У Мінску адбылася прэзентацыя "Агляду-хронікі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе", падрыхтаванага Праваабарончым цэнтрам "Вясна". Экспэрты Цэнтру прыйшлі да высновы, што ў 2002 годзе ў агульным становішчы з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі зрухаў да лепшага не адбылося. Палітыка ўладаў па-ранейшаму суправаджалася парушэньнем міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека і нацыянальнага заканадаўства. Найбольш істотнае пагаршэньне сітуацыі было зафіксавана ў галіне свабоды слова і свабоды веравызнаньня.

2003 2003-02-27T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Для беларускай дзяржавы правы чалавека па-ранейшаму не зьяўляюцца непарушным прынцыпам, які мусіць дамінаваць ва ўсіх праявах дзяржаўнай палітыкі," - адзначаецца ў Аглядзе-хроніцы за мінулы год, падрыхтаваным праваабаронцамі Цэнтра "Вясна". Нагадаю, што "Вясна" займаецца маніторынгам парушэньняў правоў чалавека ад часу свайго заснаваньня ў красавіку 1996 года падчас масавых акцыяў пратэсту супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.
Большасьць інфармацыі для новага бюлетэня сабрана сябрамі з 17-ці аддзяленьняў "Вясны" па ўсёй краіне. "Гэты Агляд - вяршыня айсьбергу тых пакутаў і зьнявагаў, якія перажывае зараз наш увесь беларускі народ", - адзначыў у сваім выступе на прэзентацыі выданьня старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі.
А.Б. - Мінулы год адзначыўся нябачным яшчэ дасюль ціскам на СМІ, на журналістаў. Жорстка караюцца прадстаўнікі палітычных партыяў і рухаў за незалежніцкія памкненьні. Згвалтаваныя прафсаюзы. Прыняты антыдэмакратычны Закон аб рэлігіях, які істотна абмяжоўвае частку беларускага насельніцтва ў сваіх правох. І пералік імёнаў пацярпелых у Аглядзе - гэта ёсьць дакументальнае сьведчаньне таго, што ёсьць у грамадзтве сілы, нязгодныя з такім гвалтам над людзьмі. Ёсьць шчырыя, добрыя, праўдзівыя людзі, якія супраціўляюцца цынічнай уседазволенасьці ўладаў. Ёсьць стойкія і ахвярныя людзі, якія сьведама церпяць і ідуць на пакуты, пратэстуючы супраць несправядлівасьці. Такое адчуваньне, што ўлады абьявілі вайну ўсяму беларускаму народу. Гэтыя бесперапынныя канфлікты, якія цягнуцца вось ужо некалькі гадоў, палітычныя, сацыяльныя, зараз вось ужо рэлігійныя, - зусім ненатуральная сітуацыя для нашага дастаткова разумнага і прагматычнага народу. Натуральна, што яны выклікаюць абурэньне і пратэст. Горш было б, калі б не было каму пратэставаць.
Адна з праблемаў, якой актыўна займаецца "Вясна" застаюцца лёсы зьніклых палітыкаў, апанэнтаў існуючага ў Беларусі рэжыму. Зінаіда Ганчар, жонка віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, адзначыла ў сваім выступе, што ў мінулым годзе ўдалося абьяднаць намаганьні ўсіх правааборнчых структур у справе зьніклых.
З.Г. - Аднак праваахоўныя органы прыпынілі расьследаваньне ўсіх справаў па зьніклых і ў прынцыпе гэта быў для нас чаканы вынік. - гаворыць Зінаіда Ганчар. - Нашыя адвакаты працягваюць працу, мы пішам хадайніцтвы, але іх адхіляюць і мы не маем адказаў. Аднак мы не спынімся і не будзем маўчаць. З дапамогай праваабаронцаў мы будзем патрабаваць адказу на пытаньне: дзе нашыя зьніклыя, што з імі здарылася? Мы будзем патрабаваць пакараньня вінаватых у выкраданьнях.
На прэзентацыю "Агляду-хронікі", падрыхтаванага "Вясной" прыйшлі прадстаўнікі іншых праваабарончых арганізацый, юрысты, палітыкі, журналісты,замежныя дыпляматы, сярод якіх амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Сярод удзельнікаў імпрэзы былі і тыя людзі, за вызваленьне якіх змагаліся праваабаронцы "Вясны". Былы зьняволены дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў крытычна выказаўся супраць легітымізацыі Нацыянальнага сходу ў Парламэнцкай асамблеі АБСЭ. З ягоных словаў сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не давала падставаў для такога рашэньня Асамблеі.
А.К. - Наша грамадзтва, кажучы тэрміналёгіяй зьняволенага прафэсара Бандажэўскага, хворае амаль невылечна. І ў гэтым сэнсе я ўспрымаю праваабарончую арганізацыю "Вясна" як урача, які калі і не вылечыць гэтае грамадзтва, то па меншай меры паставіць дыягназ. -кажа Андрэй Клімаў. - Тым часам старая Эўропа згодная з высновамі пасланцоў АБСЭ на чале з Утай Цапф, што ў нас, маўляў, няма сурьёзных праблем: у нас не забіваюць палітычных ананэнтаў рэжыму, у нас няма палітзьняволеных і парламэнт у нас законнаабраны, хаця эспэрты АБСЭ зрабілі выснову пра нелегітымнасьць мінулых выбараў.
Праваабарончы цэнтар "Вясна" працягне назіраньне за ходам цяперашняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя органы ўлады. Факты затрыманьняў удзельнікаў мірных акцый адмоўна характарызуюць перадвыбарчую атмасфэру ў краіне. Днямі, пасьля затрыманьня за ўдзел у моладзевай акцыі ў дзень Сьвятога Валянціна, выйшаў на волю лідэр Маладога фронту Павал Севярнец. Па адсідцы на сутках ён мае сумны рэкорд.
П.С. - За год, з сёньняшняга дня і год назад, недзе паўтара месяца набярэцца менавіта па адсідках на сутках, плюс розныя затрыманьні - гэта ўжо не ўлік. Яшчэ мяне папярэдзілі, што рыхтуецца да ўзбуджэньня крымінальная справа, наколькі я ведаю незаконна, за тое, што я не плачу штрафаў. У мяне там ладная сума ў сотнях мінімальных заробкаў штрафаў.
Можна падсумаваць, што ў Праваабрончага цэнтру "Вясна" яшчэ будзе шмат працы і на гэты 2003 год.
Аляксандар Дашчынскі, RR -

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international