Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, кастрычнік 2009 году

2009 2009-11-06T19:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/cen_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 10 кастрычніка адзначаўся Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня, таму менавіта гэтая тэма набыла найбольшую актуальнасьць у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. Пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня (увядзеньня мараторыя) зьяўляецца адным з прыярытэтных у дыялогу паміж Еўрасаюзам і Беларусьсю, аднак беларускія ўлады не сьпяшаюцца дэманстраваць прагрэс у гэтым накірунку. Таму менавіта беларускія праваабаронцы ініцыявалі правядзеньне кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, якая распачалася ў студзені 2009 году. Яны інфармуюць насельніцтва, збіраюць подпісы, распаўсюджваюць друкаваныя матэрыялы, і сустракаюць боку дзяржавы перашкоды. Так у многіх рэгіёнах Беларусі планаваліся пікеты, прымеркаваныя да Сусьветнага дню барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня, аднак большасьць з іх не была дазволена. Акрамя гэтага, 10 кастрычніка падчас інфармацыйнай акцыі ў Наваполацку супрацоўнікі міліцыі затрымалі праваабаронцу Зьміцера Салаўёва і моладзевых актывістаў Аліну Кучарэня і Юрыя Палонскага.

У кастрычніку заставалася актуальным і пытаньне будаўніцтва ў Беларусі АЭС, якое ўладныя структуры ня хочуць абмяркоўваць з прадстаўнікамі грамадзкасьці. Так, 9 кастрычніка ў Астраўцы праходзілі грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя папярэняй справаздачы пра ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе беларускай АЭС. Прычым, гэта былі першыя слуханьні, ініцыяваныя ўладамі, усе ранейшыя праводзіла грамадзкасьць. Меркавалася, што браць удзел у мерапрыемстве будуць эколагі, навукоўцы, грамадзкія актывісты, журналісты з Беларусі і Расіі. Але месца ў кінаканцэртнай залі “Астравец”, дзе яно праходзіла, знайшлося ня ўсім: шмат незалежных эколагаў і актывістаў антыядзернай кампаніі не патрапілі ў залю, паколькі там нібыта не хапіла месца. У той жа час, са словаў відавочцаў, памяшканьне было напалову запоўненае падсаднымі асобамі з ліку з большага абыякавых да праблемы будаўніцтва АЭС, людзей. Акрамя таго ў Астраўцы супрацоўнікі міліцыі затрымалі фізіка-атамшчыка, каардынатара маскоўскай групы "Экаабарона" Андрэя Ажароўскага. Паводле інфармацыі БелаПАН, у Ажароўскага канфіскавалі 94 брашуры аналітычных матэрыялаў, у той жа час ананімныя ўлёткі ў падтрымку будаўніцтва АЭС, якія раздаваліся ўдзельнікам слуханьняў, ніхто не забіраў. Увечары адбыўся суд, які пакараў фізіка-ядзершчыка сямью суткамі адміністрацыйнага арышту па абвінавачаньню ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньню супрацоўнікам міліцыі. Актывіст экалагічнага руху зьвяртаўся ў пракуратуру, але там судовае рашэньне палічылі законным. 
Зноў не абыйшлося без затрыманьняў у чарговы Дзень салідарнасьці, які дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі адзначала 16 кастрычніка. У гэты дзень ланцуг неабыякавых людзей з партрэтамі зьніклых і палітвязьняў прастаяў на Кастрычніцкай плошчы сталіцы ня больш за дзьве хвіліны. Каля 40 супрацоўнікаў сьпецназу, як у форме, так і ў цывільным, з ужываньнем фізічнай сілы запіхвалі ўдзельнікаў пікету ў два падагнаныя аўтобусы. Сьпецназаўцы зноў, як і на верасьнёўскіх акцыях, адмыслова перашкаджалі працы журналістаў, якія асьвятлялі мерапрыемства, не давалі здымаць фотакарэспандэнтам. Усяго з Кастрычніцкай плошчы ў Цэнтральны РАУС Менску былі дастаўленыя 22 чалавекі. Многія ўдзельнікі акцыі пры гвалтоўным разгоне пацярпелі ад рук міліцыянтаў. Праваабаронцы лічаць, што гэтая новая тактыка абраная ўладамі дзеля запалохваньня дэманстрантаў.

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) сумесна з Правабарончым цэнтрам “Вясна” падрыхтавалі і накіравалі паведамленьне сьпецрэпарцёру Камітэта па катаваньнях і іншых жорсткіх відах абыходжаньня ААН сп. Манфрэду Новаку, якое тычыцца падзеяў, зьвязаных з мірнымі акцыямі 9 і 16 верасьня ў Менску. Да паведамленьня дададзеныя скаргі пацярпелых ад незаконных і жорсткіх дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, а таксама апытаньні некалькіх непасрэдных сьведак катаваньняў. Праваабаронцы паведамляюць, што на працягу апошніх некалькіх гадоў органы пракуратуры не давалі належнай прававой ацэнкі і адмаўлялі ва ўзбуджэньні крымінальных справаў ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў МУС, якія перавышалі свае паўнамоцтвы ў адносінах да затрыманых удзельнікаў палітычных маніфестацыяў. 

1. Сьмяротнае пакараньне 

2 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі адбыўся разгляд касацыйнай скаргі па справе Васіля Юзэпчука, які 29 чэрвеня Брэсцкім абласным судом быў прыгавораны да сьмяротнай кары. Скарга пакінутая без задавальненьня. Паколькі ўсе нацыянальныя сродкі прававой абароны былі вычарпаныя, ад імя асуджанага быў накіраваны індывідуальны зварот у офіс Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН у Жэневе. Аўтар звароту папрасіў Камітэт зарэгістраваць зварот у неадкладным парадку і як мага хутчэй зьвярнуцца да Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы Пакту з просьбай не выконваць сьмяротны прысуд да разгляду скаргі па сутнасьці, каб пазьбегнуць невыпраўляльнай судовай памылкі ў дачыненьні да ахвяры мяркуемага парушэньня. 12 кастрычніка 2009 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот Васіля Юзэпчука. 

Яшчэ адзін сьмяротны прысуд у гэтым годзе быў вынесены Мeнскім абласным судом 17 ліпеня. Да вышэйшай меры пакараньня прыгавораны 25-гадовы жыхар Салігорску Андрэй Жук. 30 кастрычніка 2009 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў у неадкладным парадку індывідуальны зварот маці Андрэя Жука. Жанчына зьвярнулася ў Камітэт 27 кастрычніка, пасля таго, як Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь незадаволіла касацыйную скаргу яе сына і пакінула прысуд Менскага абласнога суду бяз зьменаў. У адпаведнасьці са сьпецыяльнай працэдурай, Жэнеўскі офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека накіраваў Рэспубліцы Беларусь паведамленьне пра рэгістрацыю звароту і патрабаваньне не прыводзіць у выкананьне сьмяротны прысуд, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта.

10 кастрычніка былі падзведзеныя вынікі конкурсу творчых прац, які праходзіў у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі”. Ініцыятарамі конкурсу выступілі грамадзкія аб’яднаньні ПЦ “Вясна”, БХК, БАЖ, Беларускі Пэн-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Арганізатары абралі чатырох пераможцаў, якім былі ўручаныя прызы.

2. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

Сябры апазіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі заявілі пра ўзмацненьне ціску на Івянецкі аддзел Саюза палякаў у Беларусі. Камітэт дзяржкантролю супольна з міліцыяй і падатковай інсьпекцыяй паводле ананімкі правялі праверку фінансавай дзейнасьці Польскага Дому, а старшыню мясцовай суполкі Тэрэзу Собаль неаднаразова выклікалі на шматгадзінныя допыты. Міліцыянты запалохвалі сяброў арганізацыі звальненьнем з працы, вялікімі штрафамі і іншымі рэпрэсіямі, каб прымусіць людзей пакінуць шэрагі СПБ. У ананімцы, паводле якой праводзілася праверка, пазначана, што Польскі Дом незаконна атрымліваў ахвяраваньні ў 2000-2001 гг., між тым, на самой справе, ягоная дзейнасьць пачалася толькі ў 2003 годзе.

15 кастрычніка ў Менску прайшла флэшмобаўская акцыя супраць крымінальнага артыкулу 193.1 КК РБ: група Дзедаў Марозаў са Сьнягуркай наведала Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, разьмешчаную ў цэнтры сталіцы. Яны перадалі генпракурору Рыгору Васілевічу заяву, у якой прызналіся, што “дзейнічаюць ад імя незарэгістраванай арганізацыі Дзедаў Маразоў і просяць даць прававую ацэнку сваім дзеяньням". Такім чынам прадстаўнікі НДА яшчэ раз нагадалі ўладам пра неадпаведнасьць арт. 193.1 КК, які трактуе як злачынства практычна любую самастойную ініцыятыву грамадзянаў, нормам міжнароднага права. Паводле гэтага артыкулу прадугледжана крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраванага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда на тэрмін да 2-х гадоў зьняволеньня. Акцыя праходзіла ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», у якой ўдзельнічае Сетка Дамоў правоў чалавека разам з Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і шэрагам іншых структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і за яе межамі.

22 кастрычніка берасьцейскія правабаронцы атрымалі “Берасьцейскай вясьне” зноў адмовілі ў рэгістрацыі адказ з Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкаму, у якім паведамляецца аб адмове ў рэгістрацыі аб’яднаньня “Берасьцейская Вясна”. Раней упраўленьне разгледзела дакументы і дало адтэрміноўку дзеля выпраўленьня памылак, аднак, нягледзячы на выкананьне патрабаваньняў, усё-роўна прыняло адмоўнае рашэньне. Варта дадаць, што праваабаронцам з Берасьцейшчыны ў 2009 годзе адмаўляюць у рэгістрацыі ўжо чацьвёрты раз.

3. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

2 кастрычніка ў Менску за распаўсюд улётак быў затрыманы актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Лемеш. Улёткі са слоганам «За годную працу» утрымлівалі інфармацыю пра прафсаюзны мітынг, прызначаны на 7-га кастрычніка і дазволены Менгарвыканкамам. Нягледзячы на гэта, У. Лемеш быў дастаўлены ахоўнікамі мотавелазаводу ў бліжэйшы пастарунак. 

15 кастрычніка напярэдадні традыцыйнага беларускага Дня салідарнасьці за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў пра палітвязьняў супрацоўнікі міліцыі менскага мэтрапалітэну затрымалі актывіста кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага. У пастарунку на яго склалі адміністрацыйны пратакол, пасьля чаго даставілі ў суд Фрунзенскага раёну. Суд прызнаў Вінярскага вінаватым ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і пакараў арыштам тэрмінам на двое сутак. Адзіным сьведкам у працэсе быў супрацоўнік міліцыі Сянюк. У праве на адваката Максіму Вінярскаму адмовілі.

29 кастрычніка судзьдзя Сьветлагорскага райсуду Віталь Вашчылін пакараў адміністрацыйным штрафам на 35 б.в. (1 млн 225 тыс. руб) кіраўніцу раённай арганізацыі Партыі камуністаў беларускай Сьвятлану Міхальчанку. Яе абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе 3 верасьня партыйнага бюлетэня “Левы марш”. Паводле судовага рашэння, “Левы марш” ня меў поўных выходных зьвестак і незаконна распаўсюджваўся адказчыцай каля прахадной заводу “Лаўсан” аб’яднаньня “Хімвалакно”. Такую выснову судзьдзя зрабіў на падставе блытаных сьведчаньняў капітана міліцыіі Андрэя Саўчанкі й некаторых адказных асобаў хімічнага прадпрыемства. 

30 кастрычніка ў Гомелі незалежныя журналісты Тацяна Бублікава і Алег Ражкоў праводзілі на вуліцы відэаапытаньне сярод жыхароў наконт эпідэміі «свінога» грыпу. Як распавяла ў гутарцы прэс-службе БАЖ Т. Бублікава, да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі Максім Ігнатчык і Ігар Тарасаў і запатрабавалі паказаць дазвол на вядзеньне здымкаў. Наяўнасьць прэс-картак, а таксама тлумачэньні журналістаў, што яны выконваюць рэдакцыйнае заданьне, міліцыянты не прынялі да ўвагі. Журналістаў даставілі «для высвятленьня асобаў у апорны пункт №1 Чыгуначнага раёну.  

4. Парушэньне права на свободу мірных сходаў

Па ўсёй Беларусі мясцовыя ўлады не даюць дазволаў на правядзеньне сходаў па вылучэньні дэлегатаў на Беларускі Еўрапейскі Форум, які 14 лістапада ў Менску зьбіраюцца правесьці шэраг дэмакратычных партыяў і рухаў. Так, улады Мастоўскага раёну тры разы запар забаранілі правядзеньне такога сходу. Старшыня Мастоўскага райвыканкаму Аляксей Шафарэвіч абгрунтаваў адмову тым, што заяўнік парушыў патрабаваньні закону “Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў”, а менавіта – не прадаставіў дакументы пра прызначэньне сябе адказным за правядзеньне сходу. Тым часам для вылучэння дэлегатаў на Беларускі Еўрапейскі форум грамадзянам даводзіцца збірацца на прыватных сядзібах і ў офісах грамадскіх арганізацыяў. У некаторых мястэчках сходы ладзяцца нават на кватэрах, падворках і ў парках.

5. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

21 кастрычніка адбылася прэзентацыя кнігі “Палітвязьні: Крымінальныя прысуды, вынесеныя ў 2008 годзе па палітычных матывах”, якая была падрыхтаваная з удзелам Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Сама тэма да гэтага часу застаецца актуальнай. У Беларусі і надалей працягваюць заставацца палітычныя вязьні . А між тым вызваленьне палітычных зьняволеных з’яўляецца адной з асноўных умоваў у правядзеньні дыялогу паміж Беларусьсю і Еўрасаюзам. У кнігу ўвайшлі дакументальныя матэрыялы пра самай гучнай справе – “працэсу 14-ці”. Было адзначана, што “працэс 14-ці” не завершаны да гэтага часу: з 11-ці фігурантаў, прызнаных міжнароднай праваабарончай арганізацыяй “Amnesty International” вязьнямі сумленьня, толькі чацьвёра амніставаныя, двое праз суд яе дамагаюцца. Між тым двое “вязьняў сумленьня” атрымалі дадатковы тэрмін па крымінальнай справе нібыта за ўхіл ад адбыцьця пакараньня, гэта – Максім Дашук і Арцём Дубскі. На мерапрыемстве ўзгадалі і тых фігурантаў “працэсу 14-ці”, якія зьехалі за мяжу і ў выпадку вяртаньня таксама могуць апынуцца за кратамі. 

6. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

2 кастрычніка Менскі райсуд прызнаў актывістаў Алеся Наркевіча, Уладзіміра Малярчука і Аляксея Сюдака вінаватымі ў правядзеньні 1 верасня ля вёскі Красны Беражок несанкцыянаванага мітынгу. Акцыя адбылася з той нагоды, што раённыя ўлады зьнеслі памятныя крыжы, нядаўна ўсталяваныя каля вёскі.дэмакратычнымі актывістамі ў памяць ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. У выніку судовага разгляду актывісты былі пакараныя штрафамі: А. Сюдак і У. Малярчук – у 30, А. Наркевіч – у 20 базавых велічыняў. 

13 кастрычніка ў Баранавічах за збор подпісаў у абарону беларускай мовы ў межах акцыі, распачатай “Маладым Фронтам, былі затрыманыя моладзевыя актывісты кампаніі "Чацверты сектар". Па словах аднаго з затрыманых, Яраслава Грышчэні, паралельна яны зьбіралі подпісы за ўсталяваньне помніку ваенным лётчыкам, якія загінулі падчас авіяшоў у Польшчы. У пастарунку супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі актывістаў у парушэньні адміністрацыйнага артыкулу 17.1 КаАП РБ – дробнае хуліганства. На наступны дзень суд г.Баранавічы і Баранавіцкага р-ну пакараў зборшчыкаў подпісаў штрафамі ў памеры 10 базавых велічыняў кожнага. Ноч да суду затрыманыя правялі ў пастарунку.

У кастрычніку адбыліся суды над гомельскімі дэмакратычнымі актывістамі за акцыю, якой не было. 16 верасьня 16 апазіцыянераў не дайшлі да месца правядзеньня акцыі салідарнасці з нагоды 10-х угодкаў зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, бо былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі па шляху. Акцыя так і не адбылася, але рэгіянальныя актывісты атрымалі штрафы на агульную суму ў 10 мільёнаў 325 тысяч рублёў рублёў за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. 13 кастрычніка судзьдзі Чыгуначнага райсуду Гомелю Віталь Козыраў і Яраслаў Парэмскі пакаралі буйнымі штрафамі шасьцёх палітыкаў і грамадзкіх актывістаў. Гэта – Уладзімер Мышак, Марына Сьмяглікава, Іван Зайцаў, Ўладзімер Няпомняшчых, сябра сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Юрась Захаранка і старшыня рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў. 15 кастрычніка судзьдзя Віталь Козыраў пакараў штрафам кіраўніка абласной арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Уладзімера Сякерку, і старшыню гомельскай гарадзкой арганізацыі БНФ Анатоля Паплаўнага. 19 кастрычніка судзьдзя Ільля Сьвірыдаў аштрафаваў кіраўніка Жлобінскай раённай арганізацыі ПКБ Валера Рыбчанку. Судзьдзя Яраслаў Парэмскі пакараў завочна штрафам на 1 мільён 750 тысячаў рублёў кіраўніка рэгіянальнага аддзяленьня руху “За свабоду” Ўладзімера Кацору. 

29 кастрычніка ў Менску былі затрыманыя актывісты камапаніі “Еўрапейская Беларусь” Алег Ладуцька, Галіна Пярвушына і Наста Аскерка. У гэты дзень на прасьпекце Незалежнасьці зьявіліся каля сотні бел-чырвона-белых сьцягоў. Разам з актывістамі былі затрыманыя фотакарэспандэнты Юлія Дарашкевіч і Уладзімір Грыдзін. Усіх даставілі ў РУУС Першамайскага раёну. Журналістаў адпусьцілі праз тры гадзіны, на астатніх затрыманых былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Ноч яны правялі ў ізалятары. На наступны дзень Першамайскі райсуд прызнаў актывістаў вінаватымі ў дробным хуліганстве і пакараў штрафамі ў памеры – А. Ладуцьку 30 базавых велічыняў (1 млн 50 тыс. руб), Г. Пярвушыну і Н. Аскерка – па 15 базавых велічыняў.  

7. Парушэньні права на свабоду сумленьня

У кастрычніку ў Цэнтральным райсудзе Гомеля праходзіў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да верніка пратэстанцкай царквы “Сьведкі Еговы” Дзьмітра Смыка. З падачы гарадзкога ваенкамату пракуратура абвінавачвае верніка ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу. І судзьдзя Рыгор Дзьмітрэнка, і дзяржаўны абвінаваўца пракурор Ігар Купчын высьвятлялі ў вайскоўцаў, ці прапаноўвалася Дзьмітру Смыку альтэрнатыўная служба. Высьветлілася, што не. Як паведаміў ваенкам Цацарын, ва ўказе прэзыдэнта пра летні прызыў ва Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь гаварылася толькі пра тэрміновую службу й службу ў рэзэрве. Пра альтэрнатыўную — нават ня згадвалася. Таксама ён патлумачыў суду, што ў Беларусі наагул няма альтэрнатыўнай службы. Суд вырашыў зрабіць запыт у Міністэрства абароны пра наяўнасьць альтэрнатыўнай службы і атрымаць тлумачэньні ад кіраўніцтва рэспубліканскай арганізацыі “Сьведкі Еговы” пра стаўленьне да вайсковай службы.

8. Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

Пракуратура ня бачыць парушэньняў закону у дзеяньнях супрацоўнкаў сілавых структураў. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і Алег Ладуцька прасілі правесьці службовую праверку і прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія пры разгоне мірнай акцыі 16 ліпеня ўжывалі гвалт у дачыненьні да ўдзельнікаў мірнай акцыі. Згодна з адказам пракуратуры Маскоўскага раёну Менску «Падчас праведзенай праверкі довады аб неправамерных дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі аб'ектыўнага пацверджаньня не знайшлі», - паведамляецца ў лісьце. Праверку выкладзеных у скарзе фактаў правёў памочнік пракурора Маскоўскага раёна Кучугурны, а яе вынікі зацьвердзіў намесьнік пракурора Мазоўка. Між тым падчас праверак былі выяўленыя асобы, якія праводзілі затрыманьне актывістаў. Гэта супрацоўнікі міліцыі Чачко, Белаш і Гіль. Яны таксама далі свае тлумачэньні адносна фактаў, выкладзеных у скарзе і заявілі, што нібыта не ўжывалі гвалт у дачыненьні да актывістаў апазіцыі. Нагадаем, што 16 ліпеня амапаўцы білі і абражалі, і ў аўтобусе, і ў дзяжурнай частцы РУУС, затрыманых удзельнікаў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі.

Атрымалі адказы на свае скаргі з Галоўнага упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС і моладзевыя актывісты, зьбітыя падчас верасьнёўскіх дэмакратычных акцыяў. Аднолькавыя лісты за подпісам начальніка трэцяга ўпраўленьня Кістэрнага атрымалі актывісты Сяргеенка, Сьцепаненка, Сергіец і Сянчыла. Ім паведамлена, што ў межах правядзеньня службовай праверкі “падцьвердзіць альбо абвергнуць довады аб выкарыстаньні фізічнай сілы супрацоўнікамі палку міліцыі спецыяльнага прызначэння не падаецца магчымым, а довады аб зьнявагах затрыманых не знайшлі свайго аб’ектыўнага падцьверджаньня і абавяргаюцца тлумачэньнямі супрацоўнікаў міліцыі. Самі ж матэрыялы службовай праверкі накіраваныя ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску для дачы прававой ацэнкі дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі. 
 
9. Парушэньні правоў асуджаных, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі

Сьледзтва па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенкі працягнута яшчэ на месяц. У сьледчым ізалятары прадпрымальнікі знаходзяцца ўжо 8 месяцаў. Прадстаўнік сям’і Аўтуховіча праваабаронца і былы сьледчы Алег Воўчак лічыць, што ў міліцыі папросту не хапае доказаў, каб накіраваць справу ў суд. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international