Выбарчы марафон: Падзеі, тэндэнцыі і лічбы тыдня мінулага

2010 2010-02-06T21:25:22+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тыдзень пачаўся з двух прэс-канферэнцый, асноўна тэма якіх -- ход выбарчай кампаніі.

1 лютага старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла журналістам пра паспяховае завяршэнне першага этапу выбарчай кампаніі – фармаванне тэрытарыяьных выбарчых камісій, акрэсліўшы асноўныя тэндэнцыі дадзенага выбарчага перыяду. У гэты ж дзень праваабаронцы абвесцілі пра правядзенне маніторынгавай кампаніі “Праваабаронцы за свабодыя выбары”, дзе далі свае ацэнкі пачатку выбарчага марафону. Тыдзень таксама адзначыўся даволі рэзкімі заявамі апазіцыйных палітычных партый, абскарджаннем неўключэння ў склад тэрытарыяльных камісій, а таксама вылучэннем у акруговыя камісіі па выбарах у абласныя Саветы дэпутатаў і Менгарсавет. 

 

Этап адзін – акцэнты розныя

Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына канстатавала, што ўсе неабходныя для правядзення выбараў у мясцовыя  Саветы дэпутатаў тэрытарыяльныя камісіі створаны: усяго 1495, у тым ліку 6 абласных, 1 Менская гарадская, 118 раённых, 12 гарадскіх (у гарадах абласнога падпарадкавання), 14 гарадскіх (у гарадах раённага падпарадкавання), 56 пасялковых і 1288 сельскіх. У склад камісій уключана 11 697 чалавек (або 90% ад агульнага ліку прэтэндэнтаў на ўдзел у працы выбаркамаў - іх было 13 106 чалавек). Больш паловы (каля 52%) са складу тэрытарыяльных выбарчых камісій - гэта грамадзяне, якія вылучаліся шляхам падачы заяў. Прадстаўнікі ад працоўных калектываў склалі 12,8% сяброў выбаркамаў, ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў - 35,3%. Такім чынам, горда заявіла старшыня ЦВК, патрабаванне Выбарчага кодэкса аб тым, што не меней адной траціны складу тэрытарыяльных выбарчых камісій павінна быць сфармавана з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, цалкам выканана.

Што датычыць канкрэтных лічбаў, то яны такія: у склад тэрытарыяльных выбаркамаў увайшлі 105 прадстаўнікоў партый, або 0,9% ад агульнага складу камісій. У тым ліку 75 - ад Камуністычнай партыі Беларусі, 9 - ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", 7 - ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, 5 - ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 4 - ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, па 2 - ад Беларускай аграрнай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада", а таксама адзін ад Сацыяльна-спартыўнай партыі (усяго вылучаліся 149 чалавек, што склала меней 1,1% ад агульнага ліку людзей, прэтэндуючых на ўдзел у працы камісій). У склад камісій увайшлі 4024 прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў (або 34,4% ад агульнага складу камісій). У іх ліку - "Белая Русь" (517), БРСМ (527), Беларускі саюз жанчын (489), Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў (303), ФПБ (1882) і іншыя (306).

Таксама спадарыня Ярмошына адзначыла, што некаторыя партыі не патрапілі ў тэрытарыяльныя камісіі па сваёй віне: "Некаторыя палітычныя партыі правялі няправільнае вылучэнне ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. Напрыклад, яны не выконвалі прынцып адпаведнасці, калі абласная партыйная арганізацыя мае права вылучаць кандыдатаў толькі ў абласны Савет і ў абласную камісію".

У сваю чаргу праваабаронцы на сваёй прэс-канферэнцыі, аналізуючы той жа этап выбарчай кампаніі, пра які казала і старшыня ЦВК, звярнулі ўвагу на іншы бок гэтага працэсу. “Пакуль што спадзяванні на тое, што норма аб наяўнасці ў камісіях адной трэці прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і палітычных партый забяспечыць паўнавартасную прысутнасць дэмакратычных партый у камісіях, не спраўджваецца, – зазначыў Валянцін Стэфановіч, юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна”. – Гэта можна тлумачыць тым, што шмат якія з партый не маюць нізавых структур, якія пастаўлены на ўлік альбо ўвогуле незарэгістраваны. Напрыклад,  Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, натуральна, не мела магчымасці вылучыць кандыдатаў ад партыі на членства ў выбарчых камісіях, таму прадстаўнікі партыі вылучаліся шляхам збору подпісаў. З больш чым 40 заяўленых чалавек ад БХД у склад камісій увайшлі толькі тры”.

Таксама праваабаронцы заявілі, што атмасфера страху і падпарадкаванасці ўладам суправаджала і працягвае суправаджаць выбарчыя працэсы на Беларусі. “Сітуацыя для адкрытых выбараў неспрыяльная с самага пачатку, – зазначыў Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”. – Перад беларускімі ўладамі, асабліва перад Цэнтральнай выбарчай камісіяй, сёлета стаіць складаная задача – правесці мясцовыя выбары больш-менш прыстойна. А пра якую адкрытасць і палітычную барацьбу можна казаць, калі ёсць цэлыя вобласці, дзе апроч абласных гарадоў і некалькіх буйных населеных пунктаў, фактычна няма прадстаўніцтва ніякіх партыйных зарэгістраваных структур. У камісіі ідуць людзі, з тых арганізацый, з якімі ўлада рука аб руку працуе ўжо шмат год. Стварэнне ж новых дэмакратычных партый на Беларусі практычна немагчыма. На працягу 2009 года было некалькі спробаў рэгістрацыі новых палітычных партый: Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай партыі працоўных. Усе іх спробы арганізавацца юрыдычна сталі безвыніковымі. На беларускай палітычнай арэне новыя дэмакратычныя партыі не з’яўляюцца ўжо з 2000-га года, а колькасць існуючых працягвае скарачацца. Кожны месяц мінулага года наша арганізацыя канстатавала выпадкі звальнення партыйных актывістаў з працы, – распавёў Алесь Бяляцкі. – Тое ж тычыцца і актыўных студэнтаў, якіх выключаюць з ВНУ за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Фактычна ўлады заахвочваюць дэпалітызацыю грамадства”.

Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак дадаў, што “важна адсочваць і практыку рэальнага прымянення заканаўства, і сітуацыю, на фоне якой праходзіць цяперашняя выбарчая кампанія, таму што сапраўдныя справядлівыя выбары могуць адбыцца толькі тады, калі ў краіне захоўваюцца правы і свабоды. Людзі павінны мець магчымасць свабодна сфармаваць думку, быць вольнымі ў дылеме: прыйсці ці не прыйсці на галасаванне, свядома зрабіць свой выбар. Акрамя таго, трэба, каб гэты выбар быў яшчэ і правільна падлічаны. З улікам усіх гэтых аспектаў і трэба рабіць адпаведныя высновы і даваць рэкамедацыі на будчыню”. 

 

Ісці ці не ісці на выбары: пытанне для апазіцыі адкрытае
Фармаванне тэрытарыяльных камісій паставіла перад дэмакратычнай апазіцыяй пытанне: а ці варта далей працягваць удзел у такіх выбарах. На прэс-канферэнцыі 2 лютага суб’екты АДС (Аб’яднаных дэмакратычных сіл) заявілі, што канчаткова вызначацца з фаматам удзелу ў кампаніі пасля фармавання ўсіх выбарчых камісій. Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што "пакуль фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій паказвае, што ўлады вырашылі пакінуць за сабой права прызначаць дэпутатаў". Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч сказаў, што дэмакратычныя сілы працягнуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі: вылучаць прадстаўнікоў у акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, кандыдатаў у дэпутаты. "У той жа час мы пакідаем за сабой права адмовіцца ад удзелу ў выбарах на любым этапе", — падкрэсліў ён.

Прадстаўнікі АДС таксама зрабілі выснову, што лібералізацыя выбарчага працэсу не адбываецца. Намеснік старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Валерый Ухналёў адзначыў, што ўлады не імкнуцца да дэмакратызацыі выбараў: "Фармальна пры фармаванні тэрытарыяльных камісій прайшло нібыта ўсё добра, але па сутнасці нічога не змянілася. Папраўкі ў выбарчае заканадаўства прадугледжвалі, што траціна складу выбарчых камісій павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Гэтая квота запоўненая прадстаўнікамі праўладных аб'яднанняў. У той жа час у шэраг тэрытарыяльных камісій наогул не ўключаліся прадстаўнікі палітычных партый".

Пра залежнасць далейшага ўдзелу ў выбарах ад фармавання акуговых і ўчастковых камісій казалі і партыйцы ў рэгіёнах. Такое рашэнне, напрыклад, агучыў старшыня Барысаўскай гарадской арганізацыі АГП Міхаіл Васільеў. Паводле яго слоў, не менш за восем сябраў яго партыі гатовыя балатавацца на выбарах у мясцовыя Саветы ў Барысаўскім рэгіёне. Але калі ў склад ўчастковых камісій не ўвойдуць актывісты дэмакратычнай апазіцыі, удзел у выбарах з загадзя прадказальным "элегантным" вынікам губляе для іх усялякі сэнс.

 

Чарговы тэст на лібералізацыю

Згодна з Каляндарным планам выбарчай кампаніі, вылучэне прадстаўнікоў у акруговыя камісіі па выбарах у абласныя Саветы дэпутатаў і Менгарсавет адбывалася да 5 лютага ўключна, а камісіі павінны быць сфармаваныя на працягу трох дзён пасля завяршэння вылучэння. Права вылучаць сваіх прадстаўнікоў мелі палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, працоўныя калектывы і грамадзяне - праз збор подпісаў. 8 лютага акруговыя камісіі павінны быць цалкам сфармаваныя. Усяго павінна быць сфармавана 367 акруговых камісій, у тым ліку па выбарах у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў 58, ва ўсе астатнія абласныя Саветы -- па 60. У Менску будзе сфармавана 9 тэрытарыяльных камісій, якія ў раёнах горада будуць рэалізоўваць паўнамоцтвы акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў гарадскога Савета.

Нягледзячы на тое, што большасць прадстаўнікоў дэмакратычных партый не змаглі патрапіць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, партыйныя структуры не праігнаравалі вылучэнне сваіх прэтэндэнтаў у склад акруговых.

У Менску ГА БНФ “Адраджэнне” і Партыя БНФ падалі заявы на ўключэнне сваіх прэтэндэнтаў ва ўсе дзевяць тэрытарыяльных выбарчых камісій сталіцы, але асаблівых спадзяванняў на ўключэнне сваіх прэтэндэнтаў у склад камісій яны не выказваюць. Сярод кандыдатаў у склад тэрытарыльных камісій Менска вылучаны сябры партыі Уладзімір Лабковіч і Юрый Чавусаў, якіх не ўключылі ў склад Менскай гарадской выбарчай камісіі.

АГП на гэтым этапе зрабіла стаўку на знакамітых людзей. Партыя падала заяўкі на іх уваход у склад усіх тэрытарыяльных камісій Менска. Сярод ылучэнцаў ад АГП народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька, пачэсны старшыня партыі Станіслаў Багданкевіч, былы міністр працы Аляксандр Сасноў, ініцыятар стварэння жаночай партыі “Надзея” Валянціна Палявікова, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Аляксандр Дабравольскі, сябра палітсавета партыі АГП Уладзімір Раманоўскінамеснік старшыні АГП Ігар Шынкарык, палітолаг і журналіст Сяргей Нікалюк. Тым не менш, спадзяванні на справядлівае фарміраванне складу тэрытарыяльных камісій Мінска таксама не вельмі вялікія і ў кіраўніцтва партыі, і ў яе кандыдатаў.

Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” вылучыла ў акруговыя выбарчыя камісіі 107 сяброў партыі. Намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў адзначыў, што партыя спадзяецца, што сёлета мясцовыя органы ўлады “акажуцца больш разумнымі”, і прадстаўнікі дэмакратычных сіл “у акружкамах з'явяцца”.

Гомельская кааліцыя дэмакратычных сілаў прапанавала 53 чалавекі для ўключэння ў склад акруговых камісій вобласці - у асноўным з сябраў АГП і партыі левых “Справядлівы свет”, а таксама грамадзянаў шляхам збору подпісаў. Такім чынам плануецца “закрыць” усе 20 акругаў горада Гомеля, а таксама тыя акруговыя камісіі, на тэрыторыі якіх будуць балатавацца кандыдаты ад апазіцыі.

Бліжэйшыя дні пакажуць, як улады вытрымаюць гэты чарговы тэст на лібералізацыю выбаргага працэсу.

 

Палажэнні Выбарчага кодэксу новыя, а на практыцы ўсё па-старому

На працягу  тыдня ў афіцыйнай выданнях  былі апублікаваныя спісы сябраў тэрытарыяльных выбарчых камісій. Паводле інфармацыі назіральнікаў, у большасці рэгіёнаў звесткі пра сябраў камісій пададзеныя не ў поўным аб’ёме. Па гэтай прычыне часта немагчыма высветліць, як забяспечваюцца змены выбарчага заканадаўства на практыцы.

 

Так, напрыклад, не друкаваліся звесткі пра месца працы сябраў Полацкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, але рэгіянальныя назіральнікі падлічылі, што ўвайшоўшыя ў яе склад дзяржчыноўнікі складаюць больш за  две трэція ад агульнай колькасці сябраў. Баранавіцкая дзяржаўная газета “Наш край” таксама пазбавіла сваіх чытачоў магчымасці даведацца, кім працуюць асобы, якія трапілі ў склад гарадской выбарчай камісіі. Не рассакрэціла высокія пасады ва ўстановах і на прадпрыемствах, якія займае большасць сябраў гарадской выбарчай камісіі, і газета “Бабруйскае жыццё”. Але, як падкрэсліваюць назіральнікі, усе гэтыя асобы былі вылучаныя грамадзянамі шляхам збору подпісаў. Тым жа шляхам у склад тэрытарыяльнай выбарчай камісіі горада Маларыты патрапілі 7 чалавек, пра пасады якіх  раённая газета “Голас часу” звестак не падае.

І ўсё ж сабраная інфармацыя пра сябраў тэрытарыяльных выбаркамаў пацвердзіла папярэднія прагнозы: месцы там занялі ідэалагічна надзейныя і правераныя ў папярэдніх выбарчых кампаніях людзі.  

У Светлагорскай раённай камісіі 9 з 13 цяперашніх сябраў працавалі ў акруговай і на парламенцкіх выбарах 2008 году. Амаль чвэрць яе складаюць супрацоўнікі райвыканкама - намеснік старшыні Сяргей Мяркулаў (падчас папярэдніх выбараў быў старшынёй камісіі), загадчык аддзела арганізацыйна-кадравай работы Уладзімір Кукар і намеснік начальніка аддзела ідэалогіі Ала Манкевіч.

У Салігорскай раённай выбарчай камісіі старшынёй абраны супрацоўнік Салігорскага выканаўчага камітэту Міхаіл Якімовіч, яго намеснікам - ідэолаг РУП ПА "Беларуськалій" Анатоль Махлай. Варта зазначыць, што згодна з апублікаванымі дадзенымі, кожны трэці сябра камісіі – вылучэнец шляхам збору подпісаў грамадзянаў, і патрэбная колькасць – ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Але калі ведаць месцы працы такіх вылучэнцаў (а гэтага не паведамляецца ў газеце), то акажацца, што некаторыя з іх, як той жа Якімовіч Міхаіл, працуюць у Салігорскім райвыканкаме (ён быў старшынём акруговай камісіі падчас мінулых парламенцкіх выбараў), як і вылучэнка ад БРСМ Вярыга Святлана. Радзюк Сьвятлана, якая ў 2008 годзе вылучалася ў акруговую камісію ад выканкаму, зараз прайшла па квоце грамадскіх аб’яднаняў, вылучыўшыся ад прафсаюзаў супрацоўнікаў дзяржаўных і іншых установаў. Наогул,  сем з адзінаццаці сябраў камісіі ўжо працавалі разам у складзе адной камісіі падчас парламенцкіх выбараў у 2008 годзе.

У Гомельскую абласную камісіію таксама адабраныя “надзейныя” кадры. Старшынёй абраны дырэктар філіялу Белдзяржстраху па Гомельскай вобласці Мікалай Стош. Сакратаром камісіі прызначана загадчык аддзела грамадскага здароўя, намеснік галоўнага ўрача Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміалогіі і грамадскага здароўя, а таксама сябра праўлення гомельскага абласнога Саюза жанчын Галіна Саланец. Сярод сябраў камісіі - рэдактар абласной газеты «Гомельская праўда» Ніна Злыдзенка, прадстаўнік БРСМ Андрэй Белякоў, дырэктар РСУП «Агракамбінат «Паўдневы» Міхаіл Карнадуд, актыўны «грамадскі дзяч» - праўладны камуніст, старшыня Савета старэйшын пры Гомельскім аблвыканкаме, адзін з ініцыятараў стварэння грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Юрый Самборскі, намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Аляксандр Усаў (сталы ўдзельнік выбарчых кампаній) і загадчык аддзелу па працы са зваротамі грамадзян аблвыканкама Віталь Уткін.

Менскую абласную камісію, якая таксама складаецца з рознага кшталту “загадчыкаў”, “начальнікаў” і “старшыняў”, ўзначаліў дырэктар Менскага абласнога тэрытарыяльнага цэнтра фонду дзяржаўнай маёмасці, а сакратаром стала Вольга Бяляева, галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай працы аблвыканкама.

Большасць дзяржаўных служачых, чые пасады выбаршчыкам не паведамляюцца, вылучаліся ў тэрытарыяльныя выбаркамы канспіратыўна – “ад грамадзянаў шляхам падачы заявы”. Такім чынам прадстаўнікі дзяржаўных структур імкнуцца прыхаваць сваю рэальную вагу ў складзе выбаркамаў. А апошнія фармальна могуць лічыцца сфармаванымі ў адпаведнасці з новымі зменамі Выбарчага кодэкса.

 

Беспаспяховасць судовых абскарджанняў  
Суб’екты, якія накіроўвалі прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, згодна з новаўвядзеннямі ў выбарчы закон, атрымалі права абскарджваць у судовым парадку адхіленне кандыдатур сваіх вылучэнцаў. І гэтыя суб’екты адразу ж паспрабавалі гэтае права скарыстаць, але ніводнае рашэне аб фармаванні тэрытарыяльных камісій не было адменена, а судовае рашэнне з’яўляецца канчатковым.

2 лютага суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Шыцікаў прыняў рашэнне адмовіць у задавальненні скаргі Гомельскай гарадской арганізацыі АГП. Гэта партыйная структура абскарджвала неўключэнне ў склад гарадской выбарчай камісіі свайго прадстаўніка - былога дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, кандыдата тэхнічных навук Юрыя Варонежцава. Суд прыйшоў да высновы, что рашэнне прэзідыума гарсавета дэпутатаў і гарвыканкама аб утварэнні гарадской выбарчай камісіі прынята ў адпаведнасці з законам, парушэнняў парадку прыняцця дадзенага рашэння суд не ўстанавіў.  

4 лютага аналагічнае рашэнне прыняў Гомельскі абласны суд падчас разгляду скаргі старшыні абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова на рашэнне прэзідыума аблсавета і аблвыканкама аб утварэнні абласной выбарчай камісіі. Старшыня арганізацыі АГП скардзіўся на неўключэнне ў склад камісіі па выбарах сябра АГП Святланы Гальдадэ — былой старшыні гарсавета дэпутатаў і былой старшыні гарвыканкама. Васіль Палякоў заўважыў, што пры стварэнні камісіі галасаванне за прапанаваных прэтэндэнтаў адбывалася па спісе, а кандыдатуры не абмяркоўваліся наогул.

3 лютага ў Менскім гарадскім судзе адбыліся паседжанні, на якіх былі заслуханы справы па падачы скаргаў ад грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” і Партыі БНФ на адмову іх кандыдатам - адпаведна Юрасю Чавусаву і Уладзіміру Лабковічу  - ва ўключэнні ў склад Менскай гарадской выбарчай камісіі. Азнаёміўшыся з рашэннем прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Менскага гарадскога выканаўчага камітэта, суд заявіў, што падставы адмяняць гэтае рашэнне няма. Як высветлілася на разглядзе справы аб адмове кандыдату ад Партыі БНФ, афіцыйнай прычынай адхілення кандыдатуры Уладзіміра Лабковіча стала тое, што ён з’яўляецца беспрацоўным. Калі ж падчас судовага разгляду высветлілася, што ў склад камісіі патрапілі прадстаўнікі іншых партыяў, якія не маюць сталага месца працы, а таксама вылучэнне якіх не было здзейсненае належным чынам, ў адказ пачулі, што гэта нязначныя парушэнні, якія не даюць падставы адмовіць ва ўключэнні ў камісію.

Як бачым, практычнае выпрабаванне яшчэ аднаго новаўведзенага ў выбарчае заканадаўства палажэння  прынесла толькі чарговае расчараванне.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international