Правы чалавека — no problem?

2009 2009-02-28T22:32:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/60_un_by.jpg

Апошнім часам міжнародная супольнасьць аддае значную ўвагу сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Чым гэта можна патлумачыць? Ці апраўданыя папрокі на адрас Эўразьвязу за ігнараваньне гэтай праблемы? Ці спрыяе міжнародная ўвага паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

Увага да Беларусі
Валер Карбалевіч: “У Менску з двухдзённым візытам знаходзяцца ўпаўнаважаны Міністэрства замежных спраў Нямеччыны па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі Гюнтэр Ноке, а таксама амбасадары ў правах чалавека з Даніі, Фінляндыі і Нідэрляндаў.

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу аб правах чалавека ў сьвеце, у якой адзначаны сур’ёзныя парушэньні, дапушчаныя ў гэтай сфэры ў Беларусі.

Можна ўзгадаць, што мінулым тыднем Менск наведалі дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, вярхоўны прадстаўнік Эўрасаюзу ў замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Хавіер Саляна, дэлегацыя Эўрапарлямэнту. На перамовах гэтых дэлегацый тэма правоў чалавека таксама была важным пытаньнем. У чым прычына такой увагі да гэтай тэмы? Гэта выпадковы зьбег падзеяў ці не?“

Сяргей Богдан: “Найперш хачу адзначыць, што згаданыя вамі факты маюць розную, процілеглую палярнасьць. Калі ў выпадку ЗША мы маем справу з чарговым абвінавачаньнем на адрас Беларусі, то ў выпадку Эўропы мы бачым спробу знайсьці канструктыўнае выйсьце”.

Прагматычны і ідэалістычны падыход

Богдан: “Адбываецца важны пералом у разьвіцьці беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. Кіраўніцтву Беларусі ўдалося дасягнуць таго, што парадыгма эўрапейскай палітыкі зьмянілася. То бок Менск патрапіў давесьці, што да Беларусі нельга стасаваць звычайныя эўрапейскія стандарты ў галіне правоў чалавека: да яе трэба ставіцца так, як, напрыклад, да Казахстану.

Варта адзначыць, што не омбудсманы вызначаюць палітыку ў Эўропе. На першым месцы ў палітыцы выступаюць больш прагматычныя пытаньні бясьпекі, эканомікі, палітычных інтарэсаў.

Пасьля расейскай агрэсіі ў дачыненьні да сумежнай дзяржавы для ЭЗ стала важна выпрацаваць стратэгію стрымліваньня. І ў такой сытуацыі выкарыстоўваюць таго, хто ёсьць пад рукамі. Беларусь становіцца важнай для ЭЗ у пляне бясьпекі. Таму даводзіцца шукаць прагматычны падыход.

А вось ад ЗША Беларусь знаходзіцца далёка, з праблемай амэрыканскай бясьпекі яна не зьвязана. Таму Вашынгтон можа дазволіць сабе больш ідэалістычны падыход да афіцыйнага Менску, канфрантацыю па пытаньнях, якія ня маюць дачыненьня да рэальнай палітыкі“.

Тактычны ход
Аляксандар Класкоўскі: “Сапраўды, справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША аб правах чалавека і візыт эўрапейскіх дэлегацый, у прыватнасьці омбудсманаў — гэта рэчы рознага парадку.

Дзярждэпартамэнт ЗША робіць такую справаздачу рэгулярна, падкрэсьліваючы сваю сусьветную місію абароны дэмакратыі, правоў чалавека ва ўсіх краінах. Тым самым яны падаюць сыгнал, што не пакідаюць самотнымі барацьбітоў за правы чалавека. А зь іншага боку, падаюць сыгнал усім дыктатарам: маўляў, мы ўсё бачым. Таму ацэнкі там жорсткія і неканьюнктурныя.

Што тычыцца візыту дэлегацыі омбудсманаў, то гэта ў нейкай ступені тактычны ход пасьля візыту Саляны. Апошні паводзіў сябе ў Менску вельмі дыпляматычна, казаў, што ніякіх патрабаваньняў беларускім уладам мы не накідаем. Ён паводзіў сябе паводле схемы, якую Менск імкнецца навязаць ЭЗ. Маўляў, давайце абмяжуемся прагматычнымі пытаньнямі.

Але такі падыход выклікае крытыку, у тым ліку і з боку часткі беларускай апазыцыі. І каб ураўнаважыць гэта, у Менск і прыехаў дэсант омбудсманаў. Яны павінны прадэманстраваць, што пытаньне правоў чалавека з парадку дня дыялёгу Беларусі і ЭЗ не здымаецца“.

Ці ўплывае міжнародная супольнасьць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі?
Карбалевіч: “Як гэтая міжнародная ўвага да правоў чалавека ў Беларусі рэальна паўплывае на сытуацыю ў гэтай сфэры ў краіне?”

Богдан: “Я згодзен з тым, што гэты дыялёг павінен ісьці больш празрыста, з прыцягненьнем розных зацікаўленых бакоў. Цяжка чакаць бліжэйшым часам сутнасных зьменаў з правамі чалавека ў Беларусі. Але калі б не пазыцыя Захаду, то правы чалавека тут парушаліся б яшчэ больш. Аднак гэтая пазыцыя — чыньнік стрымліваньня, а не актыўнага ўзьдзеяньня”.

Класкоўскі: “Пазыцыя Захаду ўплывала, уплывае і будзе ўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У самыя змрочныя часы ўвага міжнароднай супольнасьці да гэтага пытаньня стрымлівала беларускія ўлады, бо ставілася на парадак дня палітычных дачыненьняў з афіцыйным Менскам. Омбудсманы, праваабаронцы, хоць і не вызначаюць палітыку, але ствараюць фон, які ўплывае на палітычны працэс. Гэта важны дадатны фактар”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international