Аляксандр Мех: Адзін дзень – пяць сустрэч з выбаршчыкамі

2008 2008-09-04T16:04:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Мех, звольнены з працы за ўдзел у выбарах, вядзе пасьпяховую выбарчую кампанію 

3-га жніўня. У восем раніцы -- сустрэча ў “Беларусбанку”. Чалавек 60, у асноўным, жанчыны. Дырэктар банку карэктны. Забараняе рабіць фотаздымкі: рэжымная ўстанова. З разуменьнем, відаць, слухае адзін з трох важнейшых блокаў з праграмы кандыдата Меха пра адмену кантрактнай сістэмы. Сам знаходзіцца на кантракце.  

Далей сустрэча з асабістым складам МВД. Прыйшло да 50 афіцэраў. Ажывіла сустрэчу паведамленьне Аляксандра Меха пра тое, што валодае інфармацыяй: першапачаткова ў “сьпісе ўлады” быў кіраўнік Кобрыньскай міліцыі, які сядзіць за сталом наперадзе залы. Той не адмаўляе, кажа толькі, што мае сваё меркаваньне, што да ўдзелу альбо няўдзелу ў выбарах. Шмат пытаньняў напрыканцы сустрэчы. Больш было толькі 2 верасня ў Дзіцячай вёсцы. 

У ваенкамаце нешматлюдна, большую частку нечакана складаюць жанчыны. Затое ёсьць “Уголок избирателя”. Туды кладзеца газета з артыкулам пра звальненне Аляксандра Меха з працы і з стэнаграмай дыктафоннага запісу размовы ў кабінеце кіраўніка Кобрынскага аддзялення “Белтрансгазу” Галашкі. Ваенныя цікавяцца сацыяльнымі гарантыямі. Кантакт складаецца цяжкавата: усё ж армія. Калі Алесь Мех кажа пра катастрафічнае становішча з медыцынскім абслугоўваннем у Кобрыне, яго дружна падтрымліваюць жанчыны. Кіраўнік ваенкамата пярэчыць і пасля кароткай дыскусіі загадвае паклікаць штатнага доктара і кажа яму назаўтра забяспечыць гінекалагічны агляд. Доктар тактоўна пераводзіць размову на іншыя тэмы, пытае, ці патрэбная ў прынцыпе апазіцыя, і так далей. На жаль, яго выклікаюць. Найменш удалая сустрэча. 

У абедзенны перапынак сустрэча на птушкафабрыцы. Цікавая ўдвая: тым, што на пару з другім кандыдатам, Зазуляй Аляксандрам Іванавічам, і тым, што была перанесеная з учорашняга дня з-за малой яўкі. Цяпер сядзіць каля трохсот чалавек. Спрацаваў адміністратыўны рэсурс, кажа дырэктар. Зазуля кіраўнік фірмы (120 занятых), у мінулым камсамольскі функцыянер і афганец. Цяпер пракладвае газ па ўсёй Беларусі. Кажа, што быў камсамольцам і не шкадуе, а потым хваліцца, што спрыяў пабудове двух цэркваў, а цяпер закладвае трэцюю. Зала ўспрымае гэтую эклектыку моўчкі. Трапляе спадар Зазуля  на козыры, што праклаў мясцовым людзям газ, у Андронаве прынамсі. “Дык за нашы грошы!” – грыміць устаўшы на цэлы рост дзядзька. Зазуля пачынае апраўдвацца, што маўляў людзі плацілі 70 адсоткаў, і яшчэ колькі птушкафабрыка, і ён ёй доўга прабачаў пазыку… Праважаюць яго тым не менш апладысментамі. Аляксандр Мех потым заўважае, што і Зазуля, і дзеючы дэпутат (ужо 18 гадоў) Кучынскі у 90-я былі ў БНФ. 

Аргумент па газу кандыдата А.Меха больш блізкі слухачам: падчас пракладкі адной лініі інжынер Мех збіў каштарыс фірмы-падрадчыка ў тры разы, з паўтара мільёнаў да 500 тысячаў за адзінку. Выклікае негатыўныя эмоцыі палітычнае звальненне спадара Меха. Аднак працаўнікі фабрыкі самі ў стане дэпрэсіі: не прадаецца прадукцыя. Інфармацыя, агучаная кандыдатам, што яму сказалі, нібыта тут зарабляюць ад 500 тысяч да мільёна двухсот, выклікае буру адмоўных эмоцый. Знаходзіцца ў зале цьвёрды і лагічны крытык Меха, які кажа, што той прыйшоў без праграмы. “Дык і Зазуля быў без праграмы, чаго ты тады сядзеў”, крычаць яму з залы. Завязваецца дыскусія. Аднак аргументы Меха, што трэба найперш вывесці з-пад удару дзяцей (спыніць ломку сярэдняй школы і адмяніць платную вышэйшую адукацыю), знаходзяць падтрымку.  Дырэктар адчувае крыўду, што Мех у кабінеце прыпомніў яму грэх мінулых выбараў (калі быў дырэктарам рэстарана, загадаў  зняць ягоны агітацыйны плакат). Таму пытаецца: “Вось вы ўсё крытыкуеце, а хоць што можаце назваць станоўчае, што зроблена ўладамі? Няўжо ўсім жывецца дрэнна?” Кандыдат парыруе, што не ўсім, прыкладам, дырэктарам. Народ аж выбухае смехам. Але і дырэктарам, кажа спадар Мех, не цукар, бо і яны на кантракце, і іх могуць умомант прагнаць з працы. Яго таксама праважаюць апладысментамі. Усё-ткі народ успрымае гэта збольшага як шоў. Нават тое, што іх сагналі на сустрэчу.

На “Гідрамашы” ў адгароджанай частцы ангару чалавек сто рабочых у замасленых спяцоўках на лаўках. Начальства кажа, завод прырастае: запчасткі да “МАЗаў” разыходзяцца добра. Але як усё выглядае, як апранутыя і глядзяць людзі, то даволі дэпрэсіўна. Кандыдат кажа пра прафсаюзы, якія сыгралі кепскую ролю пры ягоным звальненні, пра тое, што павінныя абараняць работнікаў. Дык на Захадзе ёсць забастовачныя фонды, кажа адзін рабочы. А у нас два дні пабастуеш, а на трэці пачнеш паміраць з голаду. Людзей мала цікавяць праблемы адукацыі. Спагадна слухаюць, што многія з кобрыньцаў з’ехалі на заробкі ў Расію, што ўжо шмат трунаў прыехала з тых заробкаў. Насцярожана пра замежныя інвестыцыі, прывезены Мехам з Чэхіі досвед усталявання за горадам прамысловых зонаў з прыцягненнем інвестараў па конкурсе і заробкамі  да 1 500 даляраў. Адзін блытае інвеставанне  з акцыянаваннем і кажа, што ведама, як купляюць прадпрыемства і потым выстаўляюць усіх на вуліцу. Потым і адзін з афіцэраў вытворчасці пацвярджае: цыркулюе думка, што пасля куплі МАЗу Дзерыпаскам зачыняць і галаўное прадпрыемства, і такія, як Кобрынскі “Гідрамаш”, заводы-спадарожнікі. У цэлым тут, як і ўсюды, учыненая кандыдату несправядлівасць прыносіць яму падтрымку вялікай большасці ўдзельнікаў сустрэчы. Вітаецца і тое, што ў яго ёсць каманда, але часта людзі кажуць: каб перамагчы тое, што нарасло, трэба каманду большую і мацнейшую. Паводле прыблізных апытанняў, слоган “МЕХУ РАБОТУ ДЭПУТАТА” падтрымліваюць да 80% тых, хто быў на сустрэчах. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 



Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international