viasna on patreon

БХД ладзіць устаноўчы зьезд

2009 2009-02-24T16:46:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bhd_1_250.jpg

28 лютага ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу адбудзецца ўстаноўчы зьезд Партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, на які прыбудуць і госьці з далёкага замежжа, пра што на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі заявілі лідэры БХД

На ўстаноўчы зьезд партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, які адбудзецца 28 лютага ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу, прыедуць больш за 200 дэлегатаў з усёй Беларусі, а таксама госьці з Нарвэгіі, Галяндыі, Украіны, Ангельшчыны, Фінляндыі.

Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі 24 лютага паведамілі сустаршыні Аргкамітэту БХД Павал Севярынец, Аляксей Шэін і Віталь Рымашэўскі. Па словах Павала Севярынца, за апошні месяц сходы заснавальнікаў БХД прайшлі ў 63 рэгіёнах Беларусі, у сьпісе заснавальнікаў – 1057 чалавек, на ўстаноўчы зьезд абраныя 211 дэлегатаў (адзін ад пяці чальцоў)

Чакаецца, што зь вітальнымі словамі на форуме выступяць экс-кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік “Народнай грамады” (БСДП) Мікалай Статкевіч, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і многія іншыя вядомыя ў краіне асобы.

Што да замежных гасьцей (яны ж партнэрскія арганізацыі беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў), то, па словах Аляксея Шэіна, іх цікавяць у Беларусі розныя рэчы.

“Напрыклад, Хрысьціянска-дэмакратычны саюз Украіны зацікавіўся праблемай выключаных беларускіх студэнтаў, перад усім, сябраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, якія былі выключаны з унівэрсытэтаў за апошнія паўгады, а гэта чатыры чалавекі. Украінцы накіравалі лісты ў Адміністрацыю прэзыдэнта Лукашэнкі, у Міністэрства адукацыі Беларусі з патрабаваньнем аднавіць гэтых людзей у ВНУ. Яны таксама нядаўна сустрэліся зь беларускім амбасадарам на Ўкраіне і таксама выказалі сваю пазыцыю, што гэтыя людзі павінныя быць адноўленыя на навучаньні. Так што ёсьць ня толькі словы салідарнасьці, словы падтрымкі, але і практычныя дзеяньні з боку гэтых людзей”, - сказаў сустаршыня аргкамітэту БХД.

Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі адзначылі, што ня ўсе дэлегаты змогуць прыехаць у Менск на зьезд. Так, на сем сутак адміністратыўнага арышту ў панядзелак, 23 лютага ў Гомелі за ўдзел у пэрформансе да Міжнароднага дня роднай мовы (адзначаўся 21 лютага) асуджаны кіраўнік абласнога аргкамітэту БХД Кастусь Жукоўскі – адзін з дэлегатаў зьезду.

Як заявіў Віталь Рымашэўскі, на форуме будуць абраныя сустаршыні БХД (на першы час у БХД прадугледжанае сустаршыньства, але пазьней мяркуецца замяніць яго старшыньствам з абмежаваньнем колькасьці тэрмінаў знаходжаньня на кіроўнай пасадзе двумя, што прадугледжана статутам арганізацыі).

Па завяршэньні форуму група дэлегатаў ускладзе кветкі да Архікатэдральнага касьцёлу прысьвятой Панны Марыі, дзе на пачатку мінулага стагодзьдзя была ўпершыню заснаваная Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. А астатніх удзельнікаў і гасьцей чакае канцэрт лепшых хрысьціянскіх хітоў у выкананьні вядомых музыкаў. А ўжо 1 сакавіка ў Менску пройдзе першая, ладжаная пасьля ўстаноўчага зьезду БХД, Міжнародная канфэрэнцыя “Хрысьціянская дэмакратыя і Беларусь”, у якой возмуць удзел і замежныя дэлегаты форума.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства