі пра вылучэнне сваіх прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісій не далі тыя грамадскія аб’яднанні, прадстаўнікі якіх былі масава ўключаныя ў склад тэрытарыяльных камісій падчас выбараў 2006 года (БРСМ, ФПБ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў). Назіральнікам даступная толькі інфармацыя аб вылучэнні кандыдатаў ад некаторых апазіцыйных партыяў (АГП, ПБНФ і г.д.), незалежных грамадскіх аб’яднанняў і груп выбаршчыкаў. Таксама не паведамляецца, калі і дзе будуць адбывацца сумесныя пасяджэнні прэзідыумаў саветаў дэпутатаў і выканкамаў, на якіх будуць зацвярджацца склады камісій (назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» былі вымушаныя адмыслова звяртацца ў мясцовыя органы ўлады с запытамі на гэты конт)[4].

Такім чынам, беларускае грамадства амаль пазбаўлена магчымасці ведаць, хто быў прапанаваны для ўключэння ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, і ці былі выкананы фармальнасці пры вылучэнні гэтых кандыдатур. Увогуле, магчымасць назіраць за працэсам фарміравання камісій звужана да мінімуму, а прэзідыумы Саветаў дэпутатаў і выканкамы маюць неабмежаваную свабоду вырашаць, каго з кандыдатаў уключаць у склад выбарчых камісій.   

Каментуючы магчымасці ўдзелу ў выбарах палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, сакратар ЦВК М.Лазавік, заявіў, што новая норма заканадаўства аб складзе выбарчых камісій дазваляе грамадзянам больш актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх працэдурах выбарчага працэсу. У гэтай сувязі варта ўзгадаць, што маніторынг мясцовых выбараў 2010 году (праведзеных на аснове новага заканадаўства) паказаў, што ўдзел партый у складзе выбарчых камісій не павялічыўся, а рост удзелу грамадскіх аб’яднанняў адбыўся выключна за кошт праўладных грамадскіх аб’яднанняў. Нярэдка ад грамадскіх аб’яднанняў вылучаліся былыя сябры выбарчых камісій, якія раней вылучаліся шляхам збору подпісаў або ад працоўных калектываў.

ІІІ. Вызначэнне месцаў, забароненых для збору подпісаў

Са спасылкай на арт. 61 Выбарчага кодэкса («збор подпісаў выбаршчыкаў можа ажыццяўляцца ў форме пікетавання. Атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для вышэйпамянёных мэтаў не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі»), гарадскія і раённыя адміністрацыі вызначылі цягам тыдня месцы, забароненыя для пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты (у адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, гэта павінна было быць зроблена не пазней за 24 верасня).

Пад забарону трапілі: аб'екты аўтамабільнага, чыгуначнага і воднага транспарту; тэрыторыі, размешчаныя на адлегласці менш за 50-200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў; памяшканні тэле- і радыёцэнтраў, мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых органаў, судоў, пракуратуры; тэрыторыі арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы, а таксама жыццядзейнасць насельніцтва – грамадскі транспарт, вода-, цепла- і энергазабеспячэнне, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы і гімназіі (Гомельскі, Гродзенскі і Магілёўскі гарвыканкамы); тэрыторыі ў радыусе 50 метраў ад цэнтральных гарадскіх плошчаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, вакзалаў, адміністрацыйных будынкаў ды інш. (Пастаўскі і Крычаўскі райвыканкамы), ці ўвогуле ўсе месцы, «дзе функцыянаванне пікетаў будзе чыніць перашкоды дзейнасці прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў ці мець небяспеку для жыцця і здароўя ўдзельнікаў пікетаў» (Мазырскі, Гомельскі, Кармянскі, Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі, Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, і Брагінскі райвыканкамы). Апошняя фармулёка дае амаль неабмежаваныя магчымасці для «законнай» забароны пікетаў па зборы подпісаў дзе заўгодна.

Пастановы выканкамаў па сваім змесце фактычна ідэнтычныя пастановам, якія прымаліся падчас правядзення мясцовых выбараў у красавіку 2010 года. Яны значна пагоршылі ўмовы збору подпісаў у параўнанні з выбарамі Прэзідэнта ў 2006 годзе, калі збор подпісаў шляхам пікетавання не быў заканадаўча ўрэгуляваны і сябры ініцыятыўных груп, у прынцыпе, маглі збіраць подпісы дзе заўгодна.

Такім чынам, на выбарах 2010 года мясцовыя органы ўлады фактычна забаранілі збор подпісаў ў месцах, якія з’яўляюцца найбольш зручнымі для кантакту з выбаршчыкамі з боку ініцыятыўных груп, што падтрымліваюць апазіцыйных кандыдатаў. У той жа самы час, ні Выбарчы кодэкс, ні ЦВК ніякім чынам не ўрэгулявалі пытанне аб магчымасці збору подпісаў на тэрыторыі дзяржаўных прадпрыемстваў і устаноў, то бок менавіта там, дзе ў 2001 і 2006 гадах была сабраная пераважная колькасць галасоў у падтрымку кандыдата А.Лукашэнкі, і дзе прадстаўнікі іншых кандыдатаў сустракаліся са шматлікімі перашкодамі і забаронамі з боку адміністрацый. У выніку, ініцыятыўныя групы с самага пачатку збору подпісаў пастаўленыя ў няроўныя ўмовы ў параўнанні з ініцыятыўнай групай дзеючага Прэзідэнта.

ІV. УДЗЕЛ У ВЫБАРЧЫМ ПРАЦЭСЕ

Згодна з заканадаўствам, асобы, якія маюць намер вылучыцца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, павінны падаць у ЦВК заяву пра рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп разам са спісамі сяброў гэтых груп  не пазней за 85 дзён да выбараў – у сёлетнім выпадку не пазней за 24 верасня 2010 года.

Падача адпаведных дакументаў адбывалася нераўнамерна па часе, большасць прэтэндэнтаў падалі свае заявы ў апошнія два дні прыёму дакументаў, пры гэтым у апошні дзень – 12 чалавек.

Адзначаецца высокая актыўнасць прэтэндэнтаў у параўнанні з выбарамі 2006 года. Заявы падало 19 чалавек (паводле чарговасці падачы дакументаў, у дужках пазначана колькасць сяброў ініцыятыўнай групы на момант падачы заявы):

Віктар Цярэшчанка, старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (1 301);

Уладзімер Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» (2 575);

Уладзімір Правальскі, індывідуальны прадпрымальнік (202);

Наталля Старыкава, санітарка гразелячэбніцы прыватнага унітарнага прадпрыемства «Санаторый «Чонкі» (30);

Яраслаў Раманчук, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (1 423);

Юрый Глушакоў, першы намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» (244);

Сяргей Рыжоў, начальнік сектару знешнеэканамічнай дзейнасці Адкрытага акцыянернага таварыства «Віцебскі плодаагароднінны камбінат» (112);

Андрэй Саннікаў, лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (1 831);

Алесь Міхалевіч, старшыня аргкамітэту па стварэнні саюза «За мадэрнізацыю» (1 778);

Дзмітрый Ус, дырэктар Таварыства з дадатковай адказнасцю «Трывіум» (1 325);

Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Партыі БНФ (1 307);

Сяргей Гайдукевіч, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі (10 483);

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (1 704);

Мікола Статкевіч, лідэр аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) (1 517);

Ілья Дабратвор, беспрацоўны (1);

Сяргей Іваноў, часова не працуе (129);

Аляксандр Лукашэнка, дзеючы Прэзідэнт (8 403);

Іван Кулікоў, загадчык лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (108);

Пётр Барысаў, пенсіянер (114).

Пры гэтым не ўсе патэнцыйныя кандыдаты датрымаліся нормы, якая рэгламентуе колькасць сяброў ініцыятыўнай групы. Пры ўстаноўленым мінімуме ў 100 чалавек, у санітаркі санаторыя «Чонкі» Наталлі Старыкавай у групе 30 чалавек, а ініцыятыўная група беспрацоўнага Ільі Дабратвора складаецца толькі з яго самога. Відавочна, што рэгістрацыя такіх ініцыятыўных груп немагчымая. Па словах І.Дабратвора, дакументы былі пададзеныя на знак пратэсту супраць таго, «што падаюць дакументы нейкія незразумелыя людзі — як, да прыкладу, тая санітарка». І.Дабратвор не разглядаў варыянту, што заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы будзе задаволена.

