Праваабаронцы настойваюць на перамовах з сілавікамі

2010 2010-02-19T18:10:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кіраўнікам сілавых структур сёння накіраваны звароты з просьбай выказаць свае прапановы па фармаце, часе і месцы перамоваў і дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў гэтай працы.

 

У калектыўным звароце праваабаронцаў гаворыцца: “18 лютага 2010 года арганізацыйным камітэтам у складзе прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацый Вам (упаўнаважанаму прадстаўніку ўзначальваемай Вамі арганізацыі)  было накіравана запрашэнне прыняць удзел у перамовах па пытаннях  свабоды сходаў і забеспячэння правапарадку пры правядзенні мірных сходаў. 

Неабходнасць  перагаворнага працэсу была абвешчана ў неадкладным  парадку, што абумоўлена дзеяннямі  супрацоўнікаў праваахоўных органаў пры правядзенні  мірных сходаў 8, 14 і 16 лютага, а таксама сітуацыяй вакол “Саюзу палякаў на Беларусі”.  Пачатак перамоваў, а менавіта абмен пазіцыямі паміж праваабаронцамі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў па пытаннях забеспячэння правапарадку пры правядзенні мірных сходаў грамадзян, былі прызначаны на 19 лютага 2010 года з 11 да 13 гадзін у пакоі перамоваў гасцініцы “Еўропа”.

Для назірання за перагаворным працэсам арганізацыйным камітэтам былі запрошаны прадстаўнікі дыпламатычных місій, офіса АБСЕ ў Менску, Прадстаўніцтвы Еўракамісіі. Для забеспячэння адкрытасці і інфармавання грамадскасці пра ход перагаворнага працэсу арганізацыйным камітэтам былі запрошаны сродкі масавай інфармацыі.  

Пачынальнаючы з 11 гадзін 19 лютага 2010 года, арганізацыйны камітэт у поўным складзе чакаў пачатку перамоваў у запланаваным месцы ля ўваходу ў будынак гасцініцы “Еўропа”.

Нягледзячы на тое, што ніводны з запрошаных прадстаўнікоў праваахоўных органаў не з'явіўся да месца правядзення перамоваў 19 лютага 2010 года, лічым неабходным  інфармаваць Вас пра пытанні, якія выклікаюць вялікую занепакоенасць з боку праваабаронцаў на падставе аналізу  дзейнасці праваахоўных органаў пры забеспячэнні правапарадку падчас мірных сходаў грамадзян:

- аднаўленне практыкі незаконных папярэдніх (прэвентыўных) затрыманняў, якія здзяйсняюцца перад пачаткам мірных сходаў па-за месцамі правядзення мірных сходаў;

- адвольныя затрыманні і неабгрунтаванае непрапарцыйнае ўжыванне сілы пры затрыманнях у месцах правядзення мірных сходаў;

- перашкоды дзейнасці СМІ пры ажыццяўленні імі сваіх прафесійных абавязкаў падчас мірных сходаў;

-  жорсткае абыходжанне з затрыманымі падчас дастаўкі іх у аддзяленні міліцыі; 

- жорсткае і зневажаючае чалавечую годнасць абыходжанне з затрыманымі  ў аддзяленнях міліцыі;

- практыка рэалізацыі механізмаў судовага, ведамаснага і пракурорскага кантролю за незаконнымі дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Мы разглядаем дыялог па пазначаных вышэй пытаннях у якасці першага і неабходнага дзеяння, накіраванага на нармалізацыю сітуацыі з забеспячэннем правоў грамадзян на мірныя сходы ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у дадзенай сферы праваадносін.

На падставе вышэйпададзенага,

Просім Вас выказаць свае прапановы па фармаце, часе і месцы перамоваў і дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў гэтай працы”.

 

У аргкамітэт, які ініцыюе перамовы, увайшлі Алесь Бяляцкі (Праваабарончы цэнтр “Вясна”), Іна Кулей (Камітэт “Салідарнасць”), Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі камітэт), Алена Танкачова (Асветніцкая ўстанова “Цэнтр прававой трансфармацыі”), Таццяна Рэвяка (Беларускі Дом правоў чалавека), Раіса Міхайлоўская (“Цэнтр па правах чалавека”), Алег Волчак (“Прававая дапамога насельніцтву”).

 

Звароты накіраваны Міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-маёру міліцыі Куляшову Анатолю Нілавічу; Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь Васілевічу Рыгору Аляксеевічу; старшыні Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Юшкевічу Аляксандру Мікалаевічу; старшыне КДБ Рэспублікі Беларусь Генерал-лейтэнанту Зайцаву Вадзіму Юр'евічу; палкоўніку Калачу Ўладзіміру Віктаравічу, які ўзначальвае УКДБ па горадзе  Менску і Менскай вобласці; палкоўніку Лукомскаму Аляксандру Валянцінавічу, камандуючаму палком міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама; генерал-маёру міліцыі Фармагею Леаніду Канстанцінавічу, што ўзначальвае ГУУС Мінгарвыканкама і пракурору горада Менска Куліку Мікалаю Мікалаевічу.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства