Партыі зверылі гадзіннікі

2008 2008-08-11T00:57:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У мінулыя выходныя прайшлі з’езды трох апазіцыйных партыяў – АГП, Партыі БНФ і Партыі камуністаў Беларускай, на якіх, апроч іншага, былі вылучаныя кандыдаты ў дэпутаты і прадстаўнікі ў Цэнтравыбаркам.

На суботнім з’ездзе Партыі БНФ на пачатку былі разгледжаныя ўнутрыпалітычныя і арганізацыйныя пытанні. З’езд бальшынёй галасоў пацвердзіў рашэнне чэрвеньскага Сойму аб выключэнні з партыі намесніка старшыні Алеся Міхалевіча, які раней выступіў у сродках масавай інфармацыі з крытыкай партыйнага кіраўніцтва і які з’яўляецца адным з лідэраў ачоленага Аляксандрам Мілінкевічам Руху “За свабоду”, за што шматкроць крытыкаваўся кіраўніцтвам Партыі БНФ.

 

“Гэты з’езд меў вельмі абмежаваную прадстаўнічасць, прадстаўнікі Віцебскай і Гомельскай абласцей не былі ўвогуле зарэгістраваныя на з’езд. На сённяшні дзень раскладку ўнутры партыі гэты з’езд, нажаль, не адлюстоўвае”, - адзначыў Алесь Міхалевіч.

 

Аднак, паводле словаў старшыні партыі Лявона Баршчэўскага, Міхалевіч мае права наноў уступіць у партыю праз першасную структуру. На гэта былы намеснік старшыні партыі заўважыў:

 

“Я заўсёды прымаю рашэнні ўзважана, і калі ў 1993 годзе я ўступаў у Партыю БНФ, я думаў над гэтым рашэннем некалькі месяцаў, і зараз мне патрэбны час, каб вырашыць. У любым выпадку, я думаю, што першасная арганізацыя мяне прыме адзінагалосна”.

 

Крах сістэмы адукацыі

 

Форум вылучыў прадстаўніком Партыі БНФ у Цэнтравыбаркам экс-дэпутата Вярхоўнага Савету Галіну Сямдзянаву, а таксама выставіў ад партыі чатырох кандыдатаў у дэпутаты парламента. З’езд не абмежаваўся толькі пытаннямі, звязанымі з выбарчай кампаніяй. Дэлегаты прынялі рэзалюцыю па рэформе сярэдняй адукацыі.

 

Як адзначыў лідэр ПБНФ Лявон Баршчэўскі, “грамадства, заняўшыся іншымі праблемамі, мала звярнула ўвагу на, я б сказаў, гэтае злачынства, таму што школьная рэформа, якая прапануецца Дэкрэтам прэзідэнта нумар 15 ад 17 ліпеня, гэта фактычна звядзенне беларускай адукацыі на ўзровень Буркіна Фасо ці Кеніі”.

 

Партыя пацвердзіла свой удзел у будучай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы. “Чарговы наш з’езд адбудзецца не ў канцы наступнага году, а ў пачатку, і на гэтым з’ездзе Партыя БНФ аб’явіць пра свайго патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцкія выбары і яго магчымага дублёра, - паведаміў Лявон Баршчэўскі. - Я афіцыйна заяўляю, што на наступным з’ездзе складу з сябе паўнамоцтвы старшыні”.

 

ПБНФ: Еўропа гандлюе дэмакратычнай Беларуссю

 

І яшчэ адну важную рэзалюцыю прыняў зьезд Партыі БНФ – “Пра міжнародную палітыку ў дачыненні да Беларусі”.

 

“Неабходнасць яе прыняцця вынікае з тых сігналаў, якія зыходзяць з некаторых агульнаеўрапейскіх структураў, з некаторых сталіцаў як нашых суседзяў, гэтак і так званай старой Еўропы пра магчымы  перагляд палітыкі ў дачыненні да Беларусі, пра нібыта неэфектыўнасць палітыкі дагэтуляшняй, - падкрэсліў першы намеснік старшыні партыі Вінцук Вячорка. – Паколькі, маўляў, ранейшая палітыка не дала вынікаў, і трэба, маўляў, не дапусціць спаўзання Лукашэнкі ў рукі Масквы, то трэба распачынаць непасрэдныя па-за дэмакратычнымі сіламі наўпроставыя перамовы з Лукашэнкам. На жаль, небяспеку незалежнасці Беларусі якраз палітыка Лукашэнкі і нясе – інстытуцыянальную, геастратэгічную, звязаную з культурнай ідэнтыфікацыяй нашага народу, эканамічную небяспеку і так далей”.

 

Як адзначыў Вінцук Вячорка, “дагэтуляшняя палітыка Еўразвязу і ЗША мусіць заставацца паслядоўнай, скаардынаванай, яна павінная быць падмацаванай інструментаром у выглядзе юрыдычнай базы, адпаведных рашэнняў, рэсурсавай базы”.  

 

З’езд Партыі БНФ таксама прыняў заяву дачынна сітуацыі ў Паўднёвай Асетыі, у якой заклікаў вывесці расійскія войскі з тэрыторыі Грузіі.

 

У нядзелю прайшлі з’езды Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў Беларускай. Ніякія арганізацыйныя пытанні на гэтых партыйных форумах не вырашаліся. АГП вылучыла ад партыі 14 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а ў Цэнтравыбаркаме з правам дарадчага голасу партыю будзе прадстаўляць Уладзімір Раманоўскі.

 

АГП можа зняць кандыдатаў

 

Як заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, партыя пакідае за сабой права зняць сваіх кандыдатаў, калі не будуць зарэгістраваныя партыйныя кандыдаты, не ўключаныя ў склад выбаркамаў прадстаўнікі АГП, калі будуць працягвацца рэпрэсіі і пераслед партыйных удзельнікаў выбарчае кампаніі і калі не будзе забяспечаны роўны для ўсіх кандыдатаў доступ да электронных СМІ.

 

Паводле словаў Лябедзькі, у спецыяльнай рэзалюцыі замацавана стаўленне партыі да змены замежнай палітыкі дачынна да Беларусі.

 

“Мы катэгарычна супраць камерцыялізацыі стратэгіі Еўразвязу ў адносінах да Беларусі. Такая спакуса ў некаторых еўрапейскіх паліткаў узнікла, і гэта можа праявіцца ў формуле, што Лукашэнка прызначае 110 дэпутатаў, і з іх можа быць некалькі чалавек з адзінага спісу АДС. Для нас гэта абсалютна непрымальна”.

 

ПКБ будзе судзіцца з прэзідэнтам

 

З’езд Партыі камуністаў Беларускай вылучыў 11 кандыдатаў у дэпутаты у тых регіёнах, дзе ёсць афіцыйна зарэгістраваныя структуры ПКБ. Адрозна ад іншых суб’ектаў АДС, з’езд ПКБ пастанавіў не здымаць сваіх кандыдатаў з выбарчай гонкі і весці парламенцкую кампанію да апошняга.

 

Пасля з’езду адбыўся пленум ЦК ПКБ, які пастанавіў падаць у суд на Аляксандра Лукашэнку, а таксама на Белтэлерадыёкампанію і дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, якія рэтранслявалі словы кіраўніка дзяржавы, сказаныя ім на пачатку ліпеня на “Лініі Сталіна” пра тое, што Партыя камуністаў Беларуская вызнае фашыстоўскую ідэалогію. Паводле словаў сакратара ЦК ПКБ Сяргея Вазняка, зыск будзе пададзены на абарону гонару і годнасці апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай.  

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international