Актывістаў аштрафавалі за распаўсюд антыкрызіснай праграмы

2009 2009-07-07T14:39:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hatalski_shvaba.jpg

Сумесна з БХД сябры Гарадзенскага Маладога Фронту Раман Шваба і Яўген Гатальскі за распаўсюд антыкрызіснай праграмы былі аштрафаваныя на суму ў памеры 175 тысяч.

 

Днямі суддзя Ленінскага раёна Бялінскі О.Г. пакараў хлопцаў згодна з 21.14 ч.2 артыкула Працэсуальнага Выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных парушэньнях штрафамі ў памеры 5 базавых велічынь.

 

Вось што распавядае Раман Шваба пра суд: ”Нашую справу разгледзелі не больш як за 15 хвілін. Цікава, што сведкамі не выступалі тыя міліцыянты, якія нас затрымалі. Я казаў, што тысячы рэклямных улётак расклеены па ўсім горадзе, але нікога не затрымоўваюць, а мяне затрымалі... На што суддзя пачаў мяне павучаць і казаць, каб я лепш дапамагаў прыбіраць вуліцы ці даглядаў ветэранаў. Сказаў, каб чакалі лісты па месцы вучобы.”

 

“Першапачаткова, калі нас затрымалі, міліцыянты не надалі асаблівай палітычнай афарбоўкі гэтым ўлёткам, бо яны ўтрымлівалі звычайныя парады па пераадольваньні цяжкасьцяў, зьвязаных з крызісам. Але ў наступных вышэйшых інстанцыях пачалі ціснуць на палітыку і на грошы, зьвязаныя з Захадам. Нас адвезьлі ў пастарунак, склалі пратакол і ўзялі адбіткі пальцаў, пасля адпусьцілі і сказалі чакаць позвы ў суд.” – кажа сябра Гарадзенскага МФ Яўген Гатальскі.

 

Стала вядома, што Яўгена Гатальскага выклікалі на размову з адміністрацыяй Політэхнічнага каледжа, дзе хлопец навучаецца. Падчас гэтай размовы прысутнічалі прадстаўнікі ідэалягічнай вертыкалі, супрацоўнікі КДБ і кіраўніцтва навучальнай установы. Студэнта папярэдзілі пра верагоднасьць адлічэньня з каледжа. Канчатковае рашэньне па гэтым факце будзе прынята адмысловай камісіяй у жніўні.

 

“Я хацеў бы нагадаць адміністрацыі Політэхнічнага каледжа пра абвешчаны ўладамі працэс лібэралізацыі беларускай палітыкі, і любы ціск на студэнтаў пакажа найперш краінам Захаду, што ўмовы партнэрства нашай краіны з Эўропай (у прыватнасьці паважаць права народу Беларусі на незалежную інфармацыю і свабоду выказваньня) не выконваюцца, а працягваецца ранейшы ідэалягічны перасьлед моладзі з адміністрацыйнай адказнасьцю за свае палітычныя погляды. А ўжо данесьці інфармацыю пра факты беспадстаўнага ціску на нашых сяброў да эўрапейскіх грамадзка-палітычных інстытутаў мы зможам вельмі хутка. Пры тым агрэсіўную інфармацыйную кампанію ў выпадку адлічэньня Яўгена з навучальнай установы я проста гарантую – у каледжы пра гэта будзе ведаць кожны,” – пракаментаваў сытуацыю сябра Гарадзенскага Маладога Фронту Яўген Скрабутан.

 

Зьмест улётак утрымліваў тры антыкрызісныя прапановы:

 

1. Эканомія – падчас крызісу дзяржава і мясцовыя ўлады павінныя скарачаць лішнія выдаткі (на лядовыя палацы, АЭС, аграгарадкі, спэцслужбы, “Лініі Сталіна”, вялізныя гулянкі і г.д.).

 

2. Дабрачыннасьць – больш заможныя беларусы падчас крызісу маюць магчымасьць дапамагчы найменш абароненым: бедным, дзецям, інвалідам, сіротам.

 

3. Лібэралізацыя – зьніжэньне падаткаў, вызваленьне прадпрымальніцкай ініцыятывы, скарачэньне бюракратыі – і гарантыі недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international