Парламентарыі не жадаюць займацца артыкулам 193.1 ўласнаручна, а чакаюць ініцыятывы збоку

2010 2010-01-18T13:08:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda2.jpg

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у межах бліжэйшай сэсіі не плянуюць разглядаць пытаньне аб дэкрыміналізацыі артыкула 193.1 КК. Такі адказ атрымалі ўдзельнікі гэпэнінгу Сьнягурак і навагодніх зайцоў ад старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Віктара Гумінскага. 

Нагадаем, 22 сьнежня пераапранутыя ў Сьнягурак і навагодніх зайцоў грамадзкія актывісты спрабавалі аднесьці ў парлямант заяву з патрабаваньнем скасаваць артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэксу. Але дэпутаты падобнаму навагодняму падарунку ня ўзрадаваліся: на падыходзе да будынку група невядомых у цывільным перашкодзіла ўдзельнікам мерапрыемства. У Дом ураду ўдалося прарвацца адзінай Сьнягурцы, якая і пакінула заяву для дэпутатаў. 

Днямі на імя адной з удзельніцаў прыйшоў адказ з Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы. У лісьце за подпісам Віктара Гумінскага паведамляецца, што на дадзены момант “як у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, так і ў дзяржаўных органах выканаўчай улады адбываецца вывучэньне умоваў дэкрыміналізацыі асобных крымінальных дзеяньняў, у тым ліку і прадугледжаных артыкулам 193.1 КК”. Нягледзячы на падобныя абяцаньні, Парлямэнт ня будзе раглядаць пытаньне аб скасаваньні артыкула 193.1 КК. Гэты факт Віктар Гумінскі абгрунтаваў тым, што “ніводны з суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы ня ўнес адпаведны законапраект у Парлямэнт”. 

Праваабаронцу Валянціна Стэфановіча, які на гэпэнінгу прадстаўляў рух Дзядоў Марозаў, такі адказ дэпутата зьдзіўляе. “Дзіўна чуць, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чакаюць, калі нехта дашле ім нейкія прапановы. Наколькі памятаецца, заканадаўчым органам у нас зьяўляецца Парлямэнт. Там ёсьць і камісія па законатворчай дзейнасьці, прадстаўнікі якой заўсёды самі распрацоўвалі законапраекты. Паколькі часу для вывучэньня практыкі было дастаткова, заклікаю спадара Гумінскага самому ініцыяваць разгляд пытаньня аб дэкрыміналізацыі артыкула 193.1 у Парлямэнце” , -- зазначыў Валянцін Стэфановіч. 

“Становіцца абсалютна відавочна, што ўсе папярэднія заявы пра адмену 193.1, якія рабіліся чыноўнікамі ў часе разгортваньня Ўсходняга партнэрства, толькі блеф перад Захадам, і мы цяпер атрымалі гэтаму пісьмовае пацьверджаньне” -- камэнтуе Алёна Валынец, каардынатарка кампаніі «Стоп 193.1!»

Даведка. Акцыя адбылася ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», ініцыяванай Асамблеяй НДА Беларусі. Падобнае мерапрыемства, толькі з удзелам Дзядоў Марозаў, адбылося ў кастрычніку мінулага году. Удзельнікі акцыі аднесьлі заяву ў Генэральную пракуратуру, у якой ня толькі прызналіся ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі цягам шматгадовага пэрыяду, але і папрасілі даць прававую ацэнку іх «дзедамарознай справе». Генэральная пракуратура не зразумела гумару і папярэдзіла Дзядоў Марозаў пра магчымае прыцягненьне да адказнасьці у выпадку выяўленьня зьвестак аб сыстэматычным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international