Ініцыятыўная група В.Цярэшчанкі была зарэгістравана 20 верасня. Заявы пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп астатніх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта павінны былі разгледжаны на пасяджэнні ЦВК 27 верасня. ЦВК адмовіў у рэгістрацыі Н.Старыкавай і І.Дабратвору на падставе таго, што іх ініцыятыўныя групы налічваюць менш сяброў, чым таго патрабуе заканадаўства. Да таго ж, І.Дабратвор не мае 35 гадоў, што патрабуе норма Канстытуцыі. Такім чынам, усяго пасведчанні пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп атрымалі 17 грамадзян.

Дзейсны прэзідэнт А. Лукашэнка фактычна распачаў перадвыбарчыя выступленні (у Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце, на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2010»). Яны традыцыйна змяшчаюць абгрунтаванне «беларускай мадэлі» дзяржаўнага кіравання, пытанні знешнепалітычнага курсу, крытыку апазіцыі, якую ён назваў «ворагамі народу». Прэзідэнт падкрэсліў, што выбары будуць праведзены «транспарэнтна, абсалютна адкрыта»[5]. 25 верасня ў Мінскім футбольным манежы прайшоў форум БРСМ «Зрабі свой выбар». Мэта форума, як адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі – зарыентаваць маладых людзей, каб яны «зрабілі правільны выбар» на прэзідэнцкіх выбарах.

V. РОЛЯ ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ

Пры фарміраванні ініцыятыўнай групы дзеючага Прэзідэнта актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Напрыклад, на прадпрыемствах Полацка аддзелы кадраў праводзілі «выбарку» старэйшых за 20 гадоў нежанатых і незамужніх супрацоўнікоў, з мэтай уключэння іх у ініцыятыўную групу А. Лукашэнкі.

На дзяржаўных прадпрыемствах сталі больш частымі сустрэчы працоўных калектываў з «інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі» «ў рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва», на якіх высокія службоўцы і мясцовыя кіраўнікі «правільна інфармуюць» будучых выбаршчыкаў.

Ідэалагічныя аддзелы ва ўстановах і на прадпрыемствах працуюць над удакладненнем спісаў кандыдатаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў.

Дэканы факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы атрымалі распараджэнне інструктаваць студэнтаў наконт «правільных паводзін» падчас выбарчай кампаніі, гэта значыць, каб студэнты не бралі ні ў якіх інцыятыўных групах па сборы подпісаў за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў.

VI. ЗАЯВЫ І СКАРГІ, ЗВЯЗАНЫЯ З ВЫБАРАМІ

20 верасня выбаршчык Гары Паганяйла звярнуўся ў Цэнтральную выбарчую камісію з просьбай аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты А.Лукашэнкі. На думку Г.Паганяйлы, «маюцца акалічнасці і прававыя падставы, якія сведчаць аб немагчымасці балатавацца кандыдатам у Прэзідэнты Лукашэнкі А.Р., а таму ініцыятыўная група выбаршчыкаў па яго вылучэнні не можа быць зарэгістраваная».

Паводле меркавання Г.Паганяйлы, ініцыяцыя рэферэндума 2004 года (які дазволіў А.Лукашэнку балатавацца на прэзідэнцкую пасаду больш двух разоў) была неканстытуцыйнай, а сам рэферэндум прайшоў са шматлікі парушэннямі, што робіць яго вынікі юрыдычна нікчэмнымі.

VII. CРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ

На працягу тыдня дзяржаўнае тэлебачанне і радыё, а таксама цэнтральныя газеты працягвалі шырока, але аднабакова асвятляць выбарчы працэс. Яшчэ да таго, як стала афіцыйна вядома пра ўдзел А.Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі, вялікая колькасць рэпартажаў і каментароў фактычна з’яўлялася дэтэрміновай агітацыяй за А.Лукашэнку. Інфармацыя пра іншых патэнцыйных кандыдатаў падавался ў выключна абмежаваным аб’ёме. Акрамя таго, рабіўся акцэнт на тое, што выбарчае заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным стандартам, і што выбары адкрыты для міжнародных назіральнікаў.

Адрозна ад цэнтральных дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, мясцовыя  СМІ асвятляюць выбарчы працэс досыць сціпла. Большасць з іх абмежавалася  інфармацыяй пра пятую пазачарговую сесію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і дату правядзення выбараў Прэзідэнта. «Гомельская праўда» (23 верасня) змясціла артыкул «Гонка всегда таит интригу, но фаворит очевиден», прысвечаны лідэрскім пазіцыям А.Лукашэнкі. Газета «Советский район» (22 верасня) даводзіць сваім чытачам у Гомелі, што  «правядзенне выбараў да канца года дазволіць без страт часу на выбарчы працэс натуральна з пачатку 2011 г. прыступіць да ажыццяўлення задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на чарговы год і пяцігодку».

Незалежныя СМІ – як цэнтральныя так і мясцовыя – актыўна публікуюць інфармацыю, звязаную з выбарамі, у тым ліку артыкулы, у якіх крытыкуецца курс кіраўніка дзяржавы і прэзентуюцца пазіцыі іншых кандыдатаў (напрыклад, крычаўскі «Вольны горад», 26 верасня). Асноўным сродкам распаўсюджвання незалежнай інформацыі аб выбарах з’яўляецца Інтэрнэт. Назіральнікі ў Гродзенскай вобласці паведамляюць, што інфармацыя пра ход выбарчай кампаніі, апазіцыйных кандыдатаў і іх дзейнасць даходзіць да жыхароў Гродзеншчыны пераважна праз эфір «Радыё Рацыя».

VIII. НАЗІРАННЕ ЗА ВЫБАРАМІ

Адзінай групай назіральнікаў, якая ўжо прыступіла да назірання за выбарчым працэсам, з’яўляецца кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая налічвае больш за 80 доўгатэрміновых назіральнікаў ва ўсіх рэгіёнах краіны.

23 верасня Савет пастаянных упаўнаважаных дзяржаў-удзельніц СНД прызначыў старшыню Выканаўчага камітэта, выканаўчага сакратара СНД Сяргея Лебедзева кіраўніком Місіі назіральнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

26 верасня ў Мінск прыбыла тэхнічная група БДІПЧ АБСЕ, якую ўзначальвае намеснік кіраўніка Дэпартамента па назіранні за выбарамі Беата Марцін Разумілавіч. Група будзе знаходзіца ў Беларусі да 29 верасня ўключна, каб азнаёміцца з перадвыбарчай сітуацыяй у Беларусі і хадой падрыхтоўкі да выбараў.

IX. САЦЫЯЛАГІЧНЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ ПАДЧАС ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

БелТА працягвае распаўсюджваць дадзеныя апытанняў сацыялагічнай службы EcooM, згодня з якімі апазіцыйным партыям не давяраюць амаль 86% грамадзян Беларусі, а давяраюць не больш за 5,3% выбаршчыкаў[6]. Гэтыя лічбы перадрукоўваюць раённыя газеты («Крычаўскае жыццё» ад 25 верасня ды інш.). Гэтыя лічбы сур’ёзна разыходзяцца з дадзенымі незалежных сацыялагічных цэнтраў, спасылкі на якія дзяржаўныя СМІ не прыводзяць.

___________________________________________________________________________

Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://www.belhelcom.org).

 

[1] БелаПАН, 24 верасня 2010 года.

[2] Еўрарадыё, 24 верасня 2010 года.

[3] Онлайн-канферэнцыя на сайце naviny.by, 21 верасня 2010 года.

[4] Маюць месца і некаторыя выключэнні з правіла: напрыклад, на сумеснае пасяджэнне прэзідыуму Талачынскага савета дэпутатаў і Талачынскага райвыканкама, якое прызначана на 10 гадзін раніцы 27 верасня 2010 года, назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свободныя выбары” быў запрошаны спецыяльна (у склад выбарчай камісіі прадстаўнікі апазіцыйных партый не вылучаліся)

[5] БелТА, 25 верасня 2010 года.

[6] БелТА, 20 верасня 2010 года.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international