viasna on patreon

Каму замінае гомельская “Талака”?

2009 2009-02-25T11:16:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/talaka.jpg
Talaka

Talaka

Гомельская абласная ўправа юстыцыі вынесла папярэджаньне маладзёвай краязнаўчай грамадзкай арганізацыі “Талака”, якая існуе ў рэгіёне звыш дзесяці гадоў.

У загадзе начальніка ўправы Віталя Макарэвіча сказана, што пісьмовае папярэджаньне вынесена за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі на сваім сайце і ў абвестках, якія грамадзкая арганізацыя распаўсюджвала ў абласным цэнтры. Праўда, дакладна ня гаворыцца, якая менавіта гэтая сымболіка.

Гаворыць кіраўніца гомельскай “Талакі” Ларыса Шчыракова: “Яны палічылі малюнак, які насамрэч зьяўляецца скарочанай абрэвіятурай двух словаў на лацініцы “Гомельская “Талака” – “H” і “T”. Скарачэньне гэтых літараў яны палічылі нашай сымболікай і за гэта вынесьлі нам пісьмовае папярэджаньне”.

Як мяркуе спадарыня Шчыракова, парэджаньне хутчэй за ўсё зьвязанае з падвышэньнем актыўнасьці грамадзкай арганізацыі:

“Талака” апошнім часам вельмі актыўна сябе паводзіць. Кожны месяц мы ладзім адну-дзьве культурніцкія сустрэчы з пісьменьнікамі, паэтамі, увогуле з творчымі людзьмі, якія, можна сказаць, знаходзяцца пад афіцыйнай забаронай. Апошні год, напрыклад, да нас прыязджаў часопіс “Аrche” зь ягоным рэдактарам Валеркам Булгакавым. Прыязджала “Наша Ніва”, прыязджаў гісторык і літаратар Уладзімер Арлоў, якога таксама нікуды не пускаюць, і шэраг іншых. Гэта проста ціск, спроба запалохаць нашу арганізацыю ў сувязі зь яе актыўнасьцю”.

Мясцовыя ўлады сёлета наогул занялі даволі жорсткую пазыцыю да любых праяў грамадзкай актыўнасьці. Гэта, у прыватнасьці, паказала нядаўняя культурніцкая акцыя ў абарону беларускай мовы, зладжаная маладымі гамельчукамі 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы.

Адзін удзельнік акцыі пакараны Цэнтральным судом 7 суткаму арышту. Яшчэ пяцёра гараджанаў аштрафаваныя буйнымі штрафамі, у тым ліку й двое сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія асьвятлялі вулічную акцыю. Характэрна, што судзьдзя Дамненка нават адхіляла хадайніцтвы абвінавачаных весьці разбор справаў на беларускай мове.І органы юстыцыі ніяк не рэагуюць на падобную моўную дыскрымінацыю беларускіх грамадзянаў. Сымболіку бачаць, а дыскрымінацыю – не.

Мекаваньне ў гэтай сувязі прадстаўніка ў рэгіёне Беларускага Хэльсінскага камітэту спадара Яўсеенкі:

“Існаваньне й месца беларускай мовы ў нашай дзяржаве відавочна й бачна па тым, як ставяцца да яе ва ўстановах правасудзьдзя”.
Аштрафаваны на 700 тысяч рублёў сябра БАЖ Зьміцер Кармазін, які асьвятлаў вулічную акцыю, наогул у недаўменьні: чаму гэта дэмакратычныя ініцыятывы “зьнізу” здушаюцца ўладамі з імпэтам, вартым лепшага прымяненьня:

“Я ў некаторай ступені як журналіст назіраў за гэтай акцыяй. Я падтрымліваў гэтых людзей. У іх добрыя думкі, добрае стаўленьне, добрыя намеры. Яны не рабілі нічога супрацьдзейнага.

Яны сабраліся ля скверу, узялі гэтыя аркушы паперы з надпісам “Родная мова - Запрещено”. Узялі кветкі і рушылі да помніку беларускаму асьветніку Кірылу Тураўскаму. Што ў гэтым кепскага?!”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства