Леанід Свецік – супраць дыскрымінацыі грамадзянаў у працоўнай сферы

2009 2009-08-07T18:42:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svetik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Сьвецік

Леанід Сьвецік

Праваабаронца з Віцебска Леанід Свецік, нядаўна прызнаны вінаватым ў абсурднай крымінальнай справе, у чарговы раз пацвердзіў сваё прызванне адстойваць правы людзей. Ён ініцыяваў унясенне зменаў у працоўнае заканадаўства з мэтай спынення дыскрымінацыі грамадзянаў краіны. Канстытуцыйны Суд разгледзеў зварот праваабаронцы і пряняў рашэнне, у якім рэкамендуе ўнесці змены ў Працоўны кодэкс і Закон “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.     

Калегі-праваабаронцы назвалі вынікі намаганняў Л. Свеціка без перабольшвання ўнікальным дасягненнем.

“У наш час у аб'явах пра прыём на працу стала нормай указваць узрост і пол сушукальнікаў. Паводле падобных аб'яваў атрымліваецца, што жанчыны ці мужчыны, якія толькі пачынаюць працаваць ці маюць перадпенсійны ўзрост, не могуць на роўных з астатнімі умовах прэтэндаваць на такую вакансію. Атрымліваецца, што частка беларускіх грамадзянаў, якія не адпавядаюць гэтым крытэрыям, не могуць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на працу і незаслужана падвяргаюцца дыскрымінацыі. Да таго ж, гэтаму спадарожнічаюць сацыяльныя і псіхалагічныя фактары, якія пагаршаюць становішча азначанай катэгорыі грамадзянаў. Такая сітуацыі на рынку працы дазваляе сцвярджаць пра парушэнне нормаў артыкулаў 23, 32 і 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, - падзяліўся Л. Свецік сваімі назіраннямі і высновамі, якія таксама выклаў у скарзе, накіраванай у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронца ў скарзе выказаў меркаванне, што для рэалізацыі права на працу і выключэння дыскрымінацыі па ўзроставай і полавай прыкмеце, на яго думку, у аб'явах пра вакансіі неабходна пазбягаць указання ўзроставага цэнзу і полу прэтэндэнта. З гэтай мэтай ён папрасіў КС прызнаць неканстытуцыйнымі нарматыўныя акты (калі такія ёсць), што рэгулююць нормы і правілы апублікавання аб’явы наймальніка з указаннем узроставых межаў і полу прэтэндэнта. Таксама Л. Свецік прасіў  КС рэкамендаваць кампетэнтным дзяржаўным органам унесці змены і дапаўненні ў заканадаўства з мэтай яго прывядзення ў адпаведнасць з нормамі Канстытуцыі.     

27 ліпеня Першы намеснік начальніка Сакратарыята А.В.Юрага паведаміў праваабаронцу, што па ўзнятых ім пытаннях 17 ліпеня КС прыняў рашэнне № Р-360/2009 “Аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян у сферы працы”. Гэты дакумент быў даведзены да грамадскасці праз афіцыйныя СМІ – газеты “Звязда” і “Народная газета”, а таксама змешчаны ў Нацыянальным рыестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

У сваім рашэнні КС прызнае патрабаванні наймальнікаў да ўзросту і месца жыхарства грамадзянаў у прапановах аб працаўладкаванні дыскрымінацыйнмі умовамі. У сувязі з гэтым рэкамендуе ўнесці змены ў Працоўны кодэкс і Закон “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.

Як адзначае прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, рашэнне КС, прынятае па звароце Л. Свеціка, у пэўным сэнсе ўнікальнае.

“Я нават не прыгадаю, каб Канстытуцыйны Суд прымаў нейкія рашэнні па пытаннях дыскрымінацыі. Таму Леанід Свецік, якога нядаўна прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за нібыта распальванне нацыянальнай варожасці, яшчэ раз пацвердзіў, што ён сапраўды праваабаронца, які дбае пра інтарэсы ўсіх грамадзянаў краіны. Бо гэтае рашэнне датычыцца шырокага кола людзей, - падкрэслівае В. Стэфановіч. – Унікальнае яно яшчэ і тым, што было прынятае па разгляду звароту грамадзяніна. У дадзеным выпадку КС, відаць, палічыў, што праблема сапраўды важная для грамадства і патрабуе вырашэння”.

Нагадаем, што паводле існуючага парадку, КС не прымае рашэнняў у судовым пасяджэнні непасрэдна па выніках разгляду зваротаў грамадзянаў (у той жа час звароты грамадзянаў могуць быць асновай для прапановаў па ўдасканальванню заканадаўства).  

Згодна з артыкулам 116 Канстытуцыі, ініцыятарамі разгляду справы ў КС выступаюць толькі шэсць суб’ектаў - Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Іншыя дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, арганізацыі, грамадзяне звяртаюцца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапановаў аб канстытуцыйнасці акта (у адпаведнасці з артыкулам 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў).

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international