Каб абараніць свае правы ў судзе альбо скласці іск, трэба заплаціць немалыя грошы.

2009 2009-11-16T13:54:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ці можна зрабіць больш таннымі адвакацкія паслугі? Як вядомыя беларускія адвакаты ставяцца да стварэння пры Міністэрстве юстыцыі камісіі па прафесійнай этыцы адвакатаў? На гэтыя пытанні шукае адказ “Тут і цяпер”.

НА КАРОТКІМ ПАВАДКУ

Паводле слоў чыноўнікаў з Мінюста, мэта працы камісіі па адвакацкай этыцы — рэагаваць на парушэнне адвакатамі правілаў іх дзейнасці. Плануецца, што ў склад этычнай камісіі ўвойдуць адвакаты са стажам не менш за 15 гадоў. На абмеркаванне камісіі будуць выносіцца канкрэтныя сітуацыі некваліфікаванага аказання паслуг, няякаснага складання дакументаў, некарэктных паводзін адвакатаў. Рашэнне аб стварэнні камісіі па этыцы прынята ў сувязі з тым, што колькасць скаргаў на дзеянні адвакатаў у Беларусі не памяншаецца.

Вядомы беларускі адвакат Дзмітрый Гарачка, які абараняў былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, экс-старшыню “Белнафтахіма” Аляксандра Бароўскага, амерыканскага адваката Эмануіла Зельцера і іншых вядомых асоб, кажа, што іншы раз у адвакацкім асяродку “ўзнікаюць пытанні, якія хацелася б рэгуляваць спакойна, без надрыву і прафесійна”. Прынамсі, перш за ўсё гаворка пра недобрасумленную канкурэнцыю.

“Галоўнае, каб без перагібаў было”, — філасофскі каментуе ініцыятыву Мінюста Гарачка.

Пра заціснутасць адвакатаў кажа юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч: “Можа, яно і някепска стварыць такую камісію, але я лічу, што адвакаты павінны быць больш незалежнай інстытуцыяй і кіравацца выключна сваім адвакацкім самакіраваннем, — выказвае сваё меркаванне “Тут і цяпер” Стэфановіч. — У нашай краіне, дзе незалежная адвакатура была фактычна скасавана ў 1997 годзе, Мінюст мае проста неабмежаваныя магчымасці па кантролі над адвакатурай. Пачынаючы ад прадаўжэння адвакацкай ліцэнзіі (адвакаты кожныя пяць гадоў мусяць здаваць іспыты) і заканчваючы магчымасцю ўвядзення дысцыплінарных спагнанняў. І калі яшчэ пры Мінюсце будзе створана камісія па этыцы... Я лічу, што гэта проста дадатковы механізм кантролю над адвакатурай, якая ў нас і так ужо прыбітая, далей няма куды”.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў у цэлым падтрымлівае гэтую ідэю Мінюста: “Можа, нават і трэба стварыць адпаведную камісію, якая магла б разглядаць скаргі на неналежныя паводзіны адвакатаў, на тое, што некаторыя з іх аказваюць няякасныя паслугі альбо бяруць больш, чым таго патрабуюць тарыфы”, — гаворыць Пастухоў.

Разам з тым вядомы юрыст лічыць, што існуе яшчэ адна вялікая праблема — дарагавізна адвакацкіх паслуг.

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

Кошты на адвакатаў сёння, мякка кажучы, кусаюцца. І для таго каб абараніць свае правы ў судзе альбо скласці іск, трэба заплаціць немалыя грошы.

Мяркуйце самі: калі вам патрэбен адвакат у суд, то давядзецца заплаціць прыкладна 10 базавых велічынь за АДНО судовае пасяджэнне (1 базавая велічыня зараз складае 35 тысяч беларускіх рублёў). А суд можа доўжыцца не адзін дзень, а некалькі месяцаў. Напрыклад, судовы працэс над былым пракурорам Мінскай вобласці Міхаілам Снегіром распачаўся ў Вярхоўным судзе 10 жніўня і цягнецца дагэтуль. І кожны дзень адвакат мусіць прысутнічаць у судзе. Нават калі працэс па нейкіх прычынах адкладваецца, і ў гэты дзень адвакат не можа выконваць ніякую іншую працу, яму ўсё роўна трэба плаціць.
Каб скласці грамадзянскі іск, давядзецца аддаць мінімум 100 тысяч беларускіх рублёў (у залежнасці ад складанасці).
Калі ваш блізкі чалавек раптам трапіў у следчы ізалятар і вы хочаце мець з ім пастаянную сувязь, то з адвакатам давядзецца заключыць пагадненне за вядзенне справы падчас следства (альбо адразу ў судзе). За АДНО наведванне адвакатам свайго падабароннага ў СІЗА трэба заплаціць прыблізна 200—250 тысяч.
Такія лічбы выданню “Тут і цяпер” назвалі ў юрыдычнай кансультацыі Мінска па вуліцы Ульянаўскай.













ПАРАТУНАК - МУНІЦЫПАЛЬНЫЯ АДВАКАТУРЫ

— Гаворачы пра кошты паслуг адвакатаў, асабліва хочацца адзначыць крымінальныя справы, калі нярэдка за тыдзень, не кажучы ўжо пра месяц удзелу адваката, прыходзіцца выкладваць не толькі свой гадавы заробак, але і ўсе зберажэнні, — гаворыць Міхаіл Іванавіч. — Сёння звярнуцца па дапамогу па крымінальнай альбо нават грамадзянскай справе могуць дазволіць сабе адзінкі, бо гэта поўнае стусташэнне для грамадзяніна з сярэднім дастаткам. Для нашых даходаў паслугі адвакатаў у нас празмерна дарагія. І, на мой погляд, даўно наспела стварыць у Беларусі так званую муніцыпальную адвакатуру, напрыклад, пры тым жа раённым судзе, куды за адносна невялікія грошы звярнуцца да адвакатаў з просьбай напісаць нейкую іскавую заяву альбо скаргу змог бы любы чалавек.
На чым будуць зарабляць адвакаты ў мініцыпальных адвакатурах? Па-першае, на тым, што да іх будзе звяртацца больш людзей, і адпаведна даходы будуць больш-менш прыстойнымі. Па-другое, адлічэнні ў фонд муніцыпальнай адвакатуры маглі б рабіць органы ўлады з мясцовага бюджэту. Маглі б спансіраваць мясцовыя адвакатуры розныя грамадскія арганізацыі. Да таго ж у муніцыпальных адвакатурах маглі б працаваць як тыя, хто толькі пачынае свой прафесійны шлях, каму патрэбен прафесійны вопыт, так і юрысты, якія ўжо выйшлі на пенсію, добра ведаюць юрыдычную практыку. Думаю, у нашых цяперашніх умовах гэта проста жыццёва неабходна, бо беларусы застаюцца без усялякай прававой абароны.


ДАРЭЧЫ

Як паведамляе Мінюст, на 1 лістапада ў 162 юрыдычных кансультацыях абласных, Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, спецыялізаванай Беларускай калегіі адвакатаў працавала 1 тысяча 670 адвакатаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international