Паўстане незалежны студэнцкі прафсаюз?

2010 2010-06-14T12:17:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/studenctva.jpg

Ініцыятыва стварыць незалежны студэнцкі прафсаюз прагучала на канферэнцыі па правах чалавека ў Мінску 13 чэрвеня. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі актывісты маладзёжнай прафсаюзнай групы «Студэнцкая рада», якая існуе з 2008 года.

Удзельнікі сустрэчы гаварылі пра неабходнасць кансалідавацца для таго, каб адстойваць свае правы. «Мы выступаем за стварэнне незалежнага студэнцкага прафсаюза. Большасць студэнтаў нічога не ведаюць пра свае правы, і ў многіх канфліктных сітуацыях яны не ведаюць, што рабіць», — сказала адна з арганізатараў канферэнцыі Аляксандра Дзікан.

У якасці прыкладу прыводзілася сістэма абавязковага размеркавання выпускнікоў ВНУ. Паводле меркавання ўдзельнікаў сустрэчы, размеркаванне не павінна быць завочным і вырашацца толькі на ўзроўні кіраўніцтва ВНУ — студэнты маюць права ўдзельнічаць ва ўсіх пытаннях, якія непасрэдна тычацца іх далейшага лёсу.

Закраналіся таксама праблемы гуманнасці і маралі пры падрыхтоўцы спецыялістаў-медыкаў і біёлагаў. Прысутныя выступалі за ўкараненне альтэрнатыў пры правядзенні паказальных і навучальных эксперыментаў на лабараторных жывёлах.

«Праводзіць трэнінгі непасрэдна па механізме абароны правоў студэнтаў мы пачалі ў лютым гэтага года, — сказала Аляксандра Дзікан. — Затым правялі аналагічныя мерапрыемствы ў сакавіку, красавіку і двойчы ў маі. У іх узялі ўдзел больш за 60 студэнтаў».

«У палітыку мы не лезем, — дадала актывістка „Студэнцкай рады“ Яўгенія Андраюк. — Але калі быў інцыдэнт з Таццянай Шапуцька (Шапуцька ўваходзіць у кіраўніцтва апазіцыйнай арганізацыі „Малады фронт“ — Рэд.), якую адлічылі з БДУ нібыта за пропускі, наша арганізацыя дапамагала збіраць подпісы ў яе абарону».

«Цяпер студэнцкае асяроддзе хвалююць пытанні свабоды выбару і самавызначэння, магчымасць замежных выездаў, праблемы прымусовага ўступлення ў розныя арганізацыі і прафсаюзы, а таксама якасць адукацыі», — падкрэсліла Аляксандра Дзікан у інтэрв'ю БелаПАН.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international