У межах Беларускага добраахвотнага таварыства будзе створаны клуб "Меморыя"

2008 2008-08-18T12:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У межах Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры будзе створаны клуб "Меморыя". Такое рашэнне прынята ўдзельнікамі летняга валанцёрскага міжнароднага лагера ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Лагер працаваў з 30 ліпеня па 17 жніўня пад эгідай таварыства.

Як паведаміў старшыня арганізацыі Антон Астаповіч, больш як 20 добраахвотнікаў рознага ўзросту з Беларусі і Польшчы працавалі ў межах міжнароднай праграмы Мemoria ("Валанцёры за ахову культурнай спадчыны Еўропы"), скіраванай на захаванне трансгранічных аб'ектаў еўрапейскай гісторыка-культурнай спадчыны. Падтрымку праграме аказалі фонд Стэфана Баторыя (Польшча) і маладзёжная арганізацыя Regijоnet з польскага горада Познань.

Паводле слоў А.Астаповіча, удзельнікі лагера прыбралі смецце з тэрыторыі старажытных яўрэйскіх могілак у Паставах на вуліцы Бальнічнай. Паднята больш за 15 надмагільных пліт, што ўраслі ў зямлю; праведзена інвентарызацыя могілак, складзены іх электронны план з фотафіксацыяй асобных пахаванняў. Гэты план будзе перададзены Музею гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі ў Мінску. Апрача таго, каля Задзвейскага возера, на захад ад Пастаў, валанцёры правялі абмеры, фотафіксацыю і нанеслі на карту больш як 25 дотаў сістэмы фартыфікацыйных збудаванняў арміі Германскай імперыі ў гады Першай сусветнай вайны.

"Мы будзем звяртацца ў Міністэрства культуры з прапановай надаць гэтаму ансамблю статус гісторыка-культурнай каштоўнасці", — сказаў Астаповіч. Паводле яго слоў, унясенне гэтых абарончых умацаванняў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь дазволіць прадухіліць іх разбурэнне, паколькі штогод у нямецкіх дотах мінёры знаходзяць і ўзрываюць каля 6 тысяч адзінак боепрыпасаў перыяду Першай сусветнай вайны.

Старшыня таварыства выказаў удзячнасць уладам Пастаўскага раёна за дапамогу ў правядзенні лагера.

Сярод бліжэйшых праектаў клуба "Меморыя" А.Астаповіч назваў ахову тэрыторыі былых Мінскіх брацкіх могілак часоў Першай сусветнай вайны, догляд Кальварыйскіх могілак, а таксама арганізацыю другога валанцёрскага лагера ў Пастаўскім раёне сумесна з ваенна-пошукавым клубам "ВІККРУ-Мінск", паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international