Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, чэрвень 2010 году

2010 2010-07-08T18:05:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 чэрвеня прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Беларускага Хельсінскага камітэту правялі адмысловую прэс-канферэнцыю, прысьвечаную аналізу сітуацыі за першае паўгодзьдзе бягучага году. Адзначана, што за гэты час ніякіх пазітыўных зьменаў, датычных выкананьня правоў чалавека, у краіне не адбылося, а з набліжэньнем прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя становіцца больш складанай. Праваабаронцы адзначылі  зьмены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс краіны. Яны паведамілі, што гэтыя зьмены істотна  не паўплывалі на практыку правядзеньня апошніх выбараў у мясцовыя саветы і гэтая кампанія прынцыпова нічым не адрознівалася ад папярэдніх.

Асабліва беларускія праваабаронцы заклапочаны фактам працягу ў Беларусі вынясеньня і прывядзеньня ў выкананьне сьмяротных прысудаў.

18 чэрвеня ў сувязі з пачаткам у СІЗА галадоўкі асуджанага ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча ПЦ “Вясна” сумесна з Міжнароднай Федэрацыяй правоў чалавека (FIDH) распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой выказалі патрабаваньне да уладаў Беларусі неадкладна спыніць парушэньне правоў зьняволенага і забясьпечыць яго неабходнай медыцынскай дапамогай. Прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці адзначаюць, што ўвогуле праблема ўмоваў утрыманьня ў месцах пазбаўленьня волі і іншых месцах прымусовага ўтрыманьня грамадзянаў у Беларусі з’яўляецца надзвычай сур’ёзнай. Фактычна тое ж падцьвердзіў і Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч, паведаміўшы 23 чэрвеня падчас прэс-канферэнцыі, прысьвечанай Дню работнікаў пракуратуры, што ягонае ведамства зрабіла прадстаўленьне адносна ўмоваў утрыманьня вязьняў у калоніях і сьледчых ізалятарах. На думку пракурорскіх работнікаў, умовы не заўсёды адпавядаюць нормам. Гэта датычыць і бытавых, і санітарных, і медыцынскіх нормаў. «У няволі павінен быць выключаны гвалт, як фізічны, так і псіхалагічны», — зазначыў Р.Васілевіч.

У чэрвені Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу ўхваліў законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 65-годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў». Па амністыі з папраўчых устаноў закрытага тыпу можа быць вызвалена каля 2 230 чалавек, з устаноў адкрытага тыпу — каля 900 чалавек, скарочаны тэрмін пакараньня 9 300 асуджаным. Беларусь па колькасці зьняволеных на 100 тысяч насельніцтва займае другое месца ў Еўропе пасля Расіі.Сярэдні тэрмін пазбаўленнья волі таксама адзін з самых высокіх у Еўропе — 6,3 гады. У адным з інтэрв’ю старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі прызнаўся, што «адныя амністыі сітуацыю з вялікай колькасьцю асуджаных у Беларусі не выратуюць, неабходныя зьмены ў заканадаўстве». Па словах В.Гумінскага, дзеля таго, каб Беларусь пакінула адну з лідзіруючых пазіцый сярод краінаў па паказальніку колькасьці асуджаных на 100 тысяч насельніцтва, трэба зьмяніць пакараньні за эканамічныя злачынствы.

9 чэрвеня Прэзідэнт ЗША Барак Абама падоўжыў на год санкцыі ў дачыненьні да шэрагу службовых асобаў Беларусі. «Дзеянні і палітыка шэрагу членаў урада Беларусі і іншых дзяржаўных чыноўнікаў працягваюць прадстаўляць экстраардынарную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і замежнай палітыцы ЗША. Такім чынам, санкцыі ў дачыненьні да беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў, якія былі прынятыя 16 чэрвеня 2006 году, павінны працягваць дзейнічаць і пасля 16 чэрвеня 2010», — адзначаецца ў дакуменце.

18 чэрвеня Канада пацьвердзіла ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Пра гэта паведаміў партал TUT.BY са спасылкай на канадзкае агенцтва памежных службаў. “Увядзеньне гандлёвых і эканамічных санкцый супраць замежных дзяржаў і недзяржаўных суб'ектаў па-ранейшаму зьяўляецца важным інструментам для міжнароднай супольнасьці ў забесьпячэньні захаваньня міжнародных нормаў і законаў”, – гаворыцца ў дакумэнце. Абноўлены Мэмарандум D19-11-1, паводле якога былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да 14 замежных дзяржаваў і двух тэрарыстычных групаў, канадзкае агенцтва зацьвердзіла яшчэ 30 красавіка.Аднабаковыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі Канада ўвяла ў сьнежні 2006 году. Канадзкі бок патлумачыў сваё рашэньне жаданьнем зрабіць ціск на кіраўніцтва Беларусі, у якой рэгулярна парушаюцца правы чалавека і грамадзянскія свабоды.

 

Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

8 чэрвеня Першамайскі райсуд Віцебску прызнаў сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленку віноўным у дробным хуліганстве і пакараў штрафам у памеры 3 б.в. (105 тыс. руб.). 10 чэрвеня той самы суд па аналагічным абвінавачаньні пакараў таксама на 3 б.в. і малодшага брата Віталя Каваленку. Інцыдэнт адбыўся яшчэ 8 траўня, і браты перакананыя, што прэвентыўнае затрыманьне зьвязанае з тым, каб ізаляваць іх падчас сьвяткаваньня Дня перамогі (03.07.2010). Аднак пераканаць суд у тым, што ніякага правапарушэньня браты Каваленкі ня зьдзяйсьнялі, не ўдалося.

16 чэрвеня кіраўнік віцебскай суполкі “Моладзі БНФ” Аляксандар Кузьняцоў атрымаў афіцыйнае паведамленьне, згодна з якім ён пакараны штрафам у памеры 1 б.в. – 35 тыс. руб. за засьмечваньне гораду перадвыбарчымі агітацыйнымі плакатамі. Такое рашэньне прыняла адміністрацыйная камісія Першамайскага райвыканкаму. У лісьце з гарвыканкаму таксама напісана, што А.Кузьняцоў нібыта не зьявіўся на пасяджэньне камісіі, і таму пакараньне – “завочнае”.

25 чэрвеня ў Менску за раздачу бел-чырвона-белых сьцяжкоў, налепкак і ўлётках, распаўсюджваемых у рамках кампаніі «Горад наш!» былі затрыманыя актывісты “Маладога Фронту” Алена Макарэвіч і Зьміцер Ясевіч. У апорным пункце Савецкага РУУС на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы па ч.2 арт.21.14 КаАП – “за антысанітарыю”, пасьля чаго адпусьцілі. Справы накіраваныя на разгляд у адміністрацыйныя камісіі.

 

Сьмяротнае пакараньне

Праваабаронцы атрымалі адказ з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на запыт аб колькасьці вынесеных і выкананых сьмяротных прысудаў з 1990 па 2009 год. Пра выкананыя сьмяротныя прысуды Мінюст інфармацыю не прадаставіў, абмежаваўшыся толькі інфармацыяй пра колькасьць асуджаных да сьмяротнай кары (па прысудах, якія ўступілі ў законную сілу). Так, па агульных падліках атрымліваецца, што з 1990 па 2009 гг. да выключнай меры пакараньня ў Беларусі былі асуджаны 321 чалавек. У афіцыйным лісьце за подпісам начальніка кіраваньня арганізацыі і аналітычнага забеспячэньня дзейнасьці судовых органаў Л.А.Мяльгуй напісана: “Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь не валодае дадзенымі пра разгляд справаў з прызначэьннем пакараньня ў выглядзе сьмяротнага пакараньня ў касацыйным парадку і парадку нагляду, а таксама ў частцы выкананьня прысудаў і памілаваньня асобаў, асуджаных да сьмяротнага пакараньня. Функцыі ў сьферы выкананьня і адбыцьця пакараньня ажыцьцяўляе Дэпартамент выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь”. Між тым, у сваіх адказах на аналагічныя звароты ў МУС, у Вярхоўны Суд і Генеральную пракуратуру ўсе пералічаныя органы спасылаліся адзін на аднаго ў агалошваньні афіцыйнай статыстыкі. 

 

Палітычна матываваны крымінальны перасьлед

4 чэрвеня судзьдзя Цэнтральнага райсуду Гомеля Тацьцяна Швец пакарала актывіста Партыі БХД Я. Якавенку па ч.1 арт. 435 КК (“ухіленьне ад вайсковай службы”) адным годам абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу (так званай “хіміі”). Гэта адбылося нягледзячы на станоўчую тэндэнцыю, якая назіралася ў апошні час і апраўдальныя прысуды, вынесеныя раней па аналагічным абвінавачаньні ў дачыненьні да вернікаў Дзьмітра Смыка і Яна Міхайлава. 15 чэрвеня ў Менску адбыўся “ круглы стол”  па тэме: “Абарона беларускай мовы ў Беларусі: Яўген Якавенка”, ініцыяваны Партыяй БХД. Праваабаронцы, палітыкі і грамадзкія дзеячы ўсебакова абмеркавалі справу прызыўніка і паставілі свае подпісы пад тэкстам звароту, накіраванага прэзідэнту Беларусі, у Палату прадстаўнікоў і ў Генеральную пракуратуру. Падчас “круглага стала”, праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў, што міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International”  рыхтуецца да правядзеньня тэрміновай кампаніі з патрабаваньнем адмяніць прысуд Я.Якавенку.

9 чэрвеня клецкага дэмакратычнага актывіста Сяргея Панамарова дапыталі ў раённай пракуратуры ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе, ўзбуджанай паводле арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»). Спробы завесьці крымінальную справу на Панамарова за вострую крытыку мясцовай ўлады на старонках выданьня былі і раней. На гэты раз сьледчыя органы правялі экспертызу публікацыяў за 2006-2007 гг. У выніку ў больш чым 20-ці артыкулах выявілі некаторыя прыкметы абразы службовых асобаў, а ў сямі выпадках экспертыза абразу ўстанавіла дакладна, па факту чаго і была ўзбуджана крымінальная справа. Праваабаронцы падкрэсьліваюць сваё крытычнае стаўленьне да наяўнасьці падобных артыкулаў у крымінальным заканадаўстве Беларусі.

10 чэрвеня Асамблея НДА супольна з Домам правоў чалавека ў Вільні зладзілі брыфінг на тэму “Артыкул 193-1: крымінальная адказнасьць за дзейнасьць NGO ў Беларусі”. Мерапрыемства адбылося ў зьвязку з IV рэгіянальным кангрэсам НДА, на які зьехаліся прадстаўнікі арганізацыяў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, Каўказу і Балтыі.  Арганізатары зьвярнуліся да прысутных з просьбай далучацца да кампаніі Асамблеі “Стоп 193.1”.

 

Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня

Асуджаны прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч тыдзень праводзіў у СІЗА №1 Менску галадоўку пратэсту. У выніку больш чым гадавога ўтрыманьня пад вартай у вельмі неспрыяльных для здароўя умовах ён страціў практычна ўсе зубы і як сьледзтва – пазбавіўся магчымасьці нармальнага ўжываньня ежы. Працяглы час зьняволены безвынікова дамагаўся ад адміністрацыі СІЗА аказаньня медычнай дапамогі па пратэзаваньні зубоў. Ён зьвяртаўся з пісьмовай заявай у Дэпартамент выкананьня пакараньняў МУС, аднак просьбу ігнаравалі, і на думку М.Аўтуховіча, папера ўвогуле не пакідала сьценаў следчага ізалятару, што прымусіла яго пайсьці на скрайнія меры. 23 чэрвеня пасьля сустрэчы з галоўным лекарам менскага СІЗА і абяцаньня, што ягонае патрабаваньне будзе выканана, палітвязень спыніў галадоўку. Камітэт па абароне рэпрэсаваных “Салідарнасьць” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” накіравалі Сьпецдакладчыку ААН па катаваньнях тэрміновую супольную заяву адносна ўтрыманьня М.Аўтуховіча. Да заявы далучаныя копіі афіцыйных адказаў на патрабаваньні зьняволенага аб аказаньні тэрміновай медычнай дапамогі.

 

Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі 

2 чэрвеня рэдакцыя «Народнай волі» атрымала трэцяе цягам года папярэджаньне Міністэрства інфармацыі. Яно тычыцца серыі публікацый І. Копыла «Нябышына. Вайна», што друкавалася ў выданьні ў сакавіку 2010 г.. Спасылаючыся на заключэньне Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінінфармацыі сьцвярджае, што шэраг прыведзеных у публікацыях гістарычных зьвестак не адпавядае рэчаіснасьці. Папярэджанне “Народнай волі” падпісаў 31 траўня міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі на падставе парушэньня арт. 4 Закону «Аб СМІ», які абавязвае сродкі масавай інфармацыі распаўсюджваць адпаведную рэчаіснасьці інфармацыю.

Усьлед за “Народнай Воляй” папярэджаньні Міністэрства інфармацыі атрымалі яшчэ два незалежныя выданьні “Новы час” і “Товарищ”.

Заснавальнікам друкаванага органа Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" газеце " Товарищ " Мінінфармацыі вынесла папярэджаньне ў сувязі з парушэньнем перыядычнасьці выхаду выданьня. У дакуменце, у прыватнасьці, адзначаецца, што трэці нумар "Товарища" за 2010 г. выйшаў толькі 7 траўня, у той час як газэта зарэгістраваная ў якасьці тыднёвіка. Рэдактар газеты Сяргей Вазьняк прызнае прэтэнзіі міністэрства, аднак кажа, што выданьне ня мае магчымасьці выходзіць часьцей і што міністр інфармацыі А. Праляскоўскі выдатна разумее, у якім становішчы знаходзіцца газета. Выданьне пазбавілі распаўсюду праз дзяржсістэму манапаліста – “Белпошту”, выкінулі з сістэмы падпіскі. Усе спробы друку газеты ў Беларусі таксама не прынесьлі выніку.

“Новы час” у чэрвені атрымаў адразу два папярэджаньні – ад Міністэрства інфармацыі (за недакладнасьці ў выходных дадзеных – адсутнасьці імя па бацьку галоўнага рэдактара, адсутнасьць штрых-кода і назвы дзяржаўнага органу кіраваньня ў сьферы масавай камунікацыі) і Міністэрства гандлю, якое расцаніла інфармацыю пра перадачы спадарожнікавага каналу «Белсат TV» як незаконную рэкламу. Галоўны рэдактар незалежнага выданьня Аляксей Кароль кажа, што насамрэч інфармацыя зробленая на бязвыплатнай аснове і не зьяўляецца рэкаламай. Між тым, акрамя папярэджаньня, Міністрэрства гандлю склала адміністрацыйны пратакол, які будзе разглядацца ў судзе.

7 чэрвеня ў адсутнасьць абвінавачанага суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў рэдактара «Витебского курьера» Алега Баршчэўскага па ч.2 арт. 22.9 КаАП за незаконны распаўсюд друкаваных СМІ, знойдзеных у ягонай машыне, штрафам у памеры 20 б.в. (700 тыс. руб.). Перавозку друкаваных выданьняў міліцыянты, а за імі і суд, палічылі распаўсюдам. Аднак дадзены адміністрацыйны артыкул прадугледжвае пакараньне за правапарушэньне, зьдзейсьненае ў сукупнасьці – за выраб і распаўсюд адначасова, таму дадзенае рашэньне суду супярэчыць дзеючаму заканадаўству.

Па аналагічных абвінавачаньнях былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафаў сябра Партыі БНФ, актывіст Руху “За свабоду” Аляксандр Рамановіч і дэмакратычная актывістка Крысьціна Шацікава. 16 чэрвеня Пінскі гарадскі суд прызнаў А. Рамановіча вінаватымным  у распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных, канфіскаванай у яго падчас ператрусу 1 красавіка, і пакараў штрафам у памеры 30 б.в. (1 млн. 50 тыс. руб.). 28 чэрвеня штраф у памеры 20 б.в. Кастрычніцікі райсуд Магілёву вынес К. Шацікавай, якая была затрыманая 4 траўня каля ўласнага дому з 12 тысячамі асобнікаў выданьня аднайменнай грамадзянскай ініцыятывы "Наш дом".

15 чэрвеня ў Менску каля будынку БДУ, дзе прадстаўнікі кампаніі "Гавары праўду!" раздавалі студэнтам улёткі са зваротам лідэра кампаніі паэта Уладзіміра Някляева, супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналістак Вольгу Жарнасек і Насту Краўчук. Абедзвюх журналістак даставілі ў РУУС Маскоўскага раёну, дзе пасьля высьвятленьня асобаў затрыманых і дагляду асабістых рэчаў адпусьцілі без складаньня пратаколаў. Па словах Насты Краўчук, пакуль журналісткі спрачаліся з аховай універсітэту, адбылася патасоўка, у выніку чаго была сапсаваная журналісцкая відэакамера.

23 чэрвеня на плошчы Свабоды ў Менску супрацоўнікі АМАПу разагналі пікет супраць Указа Прэзідэнта № 60 «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнэт». Дадзены заканадаўчы акт, які набывае моц з 1 ліпеня, закліканы зрабіць больш жорсткім кантроль беларускіх уладаў за інтэрнэт-прасторай у рэспубліцы. Актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху падавалі заяўку на правядзенне мітынгу за свабоду інтэрнэту, аднак Менгарвыканкам не санкцыянаваў мерапрыемства. У выніку некалькі чалавек былі затрыманыя і да суду ўтрымлівалі ў ЦІПе на вул. Акрэсьціна. На наступны дзень пяцёра ўдзельнікаў акцыі пратэсту судом Цэнтральнага раёну сталіцы былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафаў. Лідэр беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўген Контуш атрымаў 25 базавых велічыняў, астатнія чацьвёра па 5 б.в.

 

Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

2 чэрвеня актывіст "Моладзі БНФ" Зьміцер Пармон, які 27 траўня ў выніку зьбіцьця міліцыянтамі падчас спробы правесьці мірную акцыю апынуўся ў 6-м гарадзкім клінічным шпіталі з дыягназам “пералом ключыцы”, накіраваў у пракуратуру Цэнтральнага раёну сталіцы заяву з прозьбай правесьці пракурорскую праверку і прыцягнуць віноўных да адказнасьці. У заяве пацярпелы выклаў факты ўжыцьця гвалту ў дачыненьні да яго.

 

Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму прыпыніла рэгістрацыю праваабарончай арганізацыі "Берасьцейская вясна". Месяц таму рэгістрацыйныя дакументы былі пададзеныя ў адпаведную ўстанову. Заснавальнікі перакананыя, што  рашэньне аб прыпыненьні рэгістрацыі — надуманае. Арганізацыя "Берасьцейская вясна" спрабуе атрымаць рэгістрацыю з 2006 году.

 

Звальненьні і адлічэньні па палітычных матывах

Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун, які балатаваўся на мясцовых выбарах кандыдытам у Гомельскі абласны і Мазырскі раённы Саветы дэпутатаў, атрымаў уведамленьне, што адміністрацыя прадпрыемства ААТ "Беларускабель", дзе ён працуе начальнікам тэхнічнага аддзелу, не зьбіраецца працягваць з ім далейшае супрацоўніцтва. 30 чэрвеня ў грамадзкага актывіста заканчваецца тэрмін дзеяньня працоўнага кантракту, на прадпрыемства Беларуськабель ён уладкаваўся яшчэ ў 1976 годзе адразу пасьля службы ў войску.

Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) абвесьціў кампанію «ЗА Беларусь без кантрактаў». Cтаршыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч сьцвярджае, што паводле міжнародных нормаў, кантракт можна заключаць толькі з асаблівымі катэгорыямі работнікаў. А ў Беларусі па кантрактах працуе амаль усе працаздольнае насельніцтва краіны. На думку лідэра прафсаюза, важна вырашыць праблему кантрактаў да таго, як пачнецца поўнамаштабны працэс прыватызацыі. Інакш кантрактам скарыстаюцца новыя ўласнікі, каб хутка і на законных падставах пазбавіцца ад непатрэбных працаўнікоў. Кампанія мае на мэце правядзеньне інфармацыйнай, тлумачальнай працы сярод работнікаў, арганізацыю пікетаў, мітынгаў, сустрэчаў. У прафсаюзе таксама хочуць наладзіць зваротную сувязь – правесьці анкетаваньне, каб мець дакладнае ўяўленьне пра настроі людзей датычна праблемы масавай кантрактызацыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international