viasna on patreon

Юры Чавусаў: Канкрэтыкі пра адмену артыкула 193.1 ад дэпутата пачуць не атрымалася

2010 2010-09-01T14:37:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda2.jpg

Прадстаўнікі Асамблеі НДА сустрэліся зь сябрам Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінаў і СМІ Палаты Прадстаўнікоў Яўгенам Мельнікам, каб абмеркаваць пытаньне скасаваньня артыкула 193.1 КК РБ, пра што ўжо больш за год гучаць абяцаньні з боку беларускіх уладаў.

Паводле словаў каардынатаркі кампаніі “Стоп 193.1!” Алёны Валынец і юрыста Юрыя Чавусава, сустрэча з дэпутатам прайшла ў рабочым парадку. Яўген Мельнік адзначыў, што дэпутацкі корпус інфармаваны пра праблему “праславутага артыкулу 193.1 КК” і што пытаньне аб скасаваньні артыкула абмяркоўваецца. Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў прызнаў, што наяўнасьць дадзенай дыскрымінацыйнай нормы псуе імідж краіны, зьяўляецца каменем перапоны ва ўзаемадачыненьнях па лініі Беларусь-ЭЗ і што рана ці позна артыкул будзе выключаны.

Таксама сп. Мельнік агучыў аргумэнт, які часта выкарыстоўваюць улады пры сустрэчы з высокімі эўрачыноўнікамі і палітыкамі. Маўляў, артыкул у Крымінальным кодэксе ёсьць, але не выкарыстоўваецца, што само па сабе зьяўляецца прагрэсам. “Мы нагадалі народнаму абраньніку, што дадзеная інфармацыя не зусім праўдзівая, бо каля 17 чалавек ужо асуджаныя па артыкуле 193.1 КК. А шэрагу актывістаў у апошнія гады выносіліся папярэджаньні за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Такая рэпрэсіўная практыка сьведчыць, што казаць пра непрымяненьне нормы не выпадае”, -- падкрэсьліла Алёна Валынец.

Юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў распавёў, што аніякай канкрэтыкі ад дэпутата Мельніка, на жаль, пачуць не атрымалася. “Нам у чарговы раз распавялі, што пытаньне дэкрыміналізацыі дзейнасьці незарэгістраваных аб’яднаньняў разглядаюць адказныя інстытуцыі. Мінюст вывучае, некаторыя дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў у курсе праблемы, але нейкіх дакладных плянаў пра імавернасьць адмены артыкула 193.1 у межах, скажам, бліжэйшай пазачарговай сэсіі нам не раскрылі”, -- зазначыў Юры Чавусаў.

“Мы выказалі спадзяваньне, што ў межах восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў у дэпутатаў знойдзецца час і магчымасьць для скасаваньня артыкула 193.1 КК. Змаглі ж парлямэнтары ў аўральным рэжыме напярэдадні прэзыдэнцкіх  выбараў 2006-га году хуценька ўвесьці крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, -- падсумавала каардынатарка кампаніі “Стоп 193.1!” Алёна Валынец.

У фінале сустрэчы прадстаўнікі Асамблеі НДА падаравалі дэпутату Мельніку зборнік “Дзяржава і грамадзянская супольнасьць”, у якім адлюстраваны заходні досьвед супрацы дзяржавы і грамадзкіх аб’яднаньняў. Грамадзкія актывісты выказалі пажаданьне, каб і ў
Беларусі склалася падобная практыка канструктыўных узаемадачыненьняў.

На наступным тыдні плянуецца сустрэча па тым жа пытаньні зь міністрам юстыцыі Беларусі Віктарам Галаванавым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства