Зноў грамадзяне супраць Менскага гарвыканкаму

2008 2008-08-19T12:51:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца судовы працэс паводле пазову грамадзянаў, якія дамагаюцца вяртаньня льгот у карыстаньні грамадзкім транспартам.

У канцы чэрвеня група грамадзянаў падала ў Менскі гарвыканкам заяву аб правядзеньні сходу ініцыятыўнай групы, якія дабіваюцца вяртаньня льготы ў карыстаньні грамадзкім транспартам. Заяўнікі знайшлі ў горадзе тры пляцоўкі, дзе маглі б сабрацца, але чыноўнікі Менгарвыканкаму адмовілі ва ўсіх трох варыянтах, прычым без тлумачэньня дакладных прычын. Пра сёньняшні суд – Генадзь Фядыніч, адзін з аўтараў пазову:

“Мы ведаем, як нашы суды судзяць, але мы ўпэўненыя ў тым, што сход свой правядзем. І хай улады гэта ведаюць. Тое, што зрабіла ўлада адносна пэнсіянэраў, студэнтаў і навучэнцаў, не вытрымлівае ніякай крытыкі”.

Паводле Генадзя Фядыніча, пазбаўленьне льготы моцна ўдарыла па кішэнях пэнсіянэраў, студэнтаў, навучэнцаў і іх бацькоў. На праезд зь іх спаганяюць усё больш грошай, між тым прыбыткі не растуць, а наадварот – падаюць. “Плата за навучаньне для студэнтаў трывала падвышаецца”, – прыводзіць прыклад Генадзь Фядыніч. Калі ініцыятары заявілі пра намер зьбіраць подпісы за вяртаньне льготы, кажа прафсаюзны актывіст, сотні людзей выявілі жаданьне далучыцца да гэтай ініцыятывы. Менавіта тая актыўнасьць і спалохала чыноўнікаў гарвыканкаму, мяркуе Генадзь Фядыніч.

У Менгарвыканкаме рашуча абверглі меркаваньне, што гарадзкія ўлады нібыта стрымліваюць законныя ініцыятывы грамадзян. Кажа Алена Лёгкая, кіраўнік прэсавай службы:

“Гарвыканкам зацікаўлены ў тым, каб людзі выказвалі свае меркаваньні і заўсёды ідзе насустрач насельніцтву. Але ёсьць парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў, ёсьць закон. Калі яго парушаюць, пытаньне вырашаецца ў судзе”.

Разам з Генадзем Фядынічам інтарэсы ініцыятыўнай групы ў судзе будуць адстойваць Уладзімер Страх, Мікалай Пахабаў і Ігар Комлік. Яны вырашылі не наймаць адваката. “Два з нас маюць юрыдычную адукацыю”, – сказаў Генадзь Фядыніч.

Калі суд стане на бок грамадзян, і Менгарвыканкам дазволіць правесьці ініцыятыўны сход, а потым ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная ў Цэнтарвыбаркаме, у актывістаў будзе месяц, каб сабраць 50 тысяч подпісаў і ініцыяваць вяртаньне льготы на праезд праз парлямэнт. Гэтай льготы школьнікі, студэнты, навучэнцы і пэнсіянэры пазбавіліся ў сьнежні 2007-га году ў выніку прыняцьця адпаведнага закону. Вулічныя акцыі пратэстаў, якія праводзілі менскія студэнты, хутка былі спыненыя ўладамі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international