Алесь Бяляцкі: "Ад часу ліквідацыі “Вясны” да нерэгістрацыі “Нашай Вясны” стаўленьне да праваабаронцаў не змянілася"

2009 2009-08-06T19:03:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/a_bialiacki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі

Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі характарызуе сітуацыю з правабаронцамі ў Беларусі за апошнія гады

 

– Спадар Алесь, з моманту ліквідацыі праваабарончага цэнтра “Вясна” ў 2003 годзе прайшло шэсьць год. Ці зьмянілася кардынальна за гэты час у Беларусі  стаўленьне да праваабаронцаў з боку афіцыйных уладаў?

 

- Сітуацыя ніякім чынам не зьмянілася. Увесь гэты час беларускія ўлады ставіліся да праваабаронцаў як да нейкай варожай групоўкі ў дачыненьні да сябе і фактычныя прыклады гэта яскрава падцвярджаюць. Мы за гэты перыяд не ўбачылі аніводнай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыі, хаця спробаў падачы дакументаў было дастаткова. Толькі праваабарончы цэнтр “Вясна” тройчы спрабаваў атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю. У той жа час не спыняецца грубы прэсінг з боку дзяржавы на асобных праваабаронцаў, неаднаразова разгортваліся кампаніі па іх дыскрэдытацыі, па прыцягненьні іх да фінансавай адказнасьці, -- падаткавая інспекцыя ды і іншыя кантрольныя органы вывучалі фінансавыя біяграфіі праваабаронцаў.  Супраць праваабаронцаў, якія спрабуюць маніторыць тыя ці іншыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, таксама вельмі актыўна выкарыстоўваецца прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці. А апошні год прынёс яшчэ й выпадкі крымінальнага пераследу. Маю на ўвазе тыя крымінальныя справы, што былі ўзбуджаныя супраць Яны Паляковай з Салігорску і супраць Леаніда Сьвеціка з Віцебску.

 

Такім чынам, жыцьцё беларускіх праваабаронцаў застаецца па-ранейшаму даволі неспакойным, а дзяржава, на жаль, у большасьці выпадкаў успрымае аб’ектыўную крытыку, з якой выступаюць праваабаронцы, нервова і часта рэагуе неадэкватным чынам.

 

Між тым хачу нагадаць, што ў 1998 годзе на агульным паседжаньні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый была прынятая Дэкларацыя аб праваабаронцах і Рэспубліка Беларусь таксама брала ўдзел у абмеркаваньні і прыняцьці гэтага дакумента, адзін з пунктаў якога дэкларуе, што кожны чалавек ці індывідуальна, ці разам з іншымі, мае права крытыкаваць дзеяньні ўладаў, калі палічыць, што парушаюцца правы чалавека.

 

- У сувязі з тым, што ў апошні час Беларусь выразна імкнецца ў бок еўрапейскай супольнасьці, а ў верасьні будуць агучаны  пэўныя высновы Еўразвязу,  ці можна ў гэтых стасунках прагназаваць нейкае паляпшэньне стаўленьня з боку дзяржавы да праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый у Беларусі?

 

- Гэтае імкненьне да еўрапейскай супольнасьці, насамрэч, вельмі спецыфічнае. Яго нельга расцэньваць як шчырае жаданьне да паўнамасштабнага супрацоўніцтва, якое  выразна праяўляецца ў многіх краінах з падобным пераходным ладам. Магу прыгадаць Сербію, Боснію і Герцагавіну, Харватыю, найперш гэтыя балканскія краіны, якія сапраўды шчыльна працуюць з Еўразвязам,  маючы на ўвазе ў перспектыве ўступленьне ў Еўразьвяз. Самы апошні прыклад такога супрацоўніцтва: у дачыненьні да Сербіі і Македоніі было прынятае рашэньне аб  адмене візаў і цяпер грамадзяне гэтых краін бесперашкодна могуць наведваць краіны Еўразьвязу. Беларускія ж улады ніколі не ставілі для сябе мэту далучыцца да Еўрапейскага Зьвязу ў поўным аб’ёме, аднак у той жа час яны хацелі б атрымаць нейкія эканамічныя дывідэнты ад такога вось суседства, развіваючы менавіта эканамічнае супрацоўніцтва. Тут усё ўпіраецца, як мне падаецца, у непераадольны бар’ер, якім ёсьць нежаданьне уладаў адпаведным чынам рэагаваць на крытыку той грамадска-палітычнай сітуацыі, тых татальных парушэньняў правоў чалавека, якія абапіраючыся на псеўдазаконную заканадаўчую сістэму, створаныя за апошнія 10-15 гадоў беларускім рэжымам.

 

Праваабаронцы гавораць пра гэтую сітуацыю адкрыта і жадаюць давесьці да грамадзян Беларусі тую думку, што нармальнае эканамічна узаемавыгаднае супрацоўніцтва Беларусі з Еўразвязам  можа мець месца толькі пры паляпшэньні сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратычнымі рэформамі і выбарчым працэсам. Інакш не будзе еўрапейская супольнасьць супрацоўнічаць з краінай, улады якой масава фальсіфікуюць выбары, і дзякуючы гэтым фальсіфікацыям трымаюцца незаконна. Не будзе Еўразьвяз цалкам давяраць ураду, які закрывае вочы, альбо бярэ ўдзел у рэпрэсіях супраць палітычных апанентаў. Тое ж самае тычыцца і рэгістрацыі няўрадавых арганізацый. Тут бачна, што пазіцыя ўладаў застаецца  практычна нязменнай і шэраг няўрадавых арганізацый, палітычный партый, проста не маюць магчымасьці спраўдзіць свае канстытуцыйныя правы, атрымаць рэгістрацыю і працаваць у законным рэчышчы.

 

- Ці ёсць у Вас спадзяваньні на апошнюю інстанцыю – Вярхоўны Суд, які 10 жніўня пачне разгляд скаргі на чарговую адмову ў рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна” Мінюстам?

 

Мінюст адмаўляе грамадскаму праваабарончаму аб’яднаньню “Наша Вясна” ў трэці раз на працягу апошніх двух год, а сітуацыя на сёньня складваецца такім чынам, што інтарэсы Мінюста ў Вярхоўным Судзе даручана прадстаўляць Аляксандру Харытону, які вызначыўся закрыцьцём не аднаго дзесятка няўрадавых арганізацый. Апроч таго, днямі не была выдадзеная беларуская віза Прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека спадарыні Сухайр Белхассэн і гэта пакідае нейкі трывожны сьлед. І сапраўды, ёсьць адчуваньне, што правабаронцы ізноў могуць застацца без рэгістрацыі.  З іншага боку, мы заявілі, што спыняем вось гэтую безсэнсоўную гульню з уладамі і гэта будзе нашая апошняя спроба зарэгістравацца. Далей мы будзем працаваць проста без рэгістрацыі і такім чынам улады няхай самі думаюць, які ім вырашаць гэтую праблему.

 

Нагадаю яшчэ, што пытаньне рэгістрацыі “Нашай Вясны”, - менавіта такім чынам  зьмянілася ранейшая назва  праваабарончага цэнтра “Вясна” згодна з  патрабаваньнямі беларускага заканадаўства, -  падымалася на ўзроўні Еўрапейскага Зьвязу. Нядаўна, напрыклад, рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы нагадала, што нерэгістрацыя “Нашай Вясны” з’яўляецца адным з пунктаў, які неабходна вырашыць для паляпшэньня адносінаў паміж Беларуссю і еўрапейскай супольнасьцю. І вельмі важна, калі гэтае пытаньне ставіцца як адно з рамачных, таму цяпер улады павінны нейкім чынам адэкватна адрэагаваць. У выпадку далейшага ігнараваньня дзяржавай законных правоў праваабаронцаў на рэгістрацыю – маўчаць мы не намерваемся і будзем надалей гучна гаварыць пра праблемы са свабодай асацыяцый у Беларусі на ўсіх магчымых узроўнях.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international