Аналіз этапа рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

2008 2008-09-03T13:49:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” правялі аналіз этапа рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ чацвёртага склікання. 

Заканадаўчае рэгуляванне

У адпаведнасці з артыкулам 69 Канстытуцыі, права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 70 дзён і заканчваецца за 40 дзён да выбараў (арт. 60 ВК). Паводле каляндарнага плану арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання,  вылучэнне кандыдатаў пачынаецца 20 ліпеня і сканчаецца 18 жніўня.

Парадак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты рэгулюецца арт. арт. 62, 63, 65 ВК.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад палітычных партый ажыццяўляецца вышэйшымі органамі палітычных партый пры ўмове, што на тэрыторыі, якая адпавядае выбарчай акрузе, прысутнічае створаная ва ўстаноўленым парадку да прызначэння выбараў арганізацыйная структура палітычнай партыі, якая вылучае кандыдата ў дэпутаты. Палітычная партыя мае права вылучыць па кожнай выбарчай акрузе па выбарах у Палату прадстаўнікоў толькі аднаго кандыдата ў дэпутаты з ліку сяброў гэтай палітычнай партыі.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад працоўных калектываў арганізацый ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) выбаршчыкаў у працоўных калектывах.

Сходы (канферэнцыі) выбаршчыкаў у працоўных калектывах арганізацый, размешчаных на тэрыторыі выбарчай акругі, якія налічваюць не меней 300 чалавек, якія працуюць і маюць права юрыдычнай асобы, склікаюцца адміністрацыяй арганізацыі як па ўласнай ініцыятыве, так і па ініцыятыве групы выбаршчыкаў у колькасці не меней 150 чалавек, якія працуюць у арганізацыі.

На сходзе павінна прысутнічаць больш паловы складу працоўнага калектыва. Канферэнцыі ў працоўных калектывах праводзяцца, калі скліканне сходаў абцяжаранае па прычыне вялікай колькасці работнікаў, шматзменнасці або тэрытарыяльнай раз'яднанасці структурных падраздзяленняў, і правамоцныя пры ўдзеле ў іх працы не меней двух трацін дэлегатаў, абраных у парадку, устаноўленым працоўным калектывам. Рашэнне сходу (канферэнцыі) працоўнага калектыва прымаецца большасцю галасоў яго ўдзельнікаў.

Працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Вылучэнне кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў ажыццяўляецца групай выбаршчыкаў (ініцыятыўнай групай) у колькасці не меней 10 чалавек. Спіс сяброў ініцыятыўнай групы з указаннем яе кіраўніка разам з заявай аб рэгістрацыі групы падаецца ў адпаведную акруговую выбарчую камісію не пазней чым за 65 дзён да выбараў асобай, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у дэпутаты.

Асобу, якая прапануецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па выбарчай акрузе групай выбаршчыкаў, павінны падтрымаць не меней 1000 выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі дадзенай выбарчай акругі.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 40 дзён да выбараў і заканчваецца за 30 дзён да выбараў. 

У асобных выпадках тэрмін рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па матываваным рашэнні Цэнтральнай камісіі можа быць падоўжаны, але не больш чым на пяць дзён.

Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты прымаецца пры наяўнасці ўсіх неабходных дакументаў, якія паступілі ў адпаведную акруговую выбарчую камісію да пачатку рэгістрацыі.

Да рэгістрацыі дапускаецца любая колькасць кандыдатаў у дэпутаты.

Кандыдат у дэпутаты можа балатавацца толькі па адной выбарчай акрузе. Пры вылучэнні кандыдата ў дэпутаты па некалькіх выбарчых акругах аб згодзе балатавацца па вызначанай выбарчай акрузе і аб адмове балатавацца па астатніх выбарчых акругах кандыдат у дэпутаты паведамляе адпаведнай акруговай выбарчай камісіі не пазней, чым праз тры дня пасля заканчэння тэрміна вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Невыкананне дадзенага патрабавання з'яўляецца падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты па ўсіх выбарчых акругах. Заява аб адмове балатавацца падаецца толькі ў тыя акруговыя выбарчыя камісіі, у якія прадстаўленыя дакументы аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты.

Акруговая выбарчая камісія, устанавіўшы адпаведнасць парадку вылучэння кандыдата ў дэпутаты патрабаванням ВК, прымае рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.

Аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты акруговая выбарчая камісія складае пратакол. Пратакол аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты разам з копіямі заяваў аб згодзе балатавацца па дадзенай выбарчай акрузе, анкетамі (біяграфічнымі дадзенымі) асобаў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты, дэкларацыямі аб прыбытках і маёмасці прадстаўляецца ў Цэнтральную камісію. Арыгіналы дакументаў павінны знаходзіцца ў акруговай выбарчай камісіі. Да пратаколу аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, перададзенаму ў Цэнтральную камісію, прыкладаюцца, калі яны маюцца, асобыя меркаванні сяброў акруговай выбарчай камісіі і прынятыя па іх рашэнні.

Акруговая выбарчая камісія ў двухдзённы тэрмін пасля рэгістрацыі выдае кандыдатам у дэпутаты адпаведныя пасведчанні.

Акруговая выбарчая камісія не пазней чым на чацвёрты дзень пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты перадае ў сродкі масавай інфармацыі для апублікавання паведамленне аб рэгістрацыі з указаннем прозвішча, імя і імя па бацьку, даты нараджэння, прафесіі, пасады (занятку), месца працы і месцы жыхарства, партыйнасці кожнага кандыдата ў дэпутаты або інфармуе аб гэтым выбаршчыкаў іншым спосабам. 

Вылучэнне  і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты 

Па дадзеных Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вылучыліся 365 чалавек. З іх 276 чалавек зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты.

З іх 119 чалавек былі вылучаныя шляхам збору подпісаў, 96 - падвойным спосабам (шляхам збору подпісаў грамадзян і працоўнымі калектывамі), 20 - грамадзянамі і палітычнымі партыямі, 4 - патройным спосабам (грамадзянамі, партыямі і працоўнымі калектывамі), 11 - працоўнымі калектывамі, 26 - палітычнымі партыямі.

84 патэнцыйным кандыдатам было адмоўлена ў рэгістрацыі (што складае 23 % ад агульнай колькасці тых, хто вылучаўся у кандыдаты ў дэпутаты)

Большасць прадстаўнікоў АДС, вылучаныя рознымі спосабамі, былі зарэгістраваныя.  З 98 чалавек, вылучаных суб’ектамі АДС, зарэгістравана 76 чалавека, што складае 77,5 % ад агульнай колькасці вылучаных. Са спісу "Еўрапейскай кааліцыі", якая вылучыла 51 чалавека - 23 зарэгістравана (45 %). У цэлым, з 149 чалавек, вылучаных дэмакратычнымі сіламі, зарэгістраваныя 99 чалавек (66,5 %).  На выбарах 2004 г. з 227 чалавек, вылучаных "5+", 126 чалавек былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты (каля 55 %).

З 29 прадстаўнікоў АГП 26 зарэгістравана, з Партыі БНФ адпаведна з 21 - 16, ПКБ з 18 - 13, КПБ з 17 - 13, БСДП ("Грамада") з 14 - 11, ЛДПБ з 9 - 8, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці з 5 - 3, адзін прадстаўнік зарэгістраваны ад Аграрнай партыі.

З ліку 56 асоб, вылучаных з'ездамі партый, - кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістравана 50 чалавек.

З ліку партыйных лідэраў не зарэгістраваныя намеснікі старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч.

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты налічавецца 58 жанчын (21 % ад агульнага ліку зарэгістраваных), 18 грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў (6,5 %), 38 кандыдатаў з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання (13,8 %).

У 12 акругах выбары пройдуць безальтэрнатыўна: Наваполацкая № 25 (Антонава І.У. - галоўны доктар дзіцячай паліклінікі "Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца"), Рагачоўская  № 45 (начальнік кіравання ЖКГ Гомельскага аблвыканкама Міхасёў У.І.), Пінская-сельская № 15 (генеральны дырэктар ААТ "Пінсксаўхазбуд" Шэўчык К.Ф.), Ваўкавыская № 48 (старшыня Зельвенскага райвыканкама Эльяшэвіч Л.У.), Мастоўская № 56 (першы намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Сцяпура Ў.І.), Наваградская № 57 (дырэктар РСУП "Племзавод Карэлічы" Богуш Філіп Філіпавіч), Маладзечанская-сельская № 71 (начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - Сінякоў Уладзімір Яўцэхавіч), Івацэвіцкая № 11 (генеральны дырэктар ГУПП "Івацэвіцкае ЖКГ" Кавалевіч Л.Н.), Смаргоньская № 59 (дэпутат Палаты прадстаўнікоў - Голубева Таццяна Генадзеўна), Шчучынская № 60 (намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама - Бірукова Марыя Міхайлаўна), Барысаўская № 63 (генеральны дырэктар РУП "Барысаўхлебпрам" - Гур'янаў Васіль Паўлавіч), Нясвіжская № 72 (дырэктар УО "Шчэпічская ГАСШ" Клецкага раёна - Новік Алена Аляксандраўна),

Па выніках рэгістрацыі незарэгістраваныя вылучэнцы накіравалі 9 скаргаў аб адмове ў рэгістрацыі (па дадзеных на 30 жніўня). 3 верасня Цэнтравыбаркам пачне працэс разгляду заяваў.

Закрытасць паседжанняў акруговых камісій 

Паседжанні акруговых камісій, на якіх праводзілася праверка сабраных подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асобаў, якія вылучаюцца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты,  і праверка іншых дакументаў (заяваў, дэкларацыяў аб прыбытках і маёмасці), пададзеных для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, у  пераважнай большасці выпадаў праводзіліся акруговымі камісіямі без прысутнасці зарэгістраваных назіральнікаў. На вусныя і пісьмовыя звароты назіральнікаў аб прысутнасці на паседжаннях камісій пры праверцы подпісаў і пададзеных дакументаў для рэгістрацыі акруговыя камісіі адказвалі адмовай і паведамлялі, што назіральнікі абавязкова будуць запрошаныя на паседжанні акруговых камісій, на якіх будуць разглядацца пытанні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. 

Выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу 

У параўнанні з мінулымі выбарамі ў парламент, якія былі праведзеныя ў 2004г., істотна скарацілася колькасць кандыдатаў, вылучаных працоўнымі калектывамі.

Назіральнікі паведамляюць аб выкарыстанні адміністратыўнага рэсурсу пры зборы подпісаў.

За вылучэнцаў ад улады подпісы збіраліся нават не сябрамі ініцыятыўных груп. Так, па звестках назіральніка Е. Парчынскага, завуч СШ № 18 г. Полацку Ірына Зімніцкая паведаміла, што іх школе было даведзена заданне сабраць не меней двухсот подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ППНС намесніка старшыні аблвыканкама  П. Южыка.  У выпадку ж невыканання гэтага распараджэння ўсе настаўнікі гэтай навучальнай установы маглі б быць пазбаўленыя прэміі. Начальнікам  Глыбоцкага  раённага  архіва  была  даведзеная  мінімальная  норма  да  кожнага  работніка  арганізацыі сабраць  па  30  подпісаў  у  падтрымку  старшыні  аблвыканкама  У. Андрэйчанкі. 

Датэрміновая агітацыя

Назіральнікамі адзначаецца агітацыйная кампанія, якую пачалі праўладныя прэтэндэнты ў кандыдаты. У якасці агітацыі актыўна выкарыстоўваліся разнастайныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі, жыхарамі гарадоў, правядзенне прыёмаў з грамадзянамі па разнастайных праблем і пытаннях, публікацыя артыкулаў у дзяржаўных СМІ пра прэтэндэнтаў, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах,.

Старшыня гарадзенскага гарвыканкама Аляксандр Антоненка, які балатуецца па Гарадзенскай Занёманскай акрузе № 49, вырашыў  сустрэцца з гарадзенцамі ў ЖЭСе № 20, які знаходзіцца на тэрыторыі той акругі, дзе ён збіраецца балатавацца. Гэта падавалася як сустрэча Аляксандра Антоненко з жыхарамі горада. Але жыхары не памятаюць, каб за ўвесь час знаходжання старшыні гарвыканкама на сваёй пасадзе той выказваў такое жаданне. Таму незалежныя назіральнікі схіляюцца да думкі, што гэтая сустрэча нішто іншае, як датэрміновая агітацыя кіраўніка выканкаму горада.

У Шчучынскай акрузе № 60 1 жніўня праходзіла сустрэча з вылучанай кандыдатам у дэпутаты па гэтай акрузе - намеснікам старшыні Гарадзенскага аблвыканкама М. Біруковай. Сустрэча адбывалася ў г. Шчучыне з працаўнікамі ЦРБ і ААТ "Васілішкі". У газеце Світанак № 61 ад 5 жніўня 2008 г. у артыкуле "У парламенце павінны быць годныя!" была размешчаная інфармацыя аб Біруковай.

Па інфармацыі назіральнікаў, працягвалася публікацыя матэрыялаў, якія можна расцэньваць як датэрміновую агітацыю за прэтэндэнтаў у кандыдаты ад улады. Так, газета "Світанак" (№ 92 19.08.2008) змясціла чарговы разгорнуты матэрыял пра дэпутата ПП НС па Брэсцкай-Заходняй акрузе № 1 А. Вялічку, які ўзначальвае парламенцкую камісію па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі. Артыкул "Алег Вялічка: "Умець бачыць далягляд..." носіць тэндэнцыйны хвалебны характар. "Гэтага чалавека сёння, безумоўна, ведае ўся краіна… - піша аўтар. - Ён трымае руку на пульсе тых сфераў нашага жыцця, якія хвалююць практычна кожнага чалавека". "Брэсцкая газета"  (№34 ад 22.08.2008) у рубрыцы "Самае каштоўнае"  таксама змясціла матэрыял, прысвечаны  А.Вялічку, пад назвай "За жыццё людзей у адказе". 

Ціск на сяброў ініцыятыўных груп па зборы подпісаў 

Даволі распаўсюджанымі  былі выпадкі, калі на сяброў  ініцыятыўных груп дэмакратычных кандыдатаў ажыццяўлялася ціск з патрабаваннем спыніць сваю дзейнасць па зборы подпісаў грамадзян. Для гэтага выкарыстоўваўся факт крымінальнай справы па факце выбуху ў Менску 04.07.2008г. Так, Кастусь Жукоўскі, вылучаны ў якасці кандыдата па 38 Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе,  накіраваў скаргу ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў РАУС Цэнтральнага раёна Гомеля. "На сяброў маёй ініцыятыўнай групы, Сяргея Трыфанава і Марыю Тульжанкову, аказваюць ціск", - сцвярджаў Жукоўскі. 24 ліпеня Трыфанаву некалькі разоў тэлефанавалі з Цэнтральнага РАУС, запрашаючы на гутарку па справе аб выбуху ў ноч з 3 на 4 ліпеня ў Менску. Калі Сяргей адмовіўся прыходзіць без позвы, яму пачалі пагражаць па тэлефоне і заявілі, што ён выклікаецца ў аддзел як абвінавачваемы. Марыі Тульжанковай таксама паступалі падобныя званкі. Сам Сяргей Трыфанаў звярнуўся ў міліцыю з просьбай прыцягнуць супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС да адказнасці.

Мелі месца і выпадкі ціску на выбаршчыкаў у сітуацыі, калі станавілася відавочным, што яны падпісаліся за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты дэмакратычнага прэтэндэнта. Так, 20.08.2008 галоўны доктар Добрушскай бальніцы Ала Маскаленка выклікала да сабе медсясцёр, якія паставілі свае подпісы за вылучэнне актывіста апазіцыі Адама Варанца, і правяла з імі гутарку. Падчас гэтай гутаркі яна выказала меркаванне, што дзяржаўным службоўцам (у тым ліку медсёстрам дзяржаўнай установы) нельга ставіць подпісы за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў. Паўсюдна  на  сяброў  ініцыятыўных  груп  дэмакратычных  кандыдатаў  аказваўся  ціск з  боку  кіраўніцтва  прадпрыемстваў, праваахоўных  органаў  і  спецслужбаў. Невядомыя  ў  цывільным  некалькі  разоў  спрабавалі  фатаграфаваць  падчас   збору  подпісаў  сябра  ініцыятыўнай групы ў  падтрымку  І. Валяева ў г. Наваполацку  Лідзію  Карповіч  (акруга № 17). Ёй пагражалі  судовым пераследам і  высяленнем  з  інтэрната, дзе  яна  пражывае  са  сваімі  непаўналетнімі   дзецьмі.  Л. Карповіч была вымушаная напісаць  заяву, што  яна  не  будзе  больш  зборшчыкам  подпісаў.

27 ліпеня  ў г. п. Ушачы падчас  збору  подпісаў  былі  затрыманыя  супрацоўнікамі  мясцовага  РАУС сябры  ініцыятыўнай групы  Я. Берніковіча  Вольга Дамаскіна  і  Аляксей  Трубкін.  Матывавалася  гэта  тым, што  ў раёне  пачасцелі  выпадкі  кватэрных  крадзяжоў. У  сяброў ініцыятыўнай групы  былі  правераныя  дакументы  і  перапісаныя  пашпартныя  дадзеныя.

У  разгар  выбарчай  кампаніі  рэпрэсіям  падвергся  прэтэндэнт у кандыдаты, участковы  інспектар  Чыгуначнага  РАУС г. Віцебска  А. Левінаў, які зарэгістраваў  сваю  ініцыятыўную  групу  ў  акрузе № 19.  Супраць непадкантрольнага  афіцэра  міліцыі  пачаліся  масавыя  праверкі  яго  дзейнасці, пракуратура пачала праводзіць службовае расследаванне, пасыпаліся  пагрозы  і  патрабаванні  звольніцца  з  шэрагаў  МУС, у чым  асабліва  атрымалі поспех  начальнік  РАЎС  падпалкоўнік  Блажэвіч,  яго  намеснік  маёр  Тычак,  прадстаўнік  УУС  падпалкоўнік  Пранько.  Была  зроблена  нават  правакацыя ў выглядзе нібыта  ўчыненай  бойкі прэтэндэнта ў кандыдаты са сваім калегам.  Вынікам стала  звальненне  А.Левінава  з  органаў  унутраных  спраў па  ініцыятыве  начальніка  УУС палкоўніка  Л. Фармагея.

Назіральнікамі адзначаны адносна спакойны (без перашкодаў) збор подпісаў зарегістраванымі ініцыятыўнымі групамі апазіцыйных прэтэндэтаў у кандыдаты па акругах Гарадзенскай вобласці, па якіх ажыцяўляўся маніторынг. Назіральнікі адзначаюць, што ўпершыню за апошнія гады ў Гародні і іншых гарадах вобласці быў дазволены збор подпісаў на вуліцах. Ініцытыўныя групы актыўна карысталіся такім відам збору подпісаў і арганізоўвалі вулічныя пункты, папярэдне ўзгадніўшы іх з акруговымі камісіямі і раённымі управамі МУС.  Праўда, трэба адзначыць, што праца ініцытыўных групаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў на вуліцы праходзіла пад пільным і пастаянным наглядам з боку радстаўнікоў МУС і КДБ, райвыканкамаў і акруговых камісій. Натуральна, гэта датычылася выключна ініцыятыўных групаў апазіцыйных  кандыдатаў. Пры гэтым імі старанна правяраліся дакументы сябраў ініцытяўных групаў, які збіралі подпісы, друкаваныя матэрыялы і г.д.

Аднак у адносінах да некаторых дэмакратычных вылучэнцаў усе ж мелі месца выпадкі ціску. Адзін з інцыдэнтаў, які адбыўся на Гарадзеншчыне на этапе збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, датычыў затрымання супрацоўнікамі міліцыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў якасці каныдата ў дэпутаты кіраўніка абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна. Паводле словаў Істоміна, ягоная ініцыятыўная група 18 жніўня 2008 г. (апошні дзень здачы дакументаў на рэгістрацыю) збірала ў Наваградку подпісы за свайго вылучэнца. Увесь час за імі сачылі супрацоўнікі міліцыі. Калі подпісы былі сабраныя, ініцыятыўная група сабралася, каб выверыць іх і падаць на рэгістрацыю. Акурат у гэты момант супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх і адтранспартавалі ў мясцовы РАУС. Там ім сказалі, што ініцыятыўная група Істоміна займалася датэрміновай агітацыяй. На пытанне, калі і кім былі дадзеныя паўнамоцтвы міліцыянтам вырашаць, што з’яўляецца агітацыяй, а што не, у РАУСе адказаць не змаглі, але запатрабавалі ад затрыманых пісьмовыя тлумачэнні. Адпусцілі ініцыятыўную групу і самога Істоміна толькі каля сямі гадзінаў вечара, калі зацвердзіць подпісы і падаць паперы на рэгістрацыю кандыдата ўжо не было часу. Як стала пазней вядома, пракуратура Наваградскага р-на распачала адміністратыўную справу ў дачыненні ды Ю. Істоміна па артыкуле, які прадугледжвае адказнасць за парушэнне заканадаўства аб выбарах. Паводле пракуратуры, Ю. Істомін парушыў дзеючае заканадаўства тым, што праводзіў датэрміновую агітацыю, раздаючы газету "Народная воля", у якой быў змешчаны артыкул пра яго. Акрамя таго, Наваградскі райвыканкам даслаў ліст на адрас кіраўніцтва АГП, у якім напісаў, што, нягледзячы на сваё затрыманне, Істомін нібыта яшчэ меў час для падачы дакументаў у акруговую камісію, але сам іх не падаў. 

Разгляд скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў запланаваны на 3 верасня. Па іх выніках будуць удакладненыя дадзеныя аб выніках рэгістрацыі і прычынах адмоваў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international