“Расстраляная літаратура”: “Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас”

2009 2009-10-30T15:32:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Дзяржаўным музеі гісторыі літаратуры ў Мінску прэзентавалі ўнікальную кнігу “Расстраляная літаратура” (выдавецтва “Беларускі кнігазбор”) - выбраныя творы беларускіх літаратараў, знішчаных карнымі органамі бальшавіцкай улады. Доўгія дзесяцігоддзі творчая спадчына многіх іх была пад забаронай ці ўвогуле невядомай.

Сімвалічна, што прэзентацыя адбылася акурат тады, калі 72 гады назад, у ноч з 29 на 30 кастрычніка ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД - "амерыканкі" сталінскія апрычнікі расстралялі больш за 100 беларускіх дзеячаў. У расстрэльным спісе, падпісаным Сталіным і Молатавым, было 22 літаратары: Алесь Дудар, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Хацкель Дунец, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Масей Кульбак, Юрка Лявонны...  Апроч іх у кнігу трапілі творы Уладзіслава Галубка, Язэпа Лёсіка, Францішка Аляхновіча, Вацлава Ластоўскага, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Браніслава Тарашкевіча, Уладзіміра Жылкі, Лукаша Калюгі, Барыса Мікуліча... Класікаў беларускай культуры, тытанаў нашага адраджэння. Разам 66 чалавек, якіх бальшавікі пазбавілі жыцця.

Паводле ягоных слоў, 84 беларускія літаратары прайшлі ГУЛАГ, 86 чалавек ніколі не вярнуліся з канцлагераў, лёс яшчэ 15 невядомы... І гэта толькі тыя, хто пісаў па-беларуску. А ў Беларусі ж была яшчэ літаратура на расійскай, ідыш, польскай, літоўскай мовах... Па падліках Леаніда Маракова, аўтара шматтомнай энцыклапедыі "Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, медыкі, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi", бальшавікі расстралялі ці выслалі ў канцлагеры каля 90% беларускіх літаратараў – не менш за 500 чалавек! Для параўнання, ва Украіне рэпрэсавалі 35-40% літаратараў, у Расіі не больш за 15%.
 

“У 1921 годзе бальшавікі расстралялі расійскага паэта Мікалая Гумілёва, у 1936 фашысты – іспанскага паэта Фрэдэрыка Гарсія Лорку. Пра гэта ведае ўвесь свет. У Беларусі ж за адну ноч знішчылі 22 чалавекі! Для маладой беларускай літаратуры гэта быў наймагутны ўдар”, - адзначыў на прэзентацыі адзін з укладальнікаў кнігі Міхась Скобла.
 Гэтак, паэта Алеся Дудара (за 7 год арыштоўвалі тройчы) і ўлюбёнага вучня Янкі Купалы Валерыя Маракова прызналі “сябрамі антысавецкай нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Адзін з лідэраў літаб’яднанняў “Маладняк” і БелАПП Платон Галавач асуджаны як “арганізатар тэрарыстычнай групоўкі” і за “ажыццяўленне нямецка-фашысцкай дзейнасці”. У камеры перад смерцю ён пакінуў наступную цыдулку: “Таварышы, даруйце, калі ў чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон".

Паэта і ўнікальнага перакладчыка Юлія Таўбіна арыштавалі пасля замежнага ліста ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку. Расстраляны пасля двухгадовай высылкі ў Цюмень. Літаратар-універсал, старшыня літсектара Дзяржвыдавецтва БССР Міхась Чарот асуджаны як “агент польскай разведкі”. Свой апошні верш ён нашкрабаў на сцяне мінскай амерыканкі: Я не чакаўІ не гадаўБо жыў з адкрытаю душою,Што стрэне лютая бяда,Падружыць з допытам,З турмою. Прадажных здрайцаў ліхвярыМяне заціснулі за краты.Я прысягаю вам, сябры,Мае палі,Мае бары, -Кажу вам - я не вінаваты! Праз што змушаны былі прайсці гэты мужныя людзі, цяжка ўявіць. "У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi збiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла, уганялi ў камеру з пацукамi", - прыгадваў класік нашай літаратуры Кузьма Чорны, які амаль восем месяцаў правёў за кратамі.
 1-га жніўня 1937-га на вялікім вогнішчы ў амерыканнцы энкавэдысты спалілі некалькі дзесяткаў тысяч рукапісаў беларускіх літаратараў. Многія з іх, як напрыклад, гістарычныя драма “Рагнеда” і працяг рамана “Крывічы” Міхася Зарэцкага загінулі назаўжды.

Кніга "Расстраляная літаратура", укладальнікамі якой выступілі Лідзя Савік, Міхась Скобла і заснавальнік "Беларускага кнігазбору" Кастусь Цвірка, вяртае з забыцця частку "расстралянай" спадчыны згубленага пакалення. Унікальнай генерацыі, якая аддала жыццё за будучыню Беларусі.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international