«Бобруйский курьер» атрымаў два папярэджанні

2008 2008-08-30T13:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адразу два папярэджанні атрымала ад Міністэрства інфармацыі недзяржаўная грамадска-палітычная газета «Бобруйский курьер». Як паведаміў кіраўнік сектару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананнем заканадаўства Мінінфармацыі Віктар Гурэцкі, папярэджанні грунтуюцца на трох артыкулах Закона «Аб друку і іншых СМІ» — 11 («Перарэгістрацыя СМІ»), 26 («Выходныя дадзеныя») і 32 («Права на атрыманне інфармацыі»).

Паводле сп. Гурэцкага, папярэджанні, падпісаныя намесніцай міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч, ужо накіраваныя ў рэдакцыю «Бобруйского курьера».

«На 105 адсоткаў ёсць парушэнні. Няхай выпраўляюцца, альбо будуць іншыя рашэнні», — зазначыў Гурэцкі. Па інфармацыю адносна прычын вынясення «Бобруйскому курьеру» папярэджанняў чыноўнік накіраваў да галоўнага рэдактара газеты.

Рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка, які днямі меў асабістую размову са сп. Гурэцкім, агучаныя прэтэнзіі да свайго выдання лічыць надуманымі.

Як зазначыў журналіст у гутарцы з прэс-службай БАЖ, асноўнай нагодай для вынясення «БК» папярэджання стала публікацыя ў адным з ліпеньскіх нумароў газеты інфармацыі пра тое, што Бабруйск адсвяткуе 27 ліпеня дзень падпісання дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. Між тым, Бабаруйскі гарвыканкам у гэты дзень ладзіў фестываль здаровага ладу жыцця «Скажы здароўю — так!», прысвечаны году здароўя і Алімпійскім гульням у Пекіне. (Публікацыя была рэмэйкам артыкулу з інтэрнет-сайту babruisk.belarda.org, аднак Мінінфармацыі гэта за аргумент не палічыла).

«Пасля выхаду нашай публікацыі мы атрымалі ліст за подпісам начальніка аддзелу ідэалагічнай працы Бабруйскага гарвыканкама Аляксандра Маркачова. Чыноўнік выказаў абурэнне, што мы надрукавалі недакладную інфармацыю, і паабяцаў накіраваць скаргу ў Мінінфарм», — расказаў Анатоль Санаценка. Журналіст упэўнены, што менавіта гарадскія ўлады з'яўляюцца ініцыятарамі санкцый да яго газеты: «Яны хочуць, каб усё было падкантрольна ім, каб яны заўсёды маглі патэлефанаваць рэдактару і сказаць, кранаць ці не кранаць нейкую тэму...»

Акрамя спрэчнай нататкі пра святкаванне 27 ліпеня, у Мініфармацыі ўзніклі прэтэнзіі да тэрыторыі распаўсюду газеты і мовы выдання.

Па словах Санаценкі, чыноўнікі ўгледзелі парушэнне ў тым, што газета зарэгістраваная як рэспубліканскае выданне, але распаўсюджваецца па падпісцы толькі ў Магілёўскай вобласці. Галоўны рэдактар кажа, што выданне проста не ўключаюць у рэспубліканскі падпісны каталог.

Што да мовы, Мінінфармацыі палічыла, што выданне не вытрымлівае балансу паміж беларускамоўнымі і рускамоўнымі матэрыяламі. «Паколькі ў рэгістрацыйным пасведчанні нашага выдання пазначаныя дзве мовы — руская і беларуская, значыць, па словах сп. Гурэцкага, у кожным нумары павінныя быць матэрыялы на абедзвюх мовах — пажадана 50% на рускай і 50% на беларускай, — кажа Анатоль Санаценка. — Але ж у Законе аб СМІ нідзе не вызначана, колькі ў адсотках павінна быць публікацый на кожнай мове, а таксама што ў кожным нумары абавязкова павінны быць матэрыялы на абедзвюх мовах».

Нагадаем, у снежні мінулага года «Бобруйский курьер» ўжо атрымаў адно папярэджанне па арт. 32. Тады нагодай стала слова «мітынг», якім газета назвала ўрачыстае мерапрыемства, якое ладзілася 7 лістапада на цэнтральнай плошчы горада да 90-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international