Час быў такі…

2005 2005-06-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кароткія развагі на бягучыя падзеі.

Нятак даўна ў Мінску скончыліся два вельмі сыптаматычныя судовыя працэсы супраць актывістаў дэмакратычнай апазіцыі. Я маю на ўвазе суды над актывістамі дэмакратычнага руху Паўлам Севярынцам, Міколай Статкевічам, Андрэем Клімавым. Усе трое абвінавачваліся ў арганізацыі групавых дзяньняў, парушаючых грамадскі парадак. Адказнасьць за гэтае злачынства прадугледжваецца 342 артыкулам Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Трэба адзначыць, што гэта ўжо не першая спроба прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці арганізатараў і актыўных удзельнікаў акцый пратэсту апазіцыі.
Пасьля Маршу свабоды 1999 года, падчас якога ў цэнтры Мінску адбыліся жорсткія сутычкі дэманстрантаў з сіламі АМАПу і Спецназу, крымінальныя справы па арт. 186-3 (аналагічны артыкул Крымінальнага кодэкса ў рэдакцыі 1960 г.) былі ўзбуджаныя адразу супраць пяці чалавек – старшыні партыі БСДП (НГ) Міколы Статкевіча, Валерыя Шчукіна і трох маладых людзей, якіх абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў “групавых дзеяньнях”. Прычым, Шчукін і Статкевіч былі зьмешчаныя пад варту ў СІЗА. Мікола Статкевіч трымаў галадоўку пратэсту. Трэба адзначыць, што Марш свабоды 1999 года сапраўды вайшоў у найноўшую гісторыю Беларусі жорсткасьцю сутычак дэманстрантаў з міліцыяй і сапраўды фашысцкімі расправамі АМАПу над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі падчас іх этапаваньня з пастарункаў у сьпецпрыёмнік- разьмеркавальнік. Дарэчы, хачу зазначыць, што вядомыя амаль усе прозьвішчы супрацоўнікаў АМАПу, якія ў тую ноч этапавалі затрыманых з гарадскіх РУУС на Акрэсьціна. Іх прозьвішчы, а таксама сьведчаньні некалькіх дзесяткаў ахвяраў катаваньняў, фігуравалі ў альтэрнатыўным дакладзе Праваабарончага цэнтру “Вясна” у камітэт ААН супраць катаваньняў. Прыдзе час і органы сьледства ўстановяць дакладную ролю кожнага з гэтых “адмарозкаў у форме” у падзеях у ноч з 17 на 18 кастрычніка 1999 г., а потым справядлівы і незалежны суд імём Рэспублікі Беларусь прымусіць кожнага з іх адказаць за свае дзеяньні. Адказаць так, як адказалі такія ж як яны за свае дзеяньні ў былой ГДР, Польшчы, Аргентыне, Чэхіі. Што яны скажуць тады ў сваё апраўданьне? Яны скажуць, што час быў такі, у іх былі сем’і, дзеці, іх трэба было карміць, таму яны зьбівалі затрыманых, кідалі іх на падлогу аўтобусу, хадзілі па іх нагамі, прымушалі жанчын сьпяваць песню “В траве сидел кузнечик” і засоўвалі мужчынам у горла гумавыя дубінкі.

Вяртаючыся да крымінальных справаў, узбуджаных супраць актывістаў апазіцыі ў 1999 годзе, трэба адзначыць, што ў адрозьненьні ад 2005 года, міжнародная супольнасьць яшчэ мела магчымасьці ўплыву на беларускі рэжым. У 1999 годзе А. Лукашэнку запрасілі на саміт краінаў удзельніц АБСЕ ў Стамбуле. Галоўнай умовай удзелу было неадкладнае вызваленьне і спыненьне крымінальнага перасьледу актывістаў апазіцыі. Улады былі вымушаныя вызваліць з СІЗА М.Статкевіча і В.Шчукіна. Аднак, крымінальныя справы не былі спыненыя ў адносінах да усіх пяцёх, трох зьехаўшых у Польшчу хлопцаў асудзілі завочна.
Сёньня на вуліцы 2005 год і А. Лукашэнка даўно не запрашаюць на саміты АБСЕ. У краіне ўсталяваная жорсткая аўтарытарная сістэма, краіна знаходзіцца яшчэ ў большай міжнароднай ізаляцыі. Дэманстрацыі апазіцыі сталі малалюдныя ў параўнаньні з 1999 годам. Усе баяцца. Страх апанаваў краіну. Але ёсьць яшчэ людзі не згодныя маўчаць і баяцца. Яны ўсё яшчэ выходзяць з пратэстам на вуліцы. Пасьля рэферэндуму 16 верасьня 2004 год на вуліцы Мінска некалькі дзён запар выходзілі людзі. Яны пратэставалі супраць нахабных фальсіфікацыў адбыўшыхся выбараў і рэферэндума. Рэферэндума, які першапачаткова насіў неканстытуцыйны характар і быў ськіраваны на далейшую узурпацыю ўлады ў краіне. Акцыі насілі выключна мірны характар, ніякакіх праяваў гвалту з боку дэманстрантаў не было.
Падобная акцыя адбылася ў Мінску і 25 сакавіка, Дзень волі. Усе дэманстрацыі скончыліся традыцыйна для апошніх некалькіх год – гвалтоўным разгонам міліцыі і масавымі затрыманьнямі ўдзельнікаў. Да адміністратыўных арыштаў былі прыгавораныя дзесяткі людзей, у тым ліку П.Севярынец і М.Статкевіч. Але гэтага ўладам падалося замала. Па падзеях 17-18 кастрычніка і 25 сакавіка былі ўзбуджаныя крымінальныя справы.
Вельмі цікава было слухаць пракурора Вадзіма Пазьняка, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачваньне ў абодвух судовых працэсах. Мне было цікава, ці разумее ён, як прафесійны юрыст, усю абсурднасьць і бязглуздзіцу таго што інкрымінуецца падсудным? Ці увогуле разумее ён, што адбылося 16 кастрычніка 2004 году ў краіне?
Абодва судовых працэсы нагадвалі нейкі тэатр абсурду. Людзей судзілі за тое, што яны пратэставалі супраць неканстытуцыйнага, сфальсіфікаванага рэферэндуму па бясконцым працягненьні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў А. Лукашэнкі!
Але чаму я зьдзіўляюся, ужо ж быў 1996 год, ініцыяваны парламентам імпічмент, заява тагачаснага страшыні ЦВК Віктара Ганчара аб невядомай колькасьці надрукаваных бюлетэняў па рэферэндуме, разгон парламенту. Мне цікава, а чым тады займаліся нашыя хвацкія органы пракуратуры і Дзяржябясьпекі? Чыю бясьпеку яны ахоўвалі тады і ахоўваюць зараз? Хібы яны, прафесійныя юрысты, не бачылі ў 1996 годзе тое, што праэкт зьменаў Канстытуцыі цалкам руйнуе сістэму падзелу галінаў улады ў краіне і вядзе яе да аўтакратыі? Ці можа яны не ведалі, што ў выніку рэферэндуму паўнамоцтвы прэзідэнта чамусьці працягваюцца на два лішнія гады? Хіба на рэферэндуме 1996 года народ запытвалі ці хочуць яны каб Лукашэнка кіраваў замест пяці год, на якія яго абралі, сем гадоў? Што яны думалі 16 кастрычніка 2004 году?
Я ўпэўнены, што ўсе яны ўсё разумеюць. Проста потым яны скажуць, што быў такі час, у іх былі сем’і, дзеці...
Вось і суддзя Есіновіч скажа потым тое самае. А пакуль ён прыгаварыў П. Севярынца з М. Статкевічам да трох гадоў “хіміі”, скінуўшы год з нагоды амністыі. Паводле прысуду Севярынец і Статкевіч арганізавалі грубае парушэньне грамадскага парадку, сарвалі працу грамадскага транспарту на 5 хвілін, крычалі і сьвесьцелі, чым заміналі мірным грамадзянам жыць і адпачываць.
А.Клімаў хоць рух транспарту і не перакрываў, усё адно прызнаны вінаватым у грубым парушэньні грамадскага парадку, паколькі быццам бы па ягоным закліку ў цэнтры гораду сабралося некалькі тысяч грамадзян, якія мірна пратэставалі супраць існуючага рэжыму. Ён таксама асуджаны на паўтары гады “хіміі”.
Трэба разумець, што зараз любыя несанкцыянаваныя акцыі апазіцыі ў цэнтры горада будуць кваліфікавацца праваахоўнымі органамі выключна як “грубае парушэньне” грамадскага парадку. Так хутка і да “ланцугоў неабыякавых людзей” дойдзе, удзельнікаў якіх, дарэчы ўсё часьцей сталі прыцягваць да адміністратыўнай адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванага пікету. Суды, арышты, штрафы, рэферэндумы. Час спыніўся.

Але ўсё мае свой пачатак і свой канец. Прыдзе такі час, калі сотні тысяч людзей стомленых “стабільнай дэбільнасьцю” стабільнасьці выдуць на вуліцы сталіцы і зробяць свой выбар на карысьць новай Беларусі. Будзе такі час.

В.С.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international