Рэзалюцыя адносна сітуацыі ў Беларусі прынятая Еўрапарламентам

2005 2005-09-29T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 верасьня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, паведаміла радыё Свабода. Напярэдадні адбыліся вялікія дэбаты з удзелам усіх фракцыяў. На пачатку дыскусіі выступіў прадстаўнік Еўракамісіі спадар Рэн, які падкрэсьліў, што камісія плануе адкрыць офіс у Менску, каб лепш арыентавацца ў тым, што адбываецца ў Беларусі.

Эўрапарлямэнт, як любы іншы парлямэнт, падзелены на фракцыі, на розныя палітычныя сілы. Але што тычыцца рэзалюцыі па Беларусі - тут выявілася несустраканае раней, нечаканае адзінадумства. Усе дэпутаты, ад усіх фракцыяў, аднолькава казалі, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, некалькі разоў было ўжытае слова "дыктатура", калі апісваўся цяперашні беларускі лад. Менавіта таму напярэдадні была працягнутая забарона ўезду для некаторых вышэйшых чыноўнікаў Беларусі на тэрыторыю Эўразьвязу.

Радыё Свабода прадставіла поўны тэкст рэзалюцыі Еўрапарламэнту ў справе Беларусі

Эўрапейскі парлямэнт,

– улічваючы сваю папярэднюю рэзалюцыю ў справе сытуацыі ў Беларусі,

– асабліва ўлічваючы сваю рэзалюцыю ад 10 сакавіка 2005 году ў справе Беларусі і рэзалюцыю ад 7 ліпеня 2005 году ў справе палітычнай сытуацыі і незалежнасьці мэдыяў у Беларусі,

– улічваючы ўзнагароджаньне Эўрапейскім парлямэнтам Беларускай асацыяцыі журналістаў прэміяй імя Сахарава за свабоду думкі ў сьнежні 2004 году,

– улічваючы рэзалюцыю Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў ад 12 красавіка 2005 году ў справе сытуацыі ў сфэры правоў чалавека ў Беларусі,

– улічваючы "Эўрапейскі плян дзеяньняў на карысьць падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі", прыняты дэлегацыяй у справах стасункаў зь Беларусьсю Эўрапейскага Парлямэнту 23 лютага 2005 году,

– улічваючы паведамленьне Эўрапейскай Камісіі ад 11 траўня 2004 году ў справе эўрапейскай Палітыкі добрасуседзтва (COM(2004)0373),

– улічваючы рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў справе сытуацыі ў Беларусі, a асабліва яе рэзалюцыю ад 28 красавіка ў справе перасьледу прэсы ў Беларусі,

– улічваючы санкцыі Эўразьвязу адносна беларускіх уладаў, прынятыя 2 ліпеня 2004 году ў сувязі са зьнікненьнем трох лідэраў беларускай апазыцыі і аднаго журналіста,

– улічваючы заявы камісіі (прэзыдыюму) ў справе Беларусі, зробленыя ад імя Эўразьвязу 2 жніўня 2005 г., 12 жніўня 2005 г. і 30 жніўня 2005 г.
– улічваючы рашэньне Камісіі аб перадачы "Radio Deutsche Welle" праекту коштам 138.000 ? на трансьляцыю ў Беларусь незалежных праграмаў праз радыё і Інтэрнэт цягам году, пачынаючы з 1 лістапада 2005 г.

– улічваючы арт. 103 п. 4 Рэглямэнту,

A. улічваючы, што заміж выпраўленьня сытуацыі ў Беларусі наступіла яе далейшае пагаршэньне, у выніку якога асноўныя правы чалавека рэзка парушаюцца, ніжняя палата парлямэнту была пазбаўленая права на прыняцьце законаў, а эканамічнае жыцьцё кантраляванае прэзыдэнтам; улічваючы, што выпадкі парушэньня правоў чалавека ўключаюць прымяненьне зьняволеньня і іншых формаў рэпрэсіяў дачынна чальцоў дэмакратычнай апазыцыі;

B. улічваючы, што цягам апошніх гадоў былі забароненыя некалькі палітычных партыяў, зачыненыя 22 незалежныя газэты, забароненыя больш за 50 прадэмакратычных недзяржаўных арганізацый (НДА) розных узроўняў і розных палітычных кірункаў, а таксама закрытыя некалькі адукацыйных установаў з "тэхнічных" прычынаў, у той час як не ўзьнікае сумневаў, што ў кожным з выпадкаў гэтыя арганізацыі былі пакараныя за крытыку прэзыдэнта і ягонай палітыкі,

C. маючы на ўвазе, што Віктар Галаванаў, міністар юстыцыі Беларусі, выдаў пастанову аб абавязковай рэгістрацыі блёкаў палітычных партыяў, прафэсійных зьвязаў, кааліцыяў, ініцыятываў і грамадзянскіх рухаў, каб не дапусьціць аб'яднаньня палітычных сілаў, якія маглі б падтрымаць суперніка Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах у наступным годзе,

D. маючы на ўвазе, што 13 верасьня 2005 году прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка выдаў дэкрэт, які надае яму права амністыі за злачынствы супраць уласнасьці, які ёсьць чарговым крокам у кірунку далейшай манапалізацыі ўлады ў краіне, у тым ліку ўлады судовай,

Е. Маючы на ўвазе, што ў красавіку 2005 г. Камісія па правах чалавека ААН скрытыкавала Беларусь на падставе пастаянных паведамленьняў аб перасьледзе й забароне НДА, нацыянальных арганізацыяў мяншыняў, незалежных мэдыяў, апазыцыйных палітычных партыяў, незалежных прафэсійных зьвязаў і рэлігійных арганізацыяў, а таксама аб перасьледзе грамадзянаў, ангажаваных у дэмакратычную дзейнасьць, у тым ліку ў незалежныя мэдыі,

E. маючы на ўвазе, што закрыцьцё незалежных унівэрсытэтаў у Беларусі прывяло да адкрыцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту для беларускіх студэнтаў у выгнаньні, у Вільні,

F. маючы на ўвазе, што ў Беларусі ўвесь час адбываюцца палітычна матываваныя арышты і судовыя працэсы супраць незалежных дзеячоў, якія маюць дачыненьне да дэмакратычных рухаў, а таксама незалежных журналістаў, а таксама адбываецца дэпартацыя грамадзянаў іншых дзяржаваў,

G. маючы на ўвазе адсутнасьць прагрэсу ў расьсьледаваньні шматлікіх нявытлумачаных выпадкаў зьнікненьня асобаў,

H. маючы на ўвазе, што 12 траўня 2005 г. кіраўніцтва Саюзу палякаў у Беларусі было прызнанае незаконным з боку Міністэрства юстыцыі Беларусі, а друкарня адмовілася друкаваць польскі тыднёвік "Glos znad Niemna" па загадзе ўладаў, затое з дазволу ўраду друкаваліся фальшывыя нумары выданьня,

J. маючы на ўвазе, што 27 жніўня г.г. рэжым Лукашэнкі склікаў паседжаньне кіраўніцтва Саюзу палякаў у Беларусі, каб прымусіць ягоных чальцоў пакінуць пасады, якія яны занялі дэмакратычным шляхам праз паўнапраўныя выбары, і замяніць яго новым кіраўніцтвам, падначаленым уладам рэжыму,

K. маючы на ўвазе пастаяннае пагаршэньне становішча іншых мяншыняў, у тым ліку цыганоў і рэлігійных мяншыняў: пратэстанцкія цэрквы былі зачыненыя, а эвангельскія забароненыя,

L. маючы на ўвазе, што рэалізацыя права на свабоду інфармацыі робіцца немагчымым, што ўсе тэлеканалы, як нацыянальныя, гэтак і рэгіянальныя, знаходзяцца ў руках ураду і маючы на ўвазе, што ўсе інтэрнэт-злучэньні абслугоўваюцца дзяржаўнай установай, якая заблякавала многія сэрвісы і інтэрнэт-старонкі

M. маючы на ўвазе, што ўсе кабэльныя апэратары перасьледуюцца за трансьляцыя замежных праграм, незацьверджаных беларускім урадам, маючы на ўвазе, што з гэтай прычыны трансьляцыя беларускімі апэратарамі ўсіх украінскіх каналаў, а таксама польскага каналу Polonia, была забаронена,

N. маючы на ўвазе, што дзяржаўныя ўлады спынілі рэгістрацыю ўсіх новых газэтаў, што кожны дзень адбываюцца дзеяньні супраць выдаўцоў газэтаў і журналістаў, а многія з існуючых газэтаў аштрафаваныя на сумы, якія робяць іх далейшае існаваньне немагчымым,

O. маючы на ўвазе, што прэзыдэнт Лукашэнка зрабіў практычна немагчымай для міжнароднай сеткі НДА ў Эўропе і ў Беларусі дапамогу дзецям, якія церпяць на хваробы, выкліканыя выбухам Чарнобыльскай АЭС, у выезьдзе да розных краінаў на лячэньне,

P. маючы на ўвазе, што Польшча неадкладна адклікала свайго амбасадара ў Менску пасьля сэрыі выдаленьня дыпляматаў, і акдкідаючы абвінавачаньні Лукашэнкі ў тым, што Польшча ўмешваецца ў справы краіны,

Q. Маючы на ўвазе, што на саміце ААН у Нью-Ёрку 15 верасьня 2005 г. прэзыдэнт Лукашэнка зьвінаваціў органы ААН у справе правоў чалавека ў тым, што яны дазваляюць, каб іх выкарыстоўвалі як інструмэнт кантраляваньня іншых краінаў,

R. Маючы на ўвазе, што ў становішчы Рады Эўропы адносна Беларусі бракуе рашучасьці і дзейснасьці,

-

1) Рашуча асуджае масавыя атакі беларускага рэжыму на мэдыі, журналістаў, дзеячоў меншасьцяў і праваабаронцаў, сяброў апазыцыі, рэлігійных лідэраў і ўсе іншыя асобы, якія спрабуюць адкрыта крытыкаваць прэзыдэнта і рэжым, што выяўляюцца ў адвольных арыштах, брутальным абыходжаньні з затрыманымі, зьнікненьнях, палітычна матываваным перасьледзе ды, ды іншых актах рэпрэсіяў, якія зьяўляюцца парушэньнем асноўных прынцыпаў дэмакратыі і правасудзьдзя:

2) Канстатуе, што дзейная забарона прыймаць і карыстацца міжнароднай дапамогай у "неканстытуцыйных мэтах", адхіленьня ад ўлады рэжыму, умяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі, падрыхтоўкі выбараў і рэфэрэндумаў, арганізацыі сходаў, згуртаваньняў, пікетаў ды страйкаў, альбо падрыхтоўкі і распаўсюду прапагандысцкіх матэрыялаў : нельга таксама арганізаваць канфэрэнцыі, сэмінары і любыя сходы карыстаючыся замежнай дапамогай.

3) Асуджае пастанову рэжыму з 22 жніўня бягучага году ад забароне дзейнасьці эвангельска-лютэранскай царквы прысутнай на Беларусі звыш 400 гадоў, падставай для чаго стала адсутнасьць адрасу сядзібы грамады, а грамада не магла яго зарэгістраваць, паколькі раней ўлады пазбавілі яе ўсіх малітоўных дамоў, што не адпавядала нормам беларускіх законаў аб свабодзе веравызнаньня.

4) Асуджае дзеяньні ўраду супраць Саюзу Палякаў на Беларусі, што зьяўляецца парушэньнем асноўных прынцыпаў Рамачнай Канвэнцыі Рады Эўропы аб Нацыянальных меншасьцях з 1995 году, а таксама спробу пераняць кантроль над найбуйнейшай няўрадавай арганізацыяй, якая ў якасьці нешматлікіх не падлягала кантролю з боку ўраду: нагадвае, што павага да правоў меншасьцяў ахоплівае свабоду згуртаваньняў (асацыяцыяў) і прызнаньне статутных ўладаў арганізацыі сфармаваных у выніку выбараў: смуткуе над фактам захопу ўладамі кантролю над газэтай "Glos znad Niemna"

5) Асуджае безупынны перасьлед дзеячоў польскай меншасьці, якія хочуць захаваць незалежны характар іхнага згуртаваньня: канстатуе, што найболей актыўныя дзеячы адчуваюць перасьлед і атрымлівалі шэраг позваў зьявіцца ў пракуратуру альбо ў міліцыю, што Анжаліка Борыс, старшыня Саюзу Палякаў на Беларусі, была цягам апошніх тыдняў дапытаная болей як 50 разоў, а Тадэвуш Гавін, заснавальнік, сябра і цяперашні намесьнік старшыні СПБ быў прысуджаны да 30 дзён арышту.

6) Асуджае вынесеныя дзеячом СПБ: Юзэфу Пажэцкаму, Веславу Кеўляку, Анджээю Пісальніку і Анджэю Пачобуту прысуды да двух гадоў турмы на падставе сфальшаваных абвінавачаньняў,

7) Асуджае поўную маргіналізацыю беларускім рэжымам цыганскай меншасьці на Беларусі, якой асноўныя грамадзянскія правы былі абмежаваныя, а таксама рашуча асуджае варожыя выказваньні на адрас цыганоў ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі,

8) Асуджае беларускія ўлады за адмову выдаць візы на ўезд дэлегацыі дэпутатаў Эўрапарлямэнту, якія прыбылі 8 жніўня 2005 году з дасьледчыцкай місіяй, каб азнаёміцца з сытуацыяй,

9) Заклікае Раду і Камісію да стварэньня праграмы стыпэндыяў, візытаў і ўплатаў (ахвяраваньняў) для няўрадавых арганізацыяў і дзеячаў у галіне абароны правоў чалавека ды меншасьцяў,

10) Калі беларускія ўлады не прывядуць да паляпшэньня сытуацыі ў галіне свабоды слова, згуртаваньняў і рэлігіі гэтым самым дапускаючы яе далейшае пагаршэньне, дык Камісія, Рада і Эўрапарлямэнт павінны распачаць працэдуру ўнясеньня прадстаўнікоў беларускага рэжыму адказных за перасьлед, у сьпіс асобаў, на якіх пашыраецца візавая забарона: лічыць, што санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі павінны ахопліваць замарожваньне сродкаў беларускіх ўладаў, якія знаходзяцца паза межамі краіны,

11) Яшчэ раз падкрэсьлівае, што далейшае разьвіцьцё адносінаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю і ў далейшым будзе залежаць ад прагрэсу ў дэмакратызацыі краіны і ажыцьцяўленьня рэформаў, ў доступе грамадзянаў Беларусі да аб'ектыўных, свабодных і сумленных мэдыяў, а таксама ў павазе да правоў і свабодаў нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў,

12) З прыемнасьцю адзначае факт дадатковай падтрымкі з боку Камісіі для незалежных мэдыяў на Беларусі, падкрэсьлівае значэньне доступу грамадзтва Беларусі да незалежнай інфармацыі, паўторна заклікае Раду і Камісію да дзеяньня ў рамках іхных паўнамоцтваў, якія вынікаюць са стратэгіі суседзтва дзеля падтрымкі грамадзянскай супольнасьці на Беларусі, і акрэсьленьня ўмоваў фінансавай праграмы датычнай мэтаў эўрапейскай праграмы суседзтва, абумоўліваючы сродкі падтрымкі сытуацыяй у Беларусі: падганяе Раду і Камісію, каб яны як мага хутчэй выдзелілі яшчэ большую дапамогу свабодным мэдыям і незалежным няўрадавым арганізацыям у Беларусі, а таксама да пашырэньня ініцыятываў ў галіне незалежных мэдыяў,

13) Заклікае камісію забясьпечыць, каб ніводная з квазі-няўрадавых арганізацыяў створаных у Беларусі з мэтай атрыманьня дапамогі з-за мяжы, не атрымала якой-небудзь дапамогі альбо сродкаў зь бюджэту Эўразьвязу,

14) Заклікае Камісію і Раду падтрымаць дэмакратычна абранае кіраўніцтва СПБ і сфармаваныя шляхам дэмакратычных выбараў органы іншых няўрадавых арганізацыяў, якія адчуваюць рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі,

15) Заклікае неадкладна ad hoc прызначыць высокага ўзроўню дэлегацыю, якая накіруецца з дасьледчыцкай місіяй ў Беларусь і здасьць справаздачу са сваіх назіраньняў Эўрапарлямэнту,

16) Рашуча падтрымлівае заяву Старшыні Эўракамісіі аб накіраваньні ў Беларусь спэцыяльнага дыпляматычнага прадстаўніка з мэтай маніторынгу сытуацыі ў галіне правоў чалавека, а таксама заклікае Камісію паскорыць адкрыцьцё сталага прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску, каб зрабіць магчымым больш эфэктыўнае распаўсюджваньне інфармацыі, каардынацыю праектаў і нагляд за сытуацыяй ў Беларусі,

17) Заклікае Раду і Камісію ўзьняць пытаньне Беларусі ў размовах з расейскімі ўладамі з мэтай акрэсьліць сумесную адказнасьць за дзеяньні, якія вялі б да канкрэтных дэмакратычных пераўтварэньняў ў гэтай краіне,

18) Заклікае ўсе дзяржавы-сябры Эўразьвязу ўвесьці бясплатныя візы для грамадзянаў Беларусі,

19) Зьвяртаецца да эўрапейскіх палітычных партыяў і палітычных групаў Эўрапарлямэнту пашырыць кантакты і палітычную падтрымку беларускай апазыцыі,

20) Ускладае на свайго Старшыню абавязак перадаць гэтую рэзалюцыю Камісіі, Радзе, парлямэнтам і ўрадам дзяржаваў-сяброў і Парлямэнцкім Асамблеям АБСЭ і Рады Эўропы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international