Чарговае папярэджанне за супрацоўніцтва з «Белсатам»

2009 2009-09-28T17:47:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/belsat1.jpg

Гэтым разам у Магілёве пракурорскае папярэджанне аб парушэнні арт.11 Закона «Аб СМІ» атрымаў вядомы ў горадзе тэлеаператар і фотамастак Вадзім Аршынскі.

Папярэджанне пракуратура даслала па пошце заказным лістом. Папярэдніх сустрэч з пракурорам у сп-ра Аршынскага не было.

У снежні 2008 года Вадзім Аршынскі здымаў канцэрт і ўручэнне падарункаў выхаванцам Чавускага дома-інтэрната ад актывістаў прафсаюза РЭП і магілёўскіх сябраў БАЖ.

Цяпер пракурор Сяргей Мінаў вінаваціць Вадзіма Аршынскага ў тым, што той без дазволу выхавацеляў гутарыў з дзецьмі (як напісана ў папярэджанні, браў у іх інтэрв’ю) і без дазволу ж размясціў гэтыя інтэрв’ю на сайце тэлеканала «Белсат». В.Аршынскі сцвярджае, што на мерапрыемстве быў выключна аператарам і ніякіх інтэрв’ю ні ў каго не браў.

Каля месяца таму, 21 жніўня, аналагічнае папярэджанне атрымала магілёўская журналістка, сябра БАЖ Вольга Шарапкіна.

Папярэджанне журналістцы было зроблена за тое, што нібыта яна сумесна з В. Аршынскім знаходзіліся ў Чавускім доме-інтэрнаце, брала інтэрв’ю, пасля чаго размясціла інфармацыю на сайце «Белсата» без ведама законнага прадстаўніка выхаванцаў — дырэктара школы. «Такая дзейнасць без акрэдытацыі забароненая, і размяшчэнне гэтай інфармацыі з’яўляецца парушэннем патрабавання арт. 11 закона „Аб СМІ“», — папярэджваў пракурор Мінаў.

«Пракуратура ў чарговы раз дэманструе няведанне беларускага заканадаўства, а таксама дазваляе сабе яго парушаць, — кажа намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец. — Гэта ўжо не першы выпадак, калі грамадзяніну робяць папярэджанне, нават не ўзяўшы ў яго папярэдне тлумачэнняў.

Па-другое, папярэджанне зроблена за парушэнне артыкула 11 закона «Аб СМІ», у якім гаворыцца пра дзяржаўную рэгістрацыю масмедыя. Але гэты артыкул тычыцца заснавальнікаў СМІ, а не тых людзей, якія на іх працуюць.

Па-трэцяе, гаворка ідзе пра сайт. Між тым, на сёння яшчэ не распрацаваная пастанова ўраду, якая б рэгулявала б дзейнасць інтэрнет-выданняў, і яны пакуль знаходзяцца па-за дзеяннем закона „Аб СМІ“».

Па падліках юрыстаў БАЖ, з моманту ўступлення ў сілу новага закона «Аб СМІ» за адсутнасць акрэдытацыі было вынесена ўжо 13 папярэджанняў беларускім журналістам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international