Суд незаконна прыцягнуў Аляксандра Рамановіча да адміністратыўнай адказнасці

2010 2010-06-23T14:35:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябра партыі БНФ і актывіст руху “За свабоду” Аляксандр Рамановіч падрыхтаваў скаргу ў Брэсцкі абласны суд на рашэнне суда Пінскага раёна. 16 чэрвеня суд пакараў грамадскага актывіста штрафам у 30 базавых велічынь за “незаконны выраб друкаванай прадукцыі”.  

Адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе штрафа было накладзена на актывіста паводле ч.2 артыкула 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь. Але суд у дадзеным выпадку прыняў незаконнае рашэнне.

- Частка 2 артыкула 22.9 КаАП РБ, па якой быў прыцягнуты да адказнасці Рамановіч, а таксама прыцягваюцца і іншыя дэмакратычныя актывісты, у новай сваёй рэдакцыі прадугледжвае, што асоба, якая абвінавачваецца па гэтым артыкуле, павінна не толькі вырабіць ці толькі распаўсюдзіць друкаваную прадукцыю. Гэта правапарушэнне ўключае ў сябе і выраб і распаўсюд прадукцыі, - каментуе сітуацыю юрыст ПЦ “Вясна” Уладзімір Лабковіч. - Суды, на жаль, не сочаць за зменамі заканадаўства, карыстаюцца старой рэдакцыяй, калі было дастаткова аднаго з дзеянняў, і абсалютна незаконна прыцягваць дэмакратычных актывістаў да адміністратыўнай адказнасці.

Нагадаем, што 17 чэрвеня суд Астравецкага раёна спыніў аналагічную адміністратыўную справу ў дачыненні да грамадскага актывіста Івана Крука. Суд не змог даказаць, што І.Крук вырабляў друкаваную прадукцыю, але не выключыў фактаў яе распаўсюду. 

Праваабаронца адзначае, што ў справе А.Рамановіча суд неабгрунтавана адхіліў паказанні сведак, якія казалі, што Рамановіч не мае ніякага дачынення да канфіскаваных падчас красавіцкага ператрусу вінчэсцераў і быццам бы вырабленай ім друкаванай прадукцыі. Таксама суд няправільна вызначыў тэрміны прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці, паколькі міліцыя спазнілася са складаннем пратаколу і накіравання яго ў суд. З моманту ператрусу, калі былі канфіскаваныя матэрыялы, якія паслужылі падставай для правядзення адміністратыўнай вытворчасці, ужо дакладна прайшло больш за два месяцы.

- У дадзенай сітуацыі бачна, што суд халатна паставіўся да сваёй справы і абсалютна незаконна прыцягнуў Аляксандра Рамановіча да адміністратыўнай адказнасці. І ў гэтай справе відавочны палітычны падтэкст. Таму з нашай дапамогай грамадскі актывіст падрыхтаваў скаргу ў Брэсцкі абласны суд, - адзначыў У.Лабковіч.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international