Мінскія ўлады паўторна забаранілі пікет у абарону бяздомных жывёл

2009 2009-07-30T15:11:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zivotnye.jpg

Мінгарвыканкам паўторна забараніў пікет у абарону бяздомных жывёл, які планавалася правесці 31 ліпеня і 1 жніўня каля сталічнага пункта адлову і часовага ўтрымання жывёл "Фауна горада" па вуліцы Гурскага, 42.

Як паведаміў БелаПАН заяўнік пікета, зааабаронца Вадзім Александровіч, заяўка на правядзенне пікета была пададзена 9 ліпеня. Мэтай пікетавання было звярнуць увагу на праблему бяздомных жывёл у Беларусі і на сітуацыю, якая склалася ў "Фауне горада".

Як сцвярджаюць зааабаронцы, штогод у Беларусі адлоўліваецца і знішчаецца каля 70 тыс. жывёл, у тым ліку ад 3 да 5 тыс. у Мінску. У ходзе пікета яго арганізатары мелі намер заявіць пра неабходнасць прыняцця закона аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжання. Яны прапаноўваюць стварыць у Беларусі дзейную праграму адлову, стэрылізацыі і пошуку новых гаспадароў для бяздомных жывёл, выступаюць за развіццё валанцёрскага руху, стварэнне муніцыпальных доўгачасовых прытулкаў для кошак і сабак, настойваюць на стварэнні адукацыйных праграм для насельніцтва. Меркавалася, што ў пікеце возьмуць удзел да 50 чалавек.

Пікет забаронены з-за таго, што акцыя нібыта будзе "ствараць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху" ў раёнах вуліц Гурскага і Русановіча, 2-га Прылуцкага завулку. Нагадаем, прычынай забароны першага пікета ў абарону бяздомных жывёл, які планавалася правесці 10—11 ліпеня, назвалі "неадпаведнасць заяўкі закону аб масавых мерапрыемствах Беларусі".

 Александровіч упэўнены, што Мінгарвыканкам "наўмысна забараняе пікет пад любымі маркамі". Так, відавочна, што акцыя не можа стварыць перашкод пешаходнаму і транспартнаму руху — будынак "Фауны горада" знаходзіцца на пустцы, а названыя Мінгарвыканкамам вуліцы нават не прымыкаюць да яго.

Зааабаронцы маюць намер падаць скаргу ў суд на рашэнне службовых асоб Мінгарвыканкама, якое парушае іх права на свабоду мірных сходаў. Калі зааабаронцы не знойдуць разумення ў нацыянальных судах Беларусі, яны звернуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Намеснік начальніка грамадска-масавай работы Мінгарвыканкама Андрэй Зазяркоўскі не змог абвергнуць БелаПАН довады зааабаронцаў і адзначыў, што калі б хацелі, у Мінгарвыканкаме маглі б знайсці і іншую прычыну адмовы — афармленне заяўкі не было бездакорным.

 

Ён таксама заявіў, што ў Мінгарвыканкаме таксама "любяць жывёл". Так, мінскія ўлады маюць намер дазволіць правядзенне "іншага мерапрыемства" ў іх абарону, прымеркаванага да міжнароднага Дня бяздомных жывёл, паведамляе БелаПАН

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international