Школа па правах чалавека: галоўнае - матывацыя

2010 2010-06-23T11:58:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/skola_koler_na_bielym.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Летнія вакацыі студэнты разглядаюць не толькі як час адпачынку. Для адных гэта магчымасць паспрабаваць сябе на прафесійным попрышчы, а хтосьці імкнецца пашырыць кола сваіх ведаў. Прынамсі, магчымасцяў для гэтага сёння хапае ў розных накірунках. Не стала выключэннем і галіна правоў чалавека. Актыўная моладзь штогод запрашаецца да ўдзелу ў праваабарончых летніках і школах.

Адзін з такіх навучальных праектаў - летняя Школа па правах чалавека для моладзі, што праводзіцца ў Вільні. Удзельнікам Школы, якіх набіраюць на конкурснай аснове, арганізатары абяцаюць знаёмствы і атрыманне карысных ведаў ад аўтарытэтных спецыялістаў у галіне правоў чалавека і права.

Якім крытэрам павінны адпавядаць прэтэндэнты на ўдзел у Школе па правах чалавека? І што чакае тых, хто прайшоў конкурс? Пра гэта гутарка з каардынатарам навучальнага праекта Таццянай Рэвяка.

 

- Таццяна, якія мэты ставілі перад сабой арганізатары падчас стварэння Школы па правах чалавека для моладзі?

- Па-першае, само стварэнне нацыянальнай Школы, у якой выкладаліся б правы чалавека.

І, канешне, актыўная праца ў навучанні правам чалавека беларускай моладзі – нашай будучыні, тых спецыялістаў, будучых дзяржаўных службоўцаў, ад якіх будзе залежыць, якая сітуацыя з правамі чалавека будзе ў нашай краіне.

- Зараз ідзе набор на Школы. Да ўдзелу запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Да прэтэндэнтаў існуюць пэўныя патрабаванні. Можаце даць абагульнены партрэт удзельніка школы?

- Перш за ўсё, мы чакаем ад прэтэндэнтаў на ўдзел у нашых Школах цікавасці да праваабарончай тэматыкі. У нашай рэгістрацыйнай форме ёсць пункт, датычны матывацыі.  Для нас гэта асноўнае: дзеля чаго чалавек хоча прыехаць да нас, дзеля чаго яму патрэбныя гэтыя веды. Таксама надаем увагу таму, якую адукацыю маюць прэтэндэнты. Бо праграма даволі складаная, і трэба мець пэўны багаж ведаў і крыху арыентавацца ў грамадскім жыцці Беларусі, тых працэсах, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве, каб зразумець месца самой сістэмы правоў чалавека ў нашым дзяржаўным будаванні. І, канешне, вельмі важна, каб гэтыя веды не заставаліся нейкім грузам, што заляжа ў галаве слухачоў. Для нас важна, каб гэтыя веды былі жывымі, выкарыстоўваліся. І каб было жаданне выправіць тыя недахопы ў галіне правоў чалавека, якія існуюць у нашай краіне.

- Вы адзначылі, што звяртаеце ўвагу на адукацыю. І, калі бычыш спалучэнне “правы чалавека”, адразу паўстае пытанне наконт таго, ці патрэбна  патэнцыйным удзельнікам базавая юрыдычная падрыхтоўка да вашых Школаў.

- Юрыдычная падрыхтоўка неабавязковая. Калі нават паглядзець на нашых праваабаронцаў, большасць з іх якраз не юрысты. Для таго, каб займацца правамі чалавека, трэба быць чалавекам неабыякавым, мець жаданне мяняць сітуацыю. Звычайна сярод заявак на ўдзел у Школах дзесьці трэцяя частка прэтэндэнтаў – студэнты-юрысты з БДУ і розных рэгіянальных вну, дзе ёсць юрыдычныя факультэты. Адзначу, што нашы слухачы, якія атрымліваюць юрыдычную адукацыю, яны здзіўляюцца, што правы чалавека гэта не толькі Усеагульная Дэкларацыя, Міжнародны Пакт і пералік нейкіх сістэмаў, што гэта значна больш шырокая, шматаспектная канцэпцыя. І пасля тыдня, які студэнты-юрысты праводзяць на Школе, яны па-іншаму пачынаюць глядзець на правы чалавека, у тым ліку, і на само права правоў чалавека.

- Канцэпцыя Школы прадугледжвае працэс навучання. З іншага боку, лета ў студэнцтва – час адпачынку. Як вам у праграме Школы ўдаецца балансаваць у гэтым сэнсе? 

- Я не абяцаю, што летняя Школа па правах чалавека – гэта летні адпачынак. Усё ж, асноўнае – навучанне. Але гэта не навучанне “класічнае”, як начытка лекцый, тэсты. Наша праграма пабудавана на методыцы актыўнага ўдзелу кожнага ў абмеркаванні праблемаў, зразумела, пад кіраўніцтвам трэнераў і экспертаў. Гэта меньш стамляе і, як мы ўжо высветлілі, дае ўдзельнікам больш ведаў і разумення сутнасці праблемаў. Хаця заняткі у нас праводзяцца з ранку да вечара, у дадатак прапануюцца дыскусійныя клубы. Фактычна, застаецца толькі час для сну. Але, я мяркую, што нашы ўдзельнікі звычайна не ў крыўдзе за гэта, таму што яны атрымліваюць вялікі аб’ём ведаў, навыкі ад вельмі цікавых спецыялістаў. У праграме Школы ёсць адзін дзень адпачынку ад заняткаў. У гэты дзень мы прапануем экскурсіі па Вільні, у музеі. Але ўсё ж асноўнае – гэта навучанне, тут я не буду хлусіць.

- Па заканчэнні Школаў, мабыць, праводзіцца нейкае анкетаванне, вы даведваецеся ад удзельнікаў пра іх уражанні, меркаванні. Якія “плюсы” звычайна адзначаюць тыя, хто прайшоў навучанне ў Школе?

- Мы тут ужо казалі пра інтэнсіўнасць навучання і фактычную адсутнасць вольнага часу. На гэта, дарэчы, няма нараканняў і моладдзю гэта ўспрымаецца ўдзячна. Сярод “плюсаў”, відаць, тая вольная, адкрытая атмасфера для абмену меркаваннямі. Нашы эксперты не навязваюць сваіх меркаванняў, кожны з удзельнікаў праграмы можа давесці свой пункт гледжання на праблему, нават паспрачацца.

- А якія “мінусы” ёсць у вашых Школаў? Чаго ўдзельнікі, магчыма, не чакаюць, але ім давядзецца з гэтым сустрэцца?

- Думаю, што адразу не чакаюць сапраўды жорсткіх патрабаванняў да дысцыпліны і ўдзелу ва ўсіх запланаваных мерапрыемствах. Гэта тая ўмова, пад якой падпісваюцца прэтэндэнты, калі падаюць заяўкі. Выказваючы сваё жаданне прыняць удзел у Школах, яны ўжо абавязуюцца прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах. Фактычна, гэта дамова, з якой мы пачынаем стасункі з нашымі будучымі ўдзельнікамі. Гэта датычыць не толькі ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах, але датычыць і неспазненняў на заняткі, паколькі такія моманты збіваюць працу ўсёй групы.
Магчыма, у першыя дні паўстаюць пытанні да ўмоваў пражывання. Нашы Школы праходзяць у Доме правоў чалавека. Гэта чатырохпавярховы будынак, на трох паверхах размешчаны пакоі на два і тры чалавекі. Так што, магчыма, кагосьці будзе не вельмі задавальняць адсутнасць аднамесных пакояў, а таксама тое, што на паверсе ёсць толькі адзін душ. Я разумею гэтыя нязручнасці, часам мы атрымліваем некаторыя заўвагі адносна гэтага. Як правіла, дзень-другі – і нашы ўдзельнікі ўжо прыстасоўваюцца да гэтых умоваў, прыстасоўваюцца адзін да аднаго, нейкім чынам гэта праблема знікае. Да пачатку заняткаў, звычайна, усе паспяваюць і прывесці сябе ў парадак і паснедаць. Але, сапраўды, у першыя дні пытанні ўзнікаюць.

- На вашы Школы прыязджае моладзь з розных рэгіёнаў Беларусі. Ці можаце вы адзначыць найбольш актыўныя ў гэтым плане рэгіёны? 
        
- Большасць заявак падаюць студэнты, якія навучаюцца ў Менску. Гэта не значыць, што яны ўсе з Менску, прадстаўляюць розныя рэгіёны краіны. Што датычыць вну, якія знаходзяцца ў іншых гарадах, то хацела б адзначыць Магілёў, там моладзевы рух даволі моцны і адтуль да нас прыязджаюць кожнае лета. Актыўныя таксама брэсцкія, гарадзенскія, менш актыўныя гомельскія студэнты. Найбольш, відаць, Магілёў прагне ведаў у галіне правоў чалавека. Мяркую, гэта звязана з тым, што інфармацыя хутка разыходзіцца ў студэнцкім асяродку. І атрымліваецца, што з году ў год з тых жа гарадоў, з тых жа вну паступаюць заяўкі на ўдзел у нашых Школах. Таксама, мы, калі праводзім конкурс, глядзім на тое, ці ўдзельнічаюць прэтэндэнты ў грамадскім жыцці, ці з’яўляюцца сябрамі грамадскіх арганізацыяў. Бо важна, каб у іх была пасля магчымасць рэалізаваць набытыя веды ў канкрэтных грамадскіх ініцыятывах, кампаніях.

- Таццяна, што маеце сказаць да патэнцыйных удзельнікаў Школы па правах чалавека для моладзі?

- Дарагія нашы ўдзельнікі, я вас прашу быць заўсёды адкрытымі і шчырымі, заставацца заўсёды сабою, нягледзячы на аўтарытэтных выкладчыкаў. А тым, хто, на жаль, не прайшоў конкурс, я хацела б пажадаць большай упартасці і крыху большай увагі да фармулявання сваіх матывацыяў удзелу ў нашай праграме. І тады мы абавязкова з вамі сустрэнемся!

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international