viasna on patreon

Віцебск: Назіральнікам "забылі" паведаміць пра змены ў часе паседжанняў акруговых камісій

2008 2008-08-28T16:16:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 жніўня адбыліся паседжанні акруговых камісій Віцебскай-Горкаўскай (№17), Віцебскай-Чкалаўскай (№18) і Віцебскай Кастрычніцкай (№20) выбарчых акруг, на якіх вырашалася пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

Пачатак усіх паседжанняў быў запланаваны на 10 гадзін. Усе зацікаўленыя асобы былі напярэдадні апавешчаныя пра час, дату і месца паседжанняў камісій. Аднак у аўральным рэжыме, без тлумачэння якія-небудзь прычын, паседжанне акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акругі №17 пачалося ў 09 гадзін. Назіральнікаў "забылі" праінфармаваць пра змены ў часе паседжання камісіі, але не забылі праінфармаваць пра гэта ідэолага адміністрацыі Першамайскага раёна г.Віцебска Мікалая Шлюпакова. З 13 сяброў камісіі прысутнічалі толькі 9.

Камісія, разгледзеўшы дакументы старшыні Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Генадзя Грыцкевіча, абвясціла рашэнне аб рэгістрацыі яго кандыдатам і абвясціла перапынак да 10 гадзін. Да гэтага часу прыбылі яшчэ два сябры камісіі, тры назіральнікі ад дзяржструктур і незалежны журналіст Алена Сцяпанава. Камісіяй былі разгледжаныя пакеты дакументаў прэтэндэнтаў Таццяны Севярынец (дэмакратычная актывістка) і Алены Фаміной (ЕС).

Таццяна Севярынец зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты, Алене Фаміной было адмоўлена ў сувязі з падачай несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў і недакладных звестак аб нерухомай маёмасці (скрыла 2 (дзве) кватэры).

Паседжанне акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 таксама пачалося на адну гадзіну раней. І тут назіральнікаў "забылі" праінфармаваць пра змену часу пачатку паседжання. Намесніка аддзела адміністрацыі Першамайскага раёна г.Віцебска Уладзіміра Цярэнцьева пры гэтым праінфармавалі пра перанос часу пачатку паседжання.

На паседжанні камісіі быў разгледжаны пакет дакументаў прэтэндэнта на дэпутацкі мандат, галоўнага ўрача УЗ "Віцебская абласная клінічная бальніца" Віктара Аўчыннікава. Рашэннем камісіі Віктар Аўчыннікаў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Пасля гэтага ў працы камісіі таксама быў абвешчаны перапынак да 10 гадзін. Пасля перапынку камісія (11 з 13 сяброў) прыняла рашэнне зарэгістраваць кандыдатамі ў дэпутаты Аляксея Гаўруцікава (ЕС) і Аляксандра Гудкова (цяперашні дэпутат).

Прэтэндэнту на дэпутацкі мандат Ірыне Яскевіч (АДС) было адмоўлена ў рэгістрацыі з прычыны падачы несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў і пасады па месцы працы.

У працы камісіі пасля перапынку прымалі ўдзел таксама 3 назіральнікі: два ад органаў улады, адзін праваабаронца.

Паседжанне акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20 пачалося ў тэрмін. Камісія працавала ў поўным складзе. Прысутнічалі 6 назіральнікаў: ад ПКБ, ГА "БРСМ", два праваабаронцы, двое ад місіі АБСЕ.

Камісіяй было прынята рашэнне аб рэгістрацыі ўсіх прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат кандыдатамі ў дэпутаты: Сяргея Белавусава (ЛДПБ), Аляксандра Вінаградава (ПКБ), Галіны Козыравай (ЕС) і Аляксандра Ласякіна (дырэктар УА "Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж").

Былі прызнаныя несапраўднымі 136 подпісаў выбаршчыкаў з 1141 здадзеных, прадстаўленых за Аляксандра Вінаградава. Аднак ён быў зарэгістраваны, бо вылучаўся яшчэ і з'ездам ПКБ.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